26.05.2020 Литературная критика
Мёд паэзіі, фантастычнасць прозы
Калі вам надакучылі традыцыйныя сюжэты і звыклыя апісанні, то міфалагічная аповесць Наталлі Саўрыцкай «Крэўны вузел» на старонках красавіцкага «Полымя» — тое, што ўздымае над успрыманнем рэчаіснасці. Але пры гэтым аповесць з’яўляецца мастацкім увасабленнем самага складанага ў жыцці і ва ўзаемаадносінах. Твор пра тое, што хвалюе ўсіх.
Галоўная гераіня аповеду Наталлі Саўрыцкай — кікімара, якая жыве на занядбанай сядзібе і здольная, здавалася б, толькі назіраць праз акно за суседскім дзецюком ды пакутаваць ад таго, што яе каханне да яго ніколі не зможа быць рэалізаваным. Спачатку спроба аўтаркі патрапіць у «тонкі» свет успрымаецца як гульня, чаму спрыяе лёгкі стыль і адпаведная лексіка, а таксама пэўныя акалічнасці, напрыклад, сяброўства кікімары са старым крумкачом: «— Дурніца? Дурніца?! — раз’юшылася маленькая нечысць. — Дзякуй табе, Лапідус! Бо дурніца — гэта яшчэ дужа ласкава! На самай справе твая драбната — самая бязглуздая кікімара з усіх бязглуздых кікімар у свеце!» Але потым перад чытачом нечакана адкрываюцца глыбокія агульначалавечыя пытанні, адказы на якія нельга знайсці адразу, а толькі паспытаўшы сапраўдны боль: як дараваць тое, за што ў прынцыпе няма даравання, ці можна кахаць, калі ведаеш, што ўзаемнасці не будзе, і ці можна пачувацца шчаслівым, калі аб’ект твайго захаплення не побач, а дзесьці далёка?
«— Як думаеш... Навошта яна тое зрабіла?
— Думаю, што ад болю ды нянавісці.
— Да мяне?
— Да сябе... — паціснуў крыламі крумкач. — Бо няма ў гэтым свеце больш цяжкай нянавісці, чым да сябе самога», — сур’ёзнасць тэмы, над якой разважаюць кікімара і крумкач (забойства парадзіхай немаўляці), як знарок пададзена аўтарам праз знешнюю фантастычнасць. І ад гэтага твор толькі Мёд паэзіі, фантастычнасць прозы выйграе, бо маштабнасць маральнай праблематыкі гучыць без маралізатарства і дыдактыкі, не ў лоб.
Варта звярнуць увагу і на завяршальную частку рамана Віктара Шніпа «Заўтра была адліга — 7» (дзённікавы раман паэта). Адметна, што з аднолькавай доляй сур’ёзнасці аўтар распавядае пра тое, як яны разам з сабакам прыдумалі віншавальны верш для жонкі: «Гаў! Гаўгаў! Гаў-гаў-гаў! Гаў!», кур’ёзныя гісторыі, напрыклад, як сусед напаіў следчых мыльнай вадой, і пра пісьменнікаў, якіх ужо няма з намі. Асаблівасць гэтая — прыкмета аўтарскага стылю В. Шніпа.
Паэзія, прадстаўленая пад вокладкай часопіса, вельмі разнастайная і разнапланавая. Лірычныя ўзоры Леаніда Дранько-Майсюка пад агульнай назвай «Навальнічны мёд» уражваюць нечаканымі сэнсамі, якія аўтар адкрывае ў звыклай рэчаіснасці праз філігранную працу над словам: «Дзяцінства звонкі медны знак. / Дух палявання грэе ступку / І прыдумка лясная, як / Арол — распуснік і лайдак — Сініцу песціў і галубку». Не баіцца эксперыментаваць ні са словам, ні з сэнсамі Алесь Емяльянаў-Шыловіч у падборцы «Калькуляцыя». Вельмі сімпатычна, што аўтар не бяжыць усляпую за слоўным ланцужком, а здольны саступіць убок ды аддаць шанс перамогі чытачу: «...палі / пустазелле / пасля ўраджай збяры / вогнішча ўвосень палі / убівай палі / будуй масты / а пасля — / ну ты зразумеў?..» Лірычны герой Міхася Башлакова ў нізцы вершаў «Мець сваю пазіцыю» не збіраецца пускацца ні ў якія эксперыментальныя авантуры. Падводзячы вынікі, ён ганарыцца тым, што «Адстойваў у паэзіі традыцыі, / Сумленна справу ўласную рабіў...».
У рубрыцы «Галасы свету» прадстаўлены сучасны балгарскі паэт Дэнё Дэнеў, пераствораны на родную мову Бажэнай Ганушкінай (падборка «Дробязі»).
Яна Будовіч
Філасофскія развагі і мужчынскі погляд на каханне
Значнае месца ў красавіцкім «Нёмане» займаюць творы ўдзельнікаў прэміі «Антонаўка 40+». У самым пачатку нумара адказны сакратар «Антонаўкі» Ірына Карэніна тлумачыць, што прэмія створана для таго, каб ушанаваць памяць пісьменніка і выкладчыка Літінстытута імя Максіма Горкага Аляксея Канстанцінавіча Антонава і падтрымаць творчасць сталых аўтараў, якія пасля 35—40 гадоў аказваюцца на мяжы паміж статусамі «маладых і перспектыўных» і «жывых класікаў».
«Прэміяльная» частка займае прыкладна палову мастацкіх твораў у нумары і дае выдатную магчымасць для параўнання. Усіх паэтаў-удзельнікаў прэміі адрознівае яскравая, пакручастая вобразнасць, тэндэнцыя да сутыкнення рэчаіснасці з нерэальным — высокадухоўным, фантастычным або абсурдным. Творы Яфіма Бершына адзначаны біблейскімі вобразамі і крыху манатонным рытмічным малюнкам, вершы Яна Бруштэйна пакідаюць адчуванне незавершанасці, творы Алены Рычковай-Закаблукоўскай вылучаюцца з усёй падборкі не толькі разнастайнасцю форм, але і самабытнымі метафарамі і нейкай рэзкасцю, дынамікай. Асноўная частка падборкі Алены Лапшыной складаецца з дзіцячага цыкла, дзе яшчэ больш яскрава праяўляецца схільнасць аўтаркі да спалучэння фальклорнай эстэтыкі з біблейскімі вобразамі. Творы Міхаіла Базілеўскага адметныя выкарыстаннем своеасаблівай, у нечым архаічнай лексікі, якая задае настрой. Прэмія прадстаўляе тры празаічныя творы, якія складаюць гарманічны комплекс уражанняў: кранальная і вострая замалёўка Уладзіміра Лідскага адкрывае кавалачак жыцця Беларусі ў часы вайны; у павольнае і апісальнае апавяданне Ірына Саляная ўдала ўключае філасофскія пошукі; падарожныя гісторыі Наталлі Дзе абсалютна рэалістычныя і завяршаюць прэміяльную падборку лёгка і іранічна.
Паэтычная частка красавіцкага нумара прадстаўлена творамі Леаніда ДранькоМайсюка ў перакладзе Ізяслава Катлярова, вершамі Мікалая Намеснікава, Аляксандра Філасофскія развагі і мужчынскі погляд на каханне Капіча, Міхаіла Чудакова і Алены Кісель. Найбольш заўважнае адрозненне твораў беларускіх паэтаў, прадстаўленых у красавіцкім нумары «Нёмана», ад твораў расійскіх калег — іх наратыўнасць, сюжэтнасць, больш асцярожнае абыходжанне з рэчаіснасцю. Беларускія паэты значна менш імкнуцца пераканструяваць, перакадзіраваць рэчаіснасць, хутчэй проста агортваюць яе метафарамі.
Празаічныя творы ў «Нёмане» гэтым разам звяртаюць на сябе ўвагу больш. Апавяданне Максіма Іванова пад назвай «Старажытная французская песенька» складаецца з трох частак і, паводле падзагалоўка, раскрывае «тры гісторыі пра каханне». Твор перадае юнацкі, калі не сказаць пубертатны, мужчынскі погляд на жанчын і стасункі. Да мастацкіх якасцяў твора пытанняў асабліва не ўзнікае, эратычныя сцэны апісаны наўпрост, але без залішніх акцэнтаў. Пасля прачытання становіцца зразумела, што расказаныя ў творы гісторыі хутчэй пра закаханасць і эратычныя прыгоды, чым пра каханне, бо жанчыны ў вачах героя занадта часта дробяцца на ногі, рукі, вусны, валасы і іншыя часткі і занадта мала размаўляюць. Гэта ўсё можа быць вельмі рэалістычна з пункту гледжання мужчын, але выклікае моцны фемінісцкі сум.
А вось апавяданні Марыны Лайковай, якія складаюцца ў своеасаблівы цыкл, наадварот, пакідаюць адчуванне лёгкасці. Аўтарка стварае нетрывіяльны сюжэт і нетрывіяльных герояў, паспявае не толькі раскрыць іх характары і расказаць гісторыю, але і па-майстэрску ўплятае ў тэкст філасофскае разважанне. Ствараецца ўражанне, што пытанне для пісьменніцы першаснае, а сюжэт і героі створаны як пошук адказу, і аўтарка захоўвае ідэальны баланс, не скотваючыся ні ў бытаапісанне, ні ў нудоту.
Тэндэнцыі ў літаратурнай частцы красавіцкага «Нёмана» — філасофскія развагі і метафарычная оптыка, якая пераломвае або мякка агортвае звыклую нам рэчаіснасць.
Дар’я Смірнова
Гукі звонку
Красавік у паэтычнай частцы «Маладосці» — як красавік за акном: клімат (ва ўсіх мажлівых прыродна-сацыяльных канатацыях) не надта схіляе да таго, каб высоўваць нос на вуліцу. У паветры вісіць штосьці незразумелае, а сутыкацца з гэтым паветрам усё роўна так ці інакш даводзіцца. Таму, заплюшчыўшы вочы, ідзём на стыкоўку.
Арцём Лонскі ў сваіх творах трымаецца даволі тыповай верлібрычнай лініі. Пабудова вобразаў у першым творы адбываецца за кошт даволі павярхоўных сэнсавых сувязей («перхаць — аскепкі зор», «вошкі роспачы, шчасця», «валасы — карэнні мозгу» і г. д.). Магістральны вобраз тэксту (непасрэдна «валасы») робіцца зыходным пунктам для аўтарскай рэфлексіі рамантычнага характару, але за тры тыпаграфскія верлібрічныя страфы верш паспявае толькі высыпаць перад чытачом жменьку сваіх параўнанняў, але не скласціся ў штосьці завершанае. Другі верш быццам крыху больш цікавы: яго сюжэт можна праінтэрпрэтаваць як працэс прыняцця сваёй прыналежнасці да сексуальнай ці гендарнай меншасці (ўлічыўшы падрабязнасць выпісанасці змен, хутчэй, гендарнай). Пры гэтым метамарфозы ілюструюцца з паэтапнай сухой лінейнасцю, што магло б спрацаваць як прыём пры гіпербалізацыі лінейнасці, але аўтар проста падае змены як звычайны біялагічна-пярэвараценьскі факт, не надаючы іх мастацкаму ўвасабленню неабходнай глыбіні. Апошні верш звяртае на сябе ўвагу прозвішчам Хадановіч у першым жа радку (калі гэта хітры байт на вядомае імя, то ён дакладна працуе) і, пачынаючы з гэтага моманту, пазіцыянуе сабе як самы дакументальны тэкст з падборкі. Ад вобраза таракана ў галаве штосьці па-кафкаўску шчоўкае, узнікае нагода для чакання злому дакументальнасці праз нагнятанне экзістэнцыяльна-абсурдных элементаў, але напрыканцы ўсё вяртаецца да цалкам рэальнага пласту з лёгкім прысмакам неадназначнасці. Паўтор у апошніх словах («Ёй здалося, што гэта міла; мне здалося, што гэта міла») — адзіны на тэкст момант з пункту гледжання мовы, які хістае чытацкае ўспрыманне паміж рэальным і абсурдным. Калі б такіх момантаў было больш, верш толькі б выйграў.
На «Старонцы аднаго верша» — «Інсайт, перажыты і прачуты пад Вялікдзень» Зміцера Крэса, які па сваёй форме ўяўляе досыць рэдкі для беларускай літперыёдыкі верш у прозе. Ён умоўна падзелены на дзве часткі: у першай даецца звычайная пейзажная замалёўка, у другой прырода прымае аблічча аўтара, і далей усё развіваецца па законах вобразнага ўзаемадапаўнення. У агульнай карціне тонка, амаль нябачна адгукаецца сучасная сусветная каранціннасць, а настрой верша прасякнуты гібельнасцю і самотнасцю.
Маргарыта Латышкевіч паўстае ў паэтычным блоку адзінай карыстальніцай класічнай метрычнай сістэмы, але гэта ні ў якім разе не робіць яе творы больш механічнымі, чым у папярэдніх «неметрычных» аўтараў. У творах паэткі вельмі шмат прасторавай тканіны, якая, праходзячы праз прызму бязмежнай эмпатыі і ўсечуцця, вяртаецца да нязменнай дынамікі: ад падарожжа Адысея, да ўсходу чалавечых парасткаў і руху прыроды паміж восенню і вясной — усё гэта пераплятаецца ў адзінае палатно ўзрушанасці, якое хаця і па даволі простых канонах, але ўсё ж даносіць да чытача эмацыянальны мэсэдж.
Акрамя гэтага, шчыры інтарэс выклікаюць пераклады са старажытнаісландскай. Праз урывак са «Старэйшай Эды» пад назвай «Прароцтва вёльвы» («Völuspá») аматары нардычнай міфалогіі змогуць паглыбіцца ў карані ётунаў, асаў, ванаў. Падыдзе чытво хутчэй для тых, хто хоча непасрэдна азнаёміцца са зместам, чым для зацікаўленых у «Эдзе» як у літаратурным артэфакце, бо ў прадмове да перакладу гаворыцца, што той зроблены па-за алітэрацыйнай германскай паэтыкай і без лішняй лексічнай даўніны.
Данііл Лысенка
Крыніца: Літаратура і мастацтва
Больше новостей читайте в нашем телеграм-канале Союз писателей Беларуси