«Кніжныя сустрэчы ў Мірскім замку» – 2020


У Міністэрстве інфармацыі Рэспублікі Беларусь прайшла рабочая сустрэча па арганізацыі і правядзенні свята кнігі «Кніжныя сустрэчы ў Мірскім замку» ў чэрвені 2020 года

18.05.2020                                                          Новости


У Міністэрстве інфармацыі Рэспублікі Беларусь прайшла рабочая сустрэча па арганізацыі і правядзенні свята кнігі «Кніжныя сустрэчы ў Мірскім замку» ў чэрвені 2020 года.

Удзел у абмеркаванні фармата, асаблівасцяў правядзенння свята сёлета (мяркуецца, што дата застаецца ранейшай – 20 чэрвеня 2020 года) прынялі міністр інфармацыі Аляксандр Карлюкевіч, дырэктар музея «Замкавы комплекс “Мір”» Аляксандр Лойка, мастацтвазнаўца, куратар мастацкіх выставак Ала Зміёва, супрацоўнікі міністэрства інфармацыі. Прынята рашэнне праводзіць другі па ліку фестываль (першы прайшоў 15 чэрвеня 2019 года) у анлайн-рэжыме. Гэта значыць, што 20 чэрвеня ў замкавым комплексе адкрыюцца шэраг мастацкіх і кніжных выставак, пройдуць імпрэзы, прэзентацыі з разлікам на інтэрнэт-аудыторыю. Будуць зняты рознага характару ролікі для прагляду на YouTube. Акцэнт у розных мерапрыемствах будзе зроблены на гістарычную, краязнаўчую праблематыку. Правядзенне свята кнігі адпавядае задачам, якія вырашаюцца ў Год малой радзімы, спрыяюць ушанаванню, мемарыялізацыі тых ці іншых тэм, звязаных з захаваннем гістарычнай спадчыны, радзімазнаўчым, краязнаўчым выхаваннем моладзі, увогуле грамадства.

Мяркуецца, што да дыялогу з беларускімі арганізатарамі кніжнага свята ў Міры падключацца пісьменнікі з Расіі, Украіны – Мікалай Чаркашын, Яўген Анташкевіч, Глеб Кудрашоў і іншыя.

Мікола БЕРЛЕЖ

Ілюстрацыя: wikimedia.org