Памяці Эльвіры Вашкевіч


Памяці Эльвіры Вашкевіч

07.05.2020                                            Слово писателю


Эльвіра Вашкевіч, якой не стала сонечным першамайскім днём, была ў росквіце творчых сіл, як квітнеючая вясна. Вясна ўбіраецца ўсілу: звініць птушыным шматгалоссем, вабіць бела-ружовай квеценню садоў. У гэтай сімфоніі жыцця не пакідае сум аб той, хто была яе яркай часцінкай, і каго ўжо з намі няма…

Эльвіра нарадзілася ў Мінску ў 1967 годзе. Выдатніца, якая іграла на фартэпіяна, выбрала Мінскі радыётэхнічны інстытут, каб стаць інжынерам-радыётэхнікам. І, відавочна, знайшла сябе ў не зусім звыклай для дзяўчыны справе: атрымала некалькі аўтарскіх пасведчанняў аб вынаходніцтвах у галіне лазерных тэхналогій мікраэлектронікі.

Але далейшы лёс распарадзіўся так, што большых вяршынь яна дасягнула ў літаратурнай творчасці. Імя Эльвіры Вашкевіч добра вядома ў беларускіх выдавецтвах як аднаго з самых запатрабаваных аўтараў. Але геграфія творчых памкненняў Эльвіры Вашкевіч значна шырэйшая. Яе артыкулы, апавяданні, кнігі выходзілі ў Расіі, Францыі, Англіі, ЗША, Ізраілі, Кітаі.

Адпраўной кропкай у выпрабаванні творчых сіл для Эльвіры аказаўся 2002 год, калі пабачыла свет яе першае апавяданне “Вампіры” ў маскоўскім часопісе. Першае выданне аўтара з’явілася праз год – “Кніга і варона”. І далей амаль кожны год – кніжныя навінкі, вельмі разнапланавыя.

Маё знаёмства з творчасцю Эльвіры Віктараўны пачалося з кнігі “Дарога да Срэбных Вадападаў”, выдадзенай у 2014 годзе ў Выдавецкім доме “Звязда”. Гэта фантастыка, жанр, якім аўтар валодае вельмі ўдала.

Потым – дзіцячыя кнігі. З 2016 года Эльвіра вельмі актыўна супрацоўнічала з выдавецтвам “Народная асвета” і парадавала сваіх юных чытачоў кнігамі “Мурка – Фея Часу”, “Прыгоды плюшавага медзведзяня”, “Жыццё і прыгоды Белай Жабкі”, “Белы, дзікі, крылаты”, “Сябры з 6 “Б”.

Маё чарговае адкрыццё Эльвіры Вашкевіч адбылося ў мінулым годзе. Калі  як член журы Нацыянальнага літаратурнага конкурсу я чытала творы намінантаў. Хоць перамогу атрымаў і іншы аўтар, зборнік апавяданняў Эльвіры Вашкевіч “Рэха”, які выйшаў у выдавецтве “Чатыры чвэрці”, быў вельмі заўважным. “Рэхам” аказаліся аб’яднаныя пад адной вокладкай 10 апавяданняў аб вайне. Эльвіра нарадзілася ў той час, калі мірнае жыццё набірала моц. Але яе чулае сэрца не магла не крануць гэта тэма. Уражвае падыход аўтара да стварэння апавяданняў. У блакадным Леніградзе галоўнай гераіняй становіцца кошка Мурка. Вельмі тонка і ў той жа час псіхалагічна глыбока аўтар выпісвае вобраз звычайнай дваровай кошкі, якая таксама адчувае трагізм вайны і ўсімі сіламі хапаецца за жыццё.

Жыццесцвярджальнасць прысутнічала ў Эльвіры ва ўсім. Хоць стан здароўяе яе абмяжоўваў – пісьменніца была вымушана пераважна быць дома. Але прасцягі яе інтарэсаў шырыліся ў розных накірунках. Помню, як доўга мы размаўлялі з Эльвірай па тэлефоне. Ёй хацелася быць карыснай Саюзу пісьменнікаў, выказвала многія прапановы. Яна і зараз хапалася за жыццё. Некалькі тыдняў у рэанімацыі… 52 гады адмераў ёй лёс.

Светлая памяць аб светлым чалавеку, выдатнай пісьменніцы застанецца назаўсёды з намі. У выдавецвах ляжаць яе рукапісы, якія абяцаюць быць выдадзенымі. Эльвара Вашкевіч не страчвае сувязь з чытачамі.

Алена СТЭЛЬМАХ