І ЗАБЫТА – НЕ ЗАБЫТА…


У інфармацыйна-асветніцкім цэнтры храма іконы Божай Маці “Спатоленне пагіблых” прайшло мерапрыемства, прысвечанае кнізе “Памяць. Лунінецкі раён”

06.06.2020                                                          Новости


У інфармацыйна-асветніцкі цэнтр храма іконы Божай Маці “Спатоленне пагіблых” запрасілі на кароткую па часе, але кранальную сустрэчу.

25 год таму ў маі была выдадзена гісторыка-дакументальная хроніка “Памяць. Лунінецкі раён” (Мінск, Беларусь, 1995). Планавалася адзначыць памятную дату дзень у дзень, з удзелам многіх аўтараў і герояў, але перашкодзіла пандэмічная сітуацыя. І ўсё ж урачыстасць адбылася. Спалучылі яе з узнагароджаннем прызёраў раённага этапу IV епархіяльнай вучнёўскай канферэнцыі “Вялікая Перамога: спадчына і нашчадкі”. Настаяцель протаіерэй Сергій Крышталь уручыў падзякі і сувеніры, а складальнік мясцовай хронікі Таццяна Канапацкая пазнаёміла з выставай выданняў “Памяці…” розных раёнаў, што захоўваюцца ў цэнтры.

Сапраўднай “гераіняй” сустрэчы была кніга “Памяць Лунінецкі раён”. Свяшчэннік падзяліўся сваімі ўражаннямі ад выдання і павіншаваў Таццяну Васільеўну. Айцец Сергій расказаў аб запатрабаванасці кнігі ў навучэнцаў Жыровіцкай духоўнай семінарыі, якія звесткі па гісторыі храмаў выкарыстоўвалі для дыпломных работ.

Выпускніца Лунінецкага ліцэя, што нядаўна пераўтвораны ў гімназію, я асабліва рада была вітаць яе прадстаўнікоў, якія былі адзначаны духоўнымі ўзнагародамі. Былі цікавыя водгукі іх і астатніх прысутных.

Бібліятэкар гімназіі Ірына Пятроўна Романчук:

–У нашым кніжным сховішчы маецца больш за 10 экзэмпляраў выдання. Выгляд у іх – далёка не новы, як на выставе ў цэнтры. Гэта сведчыць аб тым, што “Памяць…” карыстаецца попытам у юных даследчыкаў. Таццяна Васільеўна, вы ведаеце, як усе чакаюць сустрэчы з аўтарам?! Не атрымалася ў гэтым навучальным годзе – спадзяемся на наступны. Ведаю, што ў вас шмат запрашэнняў – наша, калі ласка, запішыце першым!

Вучаніца 11-га класа гімназіі Аня Барысевіч:

–Без хронікі “Памяць…” немагчыма напісаць працу па тэме Вялікай Айчыннай вайны ў нашым раёне. Дзякуючы кнізе, брала ўдзел у некалькіх гісторыка-краязнаўчых канферэнцыях.

Старшыня прафкама лакаматыўнага дэпо Аляксандр Іванавіч Матор:     

–Кніга “Памяць…” утрымлівае не толькі ваенную тэму, хаця, безумоўна, гэта самыя кранаючыя старонкі выдання. Але там шмат матэрыялаў, прысвечаных чыгунцы. Цяпер ствараем музей прадпрыемства. Частка нашай гісторыі – з 1884-га і да 1944 года – грунтуецца пераважна на публікацыях хронікі.

Інструктар-метадыст гарадской арганізацыйнай структуры ДТСААФ Алена Сяргееўна Пятрэнка:

–У выданні ёсць раздзел “Памяць – не толькі кніга”. Ужо ў час стварэння хронікі Таццяна Васільеўна задумвала свае літаратурна-краязнаўчыя праграмы, якія вытрымалі выпрабаванне часам. Шчыра ўдзячны ёй за супрацоўніцтва.

Складальніку “Памяці…” была ўручана Грамата ГАС ДТСААФ.

Ураджэнка Лунінца, пасля заканчэння Гродзенскага дзяржаўнага медыцынскага ўніверсітэта працую ў Пінску. І ў “сталіцы Палесся” захапляю калег цікавымі момантамі лунінецкай гісторыі, дзякуючы знаёмству з краязнаўцам і пісьменнікам. Усе жадалі Таццяне Васільеўне новых выданняў і цікавых сустрэч з чытачамі. Зрэшты, хваробы праходзяць, а кніга – катэгорыя вечная!

Таццяна МАТОР, урач, г. Пінск.

Фота Таццяны ВАСІЛЬЕВАЙ і аўтара