Віктар Кунцэвіч: “Я – марудны творца”


Віктар Кунцэвіч: “Я – марудны творца”

25.05.2020                                            Слово писателю


Як толькі не казалі пра паэта і ягонае прызначэнне! Паэт – у розных версіях розных творцаў: і той, хто гамоніць з небам, і той, хто нарадзіўся для гукаў салодкіх і малітваў… У Някрасава – грамадзянін, у Пушкіна – прарок… А на вашу думку, паэт – гэта…   

– Летуценнік. Патлумачу, гэта чалавек, які жыве марамі, а паэзія дапамагае яму іх здзяйсняць.

 – Які тып лірыкі для вас больш блізкі – пейзажны, філасофскі, інтымны, грамадзянскі?

 – Пісаць вершы я пачаў школьнікам. Канешне, гэта была пейзажная лірыка. А калі паэт выказвае свае захапленне прыродай роднага краю, яго маляўнічымі краявідамі, тут ёсць і грамадзянскія ноткі. Быў перыяд, калі ў сваёй творчасці я аддаваў перавагу інтымнай лірыцы, часам даволі прачулай і адкрытай. Цяпер мяне больш прываблівае філасофская лірыка, але яна цесна звязана і пейзажнай, і з інтымнай, і з грамадзянскай. Для мяне зараз гэтыя тыпы лірыкі нераздзельныя.

– Некаторыя аўтары доўга рэдагуюць кожны радок, а ёсць паэты, якія быццам “выліваюць” вершы на паперу, адзіным рыўком. Да якога тыпу можаце сябе аднесці?

– Верш магу напісаць хутка, але вяртаюся да яго зноў і зноў, мяняючы радкі, словы, сэнс думак. Гэта своеасаблівы творчы пошук, як шліфоўка алмаза.  Напрыклад, у красавіку выйшла мая другая падборка вершаў у газеце пісьменнікаў Расіі “День литературы”. Дык вось, пісаў і рыхтаваў яе амаль паўгода. Ведаю паэтаў, якія за гэткі тэрмін пішуць і выдаюць кніжкі. Я – марудны творца.

– А ёсць тое, што дапамагае ствараць? Любімая мясціна, надвор’е, месяц, калі вершы абуджаюцца ў сэрцы і просяцца вонкі?

– Штушок можа зрабіць фраза з кінафільма, прачытаны цудоўны верш, душэўнае ўзрушэнне пачуццямі… Самы спрыяльны творчы перыяд для мяне – гэта восень, а з’ява прыроды – дождж.

– У сучасным свеце пісьменнік часта робіцца яшчэ і медыйнай асобай. Ён вымушаны нешта рабіць для піяру твораў – напрыклад, весці блог, праводзіць сустрэчы з чытачамі, удзельнічаць у фестывалях… На вашу думку, наколькі гэта патрэбна для аўтара?

– Самарэклама мяне не прываблівае. Лічу, што гэта павінны рабіць газеты, часопісы, выдавецтвы і бібліятэкі. Даўно заўважыў, што сапраўды таленавітыя творцы не надта схільныя да піяру, а вось асобныя графаманы, аб’яднаўшы свае прабіўныя здольнасці і піяр, дабіваюцца пэўнай вядомасці. Ці пойдзе чалавек на сустрэчу з пісьменнікам, творы якога ён не чытаў, а калі чытаў, то не быў уражаны імі? Думаю, што не. Сёння пісьменнікі Магілёўшчыны ў пераважнай большасці сустракаюцца са школьнікамі і студэнтамі ВНУ, якія і канкрэтнага пісьменніка бачаць упершыню, і кніжак яго ўвогуле не чыталі. А калі б у мае школьныя гады, да нас у школу прыйшоў Міхась Лынькоў ці Янка Маўр! Гэта б была падзея, якая ўразіла б на ўсё жыццё, прынамсі, мяне асабіста. Таму лічу, што настаўнікі і выкладчыкі павінны азнаёміць навучэнцаў і студэнтаў з творчасцю таго ці іншага літаратара і спытацца, ці ёсць у іх да яго пытанні. Калі пытанняў няма, то ці трэба тады ладзіць сустрэчу?

– Ці часта даводзіцца чытаць сапраўды цудоўныя, таленавітыя вершы сучасных аўтараў? Ці было так, што вы прачыталі вершы маладога паэта і падумалі: “Так, з гэтага чалавека з часам выйдзе выдатны мастак!”

– Вершы сучасных аўтараў чытаю рэгулярна і хочацца адзначыць, што беларускамоўнаяя паэзія – адна з лепшых у свеце, але вось што дзіўна: яна амаль незапатрабаваная на радзіме. З гэтай нагоды мне давялося стаць двухмоўным паэтам – выдаю кнігі на беларускай і рускай мовах.  Што тычыцца другога пытання, то прыгадаць магу толькі адзін выпадак: даўно прачытаў верш Алены Беланожка, прысвечаны Максіму Багдановічу, і зразумеў, што яна сапраўдны талент.

– Вы працуеце і ў жанры апавядання таксама. Якія тэмы ўздымаеце? Няма жадання зрабіцца празаікам?

– Думаю, што раз я пішу апавяданні і аповесці і іх друкуюць літаратурныя газеты і часопісы, то гэта азначае, што я насамрэч і празаік. Асноўная тэма маіх празаічных твораў гэта паказ сучаснага чалавека ў новых складаных рэаліях цяперашняга часу.

– Кажуць, што ў наш час чытач не зацікаўлены ў паэзіі: яна “не прадаецца” і не мае папулярнасці. Як вы мяркуеце – ці ёсць у паэзіі будучыня?

– Сапраўды, паэтычныя кнігі ў крамах амаль не прадаюцца, з гэтай нагоды друкаваць паэзію адмаўляюцца выдавецтвы. Праўда, крыху лепш сітуацыя з паэзіяй для дзяцей. І пры гэтым колькі ж людзей піша вершы! Зазірніце хаця б на сайт “Стихи РУ”. Ствараецца ўражанне, што тых, хто піша вершы, значна больш за тых, хто іх чытае. Мажліва, маё ўражанне памылковае. У глабальным жа сэнсе паэзія можа быць больш ці менш папулярнай, але яна будзе натхняць пэўнае кола людзей заўсёды, пакуль будзе існаваць чалавечая цывілізацыя.

– Амаль што ў кожнага паэта ёсць радкі, якія ён можа паставіць на герб замест дэвізу. У вас такія ёсць?

– Паэтычных радкоў, якія б гучалі як дэвіз, у мяне няма, а вось жыццёвы дэвіз ёсць. Гучыць ён так: жыць годна і сумленна. Аднак жа абставіны, пачуцці, менталітэт не даюць магчымасці цвёрда трымацца гэтага дэвізу. Удаецца, на жаль, толькі прытрымлівацца яго.

Магілёўскае абласное аддзяленне СПБ 


Біяграфіяная даведка 

Віктар Іванавіч Кунцэвіч нарадзіўся 21 сакавіка 1957 года ў вёсцы Чырвоны Бор Бялыніцкага раёна. Скончыў Ількавіцкую сярэднюю школу. Працаваў шафёрам Магілёўскага таксаматорнага парка. Скончыў завочнае аддзяленне факультэта журналістыкі БДУ. Аўтар кніг: Зваротныя масты (1996), Горкая спакуса (1999), Одинокий дождь (2005), Гул у звоне (2010) і Крылья ливня (2015). Лаўрэат літаратурнай прэміі імя Аляксея Пысіна Магілёўскага абласнога аддзялення Саюза пісьменнікаў Беларусі. Член Саюза пісьменнікаў Беларусі.