Алёна Беланожка: “Музыка гучыць у галаве адразу, калі пішу”


Алёна Беланожка: “Музыка гучыць у галаве адразу, калі пішу”

14.05.2020                                            Слово писателю


Раманы, расказы, вершы, песні, п’есы… Не стамляецеся ад такой разнастайнай творчасці? 

− Наадварот – стамілася б ад чагосьці аднаго. А так – увага “пераключаецца”.

Зірнеш на жанры Вашых твораў – і вочы разбягаюцца. Есць і больш класічныя тэксты, і фэнтэзі, і дэтэктыў, і фантастычныя апавяданні… А ёсць нейкі жанр, у якім падабаецца працаваць асабліва? Ці, можа, свой твор, які любіце больш за іншыя?

− Фантастычныя апавяданні. Рамантычная фантастыка, антыўтопія – тое, што мне бліжэй за ўсё. Яшчэ люблю варыяцыі на міфалагічныя тэмы.

− Раман “Чамадан з кракадзілавай скуры” − гэта інтрыгуе. А працяг – “Зорка Рагхігархі” – гэта… нешта з індыйскіх матываў? Што ж гэта за твор – беларускі дэтэктыў? Ці індыйскі?

− Аповесць “Зорка Ракхігархі” можна было (і зараз можна, калі знайсці нумары  10,11,12 /2017, № 1,2 /2018) прачытаць у часопісе “Маладосць”. Таму не буду спойлерыць :) Але, як вынікае з назвы, без Індыі там не абыйшлося, і я б вызначыла яе жанр як “масала”.

− А наогул, цікавіцеся Індыей? Ці маеце яшцэ якія займальныя інтарэсы?

− Цікаўлюся, гэта не сакрэт. Зараз, напрыклад, скончыла пераклад “Гітагавінды” паэта Джаядэвы на мову. Яшчэ займаюся спартыўна-бальнымі танцамі. Яшчэ малюю.

− Наколькі цяпер запатрабаваныя пісьменнікі і на чым і колькі можна зарабіць, калі займацца гэтым прафесійна?

“Колькі” – гэта прафесійная тайна. Зарабіць можна, натуральна, на ўсім, калі патрапіць у плынь і захапіць чытача. І дэтэктывамі, і фантастыкай, і яркай паэзіяй. Сцэнарыямі, ізноў жа. Праўда, унутраны беларускі рынак вузкі, таму беларускія пісьменнікі спрабуюць выходзіць на рынкі замежных краін. Але там – канкурэнцыя. У беларускамоўнай прасторы канкурэнцыя меншая. Тут мы ўсе – адна сям’я. 

− Колькі гадоў вы “набівалі руку”, перш чым вырашылі выдавацца?

−  У рэдакцыю часопіса “Маладосць” я прынесла свае вершы ў 2008 годзе. З гэтага часу і пачынаецца мая прафесійная літаратурная дзейнасць. Прафесійная – гэта значыць, за ганарары! 

Які абагульнены партрэт вашага чытача? Каго вы ўяўляеце чытачом, калі пішаце?

−  Першым чытачом я ўяўляю сур’ёзнага рэдактара або рэдактарку, таму стараюся пісаць так, каб было перад імі не сорамна))) Але, калі сур’ёзна, многае залежыць ад задач, якія я стаўлю перад сабой у творы. Таму аўдыторыя можа быць шырокай – ад падлеткавай да зусім дарослай. Адно, што магу сказаць дакладна: я вельмі “класічная” пісьменніца, творчыя і моўныя эксперыменты – не маё, галоўнае – сюжэт, расказаная гісторыя. 

− Ці ёсць рысы аўтабіяграфічнасці ў вашай творчасці і, калі ёсць, то ў якіх творах?

−  Ёсць амаль ва ўсіх, але не буду спрошчваць задачу крытыкам і біёграфам: хай яны расшыфроўваюць гэтыя рэбусы. 

Ці бывала так, што, калі Вы ствараеце верш, гучыць музыка? Калі так, то якая: класіка, поп, джаз, народныя спевы або... (ваш варыянт адказу).

−  О, так, паколькі я люблю класічныя вершаваныя формы, музыка гучыць у галаве адразу, калі пішу. Народныя і эстрадныя мелодыі )))) Але, калі пішу тэксты па замове, то тут, вядома, жанр дыктуюць кампазітар, выканаўца, прадзюсар, і свабоды застаецца вельмі мала.

Прэс-служба Магілёўскага абласнога аддзялення СПБ

 

Біяграфічная даведка: 

Прафесійны творчы шлях пісьменніцы пачаўся з публікацый у часопісе “Маладосць”, дзе і па сённяшні час публікуюцца апавяданні, аповесці, вершы і пераклады аўтара. Творы Алёны Беланожкі можна знайсці ў часопісах “Нёман”, “Алеся”, “Бярозка”, “Верасень”, газеце “Літаратура і Мастацтва”, зборніках выдавецтваў “Мастацкая літаратура”, “Кнігазбор” і інш.

У 2014 годзе ўбачыла свет аповесць Алёны Беланожкі “Чамадан з кракадзілавай скуры” – прыгодніцка-дэтэктыўны твор, адрасаваны моладзевай аўдыторыі. Аповесць атрымала станоўчыя водгукі ў прэсе і карысталася попытам чытачоў.

Алёна Беланожка з’яўляецца аўтарам тэкстаў песень для артыстаў беларускай эстрады. Песні на тэксты аўтара гучаць у тэлерадыёэфірах, на святочных, конкурсных і фестывальных пляцоўках Беларусі і замежжа.

Паспяхова працуе ў жанры рамантычнай фантастыкі і іранічнага дэтэктыву, любоўнай і грамадзянска-патрыятычнай лірыкі, бытавога апавядання, добра паказвае сябе як фельетаністка, перакладчыца, драматург.