“Жывая класіка” ў новым фармаце


Падведзены вынікі Брэсцкага абласнога этапу рэспубліканскага творчага конкурсу юных чытальнікаў “Жывая класіка”

03.06.2020                                                          Новости


Падведзены вынікі Брэсцкага абласнога этапу рэспубліканскага творчага конкурсу юных чытальнікаў “Жывая класіка”. Ён прайшоў завочна – па дасланых удзельнікамі відэа – на базе абласнога цэнтра маладзёжнай творчасці. У склад журы ўвайшла старшыня Брэсцкага абласнога аддзялення Саюза пісьменнікаў Беларусі Таццяна Дземідовіч.

Юныя артысты з розных куточкаў Берасцейшчыны ўражвалі майстэрскім выкананнем мастацкіх твораў, кожны імкнуўся не толькі ярка прачытаць, але і перадаць атмасферу беларускай самабытнасці. Прыемна, што ў многіх навучальных установах ёсць сёння музейный куткі, прысвечаныя беларускай культуры і гісторыі, якія сталі цудоўнымі дэкарацыямі для чытальнікаў, натхнілі іх на эмацыйна-шчырыя выступленні.

Традыцыйна школьнікі чыталі творы Я. Купалы і Я. Коласа, Н. Гілевіча, А. Куляшова, П. Панчанкі. Гучалі вершы і сучасных паэтаў – М. Пазнякова, А. Бадака, Г. Тамашэвіча.

Пераможцамі абласнога этапа сталі:

сярод вучняў 1-4 класаў – Лізавета Цупрык (“Мушыны скарб” Сяргея Брандта), народны тэатр-студыя “Раёк” Брэсцкага абласнога цэнтра маладзёжнай творчасці.

сярод вучняў 5-6 класаў – Арсеній Сцепанчук (“Шыпшына і ружа” Уладзіміра Караткевіча), СШ №27 Брэста.

сярод вучняў 7-8 класаў – Маргарыта Чопка (“А мову ледзь не затапталі” Пімена Панчанкі), СШ №7 Брэста.

сярод вучняў 9-10 класаў – Максім Васільеў (“Альпійская балада” Васіля Быкава), палац дзіцячай творчасці ў Баранавічах.

Віншуем пераможцаў! Жадаем юным артыстам творчых поспехаў!

Прэс-служба Брэсцкага абласнога аддзялення СПБ