Інтэрв'ю з Зінаідай Дудзюк "Адкрыцці, якімі хочацца дзяліцца"


Інтэрв'ю з Зінаідай Дудзюк

14.05.2020                                            Слово писателю


Пісьменніца, лаўрэат Нацыянальнай літаратурнай прэміі Зінаіда Дудзюк адзначае юбілей. За свой творчы шлях – друкуецца яна з 1967 года – выдала восем зборнікаў вершаў, больш за два дзясяткі кніг мастацкай і дакументальнай прозы, у тым ліку раманы “Год 1812”, “Слодыч і атрута”, “Кола Сварога”, “Велясіты”, “Лаза”,Гонка за ваўком”, “Гонды”, а таксама некалькі зборнікаў драматычных твораў і кніг казак для дзяцей. З’яўляецца пераможцай шэрагу рэспубліканскіх і абласных літатаратурных конкурсаў.

Штогод яе творчая скарбонка папаўняецца новымі і цікавымі працамі. Незадоўга да нашай сустрэчы выйшаў восьмы зборнік вершаў “Прадвызначэнне”. З яго і пачалася наша размова.

– Зінаіда Іосіфаўна, якія творы ўвайшлі ў Ваша новае выданне?

Вершы, якія з’яўляліся адначасова з напісаннем іншых твораў на працягу апошніх пяці гадоў. У зборніку таксама змешчана драматычная паэма «Збіральнік камянёў», прысвечаная выдатнаму навукоўцу, удзельніку паўстання 1830-1831 гадоў, геолагу, мемуарысту Ігнату Дамейку.

– Гістарычныя асобы нярэдка становяццаям героі Вашых твораў. Чым прывабіў менавіта Дамейка?

– Яго памятаюць і шануюць у многіх краінах свету. Жыццё гэтага незвычайна адаронага чалавека было насычана прыгодамі, цікавымі падзеямі, нязведанымі шляхамі, куды клікаў даследчыка дапытлівы розум. Наш народ у выніку розных гістарычных варункаў стаў донарам для іншых краін, шмат выдатных асоб, нашых суайчыннікаў, праславіліся за межамі Беларусі. Для прыкладу, магу назваць Зыгмунта Мінейку, Ганаровага грамадзяніна Грэцыі, Валерыя Урублеўскага, генерала французскай камуны, пісьменніка Юльяна Нямцэвіча, мастака Напалеона Орду, кампазітара Міхала Клеафаса Агінскага і многіх іншых. Гэтыя выдатныя асобы вартыя нашай памяці. За мяжу яны вымушаныя былі выехаць, таму што на радзіме ім пагражала смерць або катарга ў Сібіры за ўдзел у вызваленчых паўстаннях. Аднак і ў чужым асяродку яны знайшлі магчымасць выкарыстаць свае таленты.

– Прываблівае і назва зборніка. «Прадвызначэнне». Што гэта слова азначае для Вас?

– Лічу, што чалавеку не даецца з нараджэннем праграма ягонага будучага жыцця. Ён мусіць распрацоўваць яе самастойна. Добра, калі бацькі ці настаўнікі дапамогуць выбраць правільную дарогу. Я спрабую праз паэтычныя тэксты, вобразы і іншыя сродкі разважаць пра прызначэнне чалавека ў свеце, пра шчасце і каханне, пра ўсё тое, з чаго можа складацца наш паспяховы ці не надта ўдалы лёс.

Напісанае Вамі мае поспех сярод чытачоў. Што пісьменнік павінен закласці ў твор, каб той атрымаўся?

– Ніколі не думаю, які поспех мне можа прынесці той ці іншы твор. Выбіраю тэму ці сюжэт, які цікавіць мяне асабіста, а пасля знаходзяцца чытачы, якіх кранаюць узнятыя праблемы. Напэўна, у літаратурнай творчасці, як і ва ўсялякай іншай справе, важна знайсці аднадумцаў. Для гэтага трэба ўважліва прыглядацца да жыцця, рабіць пэўныя высновы, нешта адкрываць для сябе і дзяліцца набыткамі з іншымі. Напрыклад, летась выдала кніжку «Гонды» пра ўрбанізацыю беларускай вёскі. Ні на што не разлічвала, а між тым, менавіта яна і зборнік аповесцяў «На парозе раю» прынеслі мне перамогу ў рэспубліканскім конкурсе. Па выказваннях чытачоў, аказалася запатрабаванай і леташняя кніжка «Брэст. Храналагічны даведнік».

– Кніга «Слодыч і атрута» стала настольнай для многіх берасцейцаў і не толькі. На Вашу думку, у чым сакрэт рамана?

– Падзеі яго адбываюцца ў Брэсце і ваколіцах. Па сутнасці гэта сямейная сага, якая ахоплівае ўсё ХХ стагоддзе. Чытачам цікава чытаць пра родныя мясціны, пра сацыяльныя і палітычныя зрухі, якія перажыло старэйшае пакаленне, на долю якога выпала шмат цяжкасцей, жахі войнаў, голад, эпідэміі і вялікія страты.

– Зборнік прозы «На парозе раю» таксама можна назваць жыццевым падручнікам для жанчын. У ім Вы паглыбіліся ў псіхалогію жанчыны. Складана было працаваць над творамі?

– Наконт адноснай складанасці ці лёгкасці напісання кніжкі мне цяжка вызначыцца па той простай прычыне, што звычайна для напісання твора я бяру нейкія гістарычныя ці жыццёвыя факты. Найчасцей здараюцца цяжкасці ў збіранні звестак. Напрыклад, для таго, каб напісаць раман «Год 1812», я на працягу сямі гадоў назапашвала неабходныя гістарычныя матэрыялы. Таксама шмат часу забраў гістарычны нарыс «Леў», выдадзены асобнай кніжкай і прысвечаны жыццю і дзейнасці выдатнага дзяржаўнага дзеяча Вялікага княства Літоўскага Льва Сапегі, давялося прачытаць многа літаратуры на старой польскай мове, перасыпанай лацінізмамі.

Кніга «На парозе раю» складаецца з чатырох аповесцеў вельмі розных як па змесце, так і па структуры, ахоплівае перыяд ад вайны да сучаснасці. У гэтай кнізе я разважаю пра чалавека, які не толькі адказвае за стварэнне і захаванне сваёй асобы – гэтая адказнасць мае суцэльны і ўсеагульны характар. Асоба сама сябе даследуе і ўключаецца ў розныя сацыяльныя ўзаемаадносіны, якія прыводзяць да пэўных вынікаў: кахання ці разлукі, шчасця ці нядолі, смерці ці існавання.

Лёс якой з гераінь Вам бліжэй за ўсё?

– Да ўсіх персанажаў маіх твораў стаўлюся з аднолькавай адказнасцю і павагай, спасцігаю характар і матывы дзеянняў для таго, каб і чытач змог іх зразумець. Як няма ідэальных людзей, так няма ў мяне такіх персанажаў, усе яны могуць у нечым памыляцца, нешта губляць, нешта знаходзіць. Нават адмоўны персанаж мае права на жыццё, каб праз яго дзейнасць яскравей падкрэсліць маральнасць і высокадухоўнасць іншых.

– Вы таксама і дзіцячы аўтар. Сучасны свет перапаўняюць тэхналогіі, Інтэрнэт і падобнае, што зніжае зацікаўленасць да чытання. Што патрэбна зрабіць пісьменніку, каб маладое пакаленне зацікавілася літаратурай?

– Пра далучэнне дзяцей да чытання з самага ранняга ўзросту найперш павінны клапаціцца бацькі, якія для нечага пусцілі на свет сваіх нашчадкаў і нейкім чынам уяўляюць іх будучыню. Калі родным глыбока абыякава, якімі вырастуць іх дзеці, дык у такім разе не дапамогуць ніякія геніяльныя кніжкі. Іх, дарэчы, створана пісьменнікамі свету і айчыннымі шмат. І ў наш час гэты працэс не спыняецца. Па маім перакананні, кніжкі для дзяцей павінны несці пазнавальную інфармацыю, ненавязліва пашыраць кругагляд, далучаць да свету мастацтва, захапляць сюжэтам і зместам.

– У Вас багатая скарбонка творчых набыткаў. Які твор з яе самы дарагі?

– Кожны адпавядае пэўнаму этапу жыцця, тая праца ўжо належыць мінуламу часу. Напісанае застаецца, але ёсць тэмы, якія пакуль яшчэ не адпускаюць мяне, – гэта гісторыя славянства, якую закранула ў рамане «Велясіты» і аповесці «Славянскія князі», а таксама міфалогія. Хоць ужо і выдадзены раман-рэканструкцыя славянскай міфалогіі «Кола Сварога» і навукова-папулярная кніжка «Вяртанне забытага міфа», дзе здаецца, я сказала ўсё, што лічыла патрэбным, але ж час ад часу ўзнікаюць новыя маленькія адкрыцці, якімі хочацца падзяліцца на старонках выданняў.

– Над чым зараз працуеце? Што ў планах?

– Зусім не з прымхлівасці не жадаю адказваць на пытанне пра тое, што пішу цяпер. Аўтар часам і сам не ведае, што ў выніку яго працы атрымаецца. А самае сумнае, што выдаваць кніжкі на дадзеным этапе вельмі цяжка, іншы раз даводзіцца чакаць іх шмат гадоў, дык няма сэнсу казаць пра тое, чаго няма, а, мо, ніколі і не будзе.

– Зінаіда Іосіфаўна, калі б была магчымасць пачаць усё з пачатку, ці прайшлі б вы свае жыццёвы і творчы шляхі так жа?

– З цяперашнім вопытам, напэўна, нешта змяніла б у сваім жыцці. Але ж у юнацтве ў мяне было іншае разуменне ўласнага прызначэння, якім я кіравалася ў выбары жыццёвага шляху. Трэба сказаць, што лёс мяне шкадаваў і патураў маім марам і памкненням, таму мне няма на што наракаць. Другая справа, што я не заўсёды разумела, дзе падарунак лёсу, а дзе пакаранне, але ж з гэтымі катэгорыямі людзі іншы раз і да смерці не могуць разабрацца.

Наталля ШЛЯЖКА, газета “Брестский вестник”