Сучасны тэатр у пошуку гісторый


Ужо пяты раз конкурс-фестываль сучаснай беларускай драматургіі WriteBox распачаў прыём заявак

08.06.2020                                                          Новости


Кожнаму, незалежна ад досведу, ёсць, што распавесці іншым. У сучасным свеце гэта можна зрабіць вельмі проста — праз сацыяльныя сеткі. Інфармацыйная прастора паказвае, што асабістыя гісторыі цікавыя іншым, але зрабіць свой аповед зразумелым для гледача на ўсіх узроўнях — сапраўднае мастацтва.

Ужо пяты раз конкурс-фестываль сучаснай беларускай драматургіі WriteBox распачаў прыём заявак. З 1 мая па 31 жніўня беларускія і замежныя аўтары могуць накіраваць работы на конкурс па намінацыях «Новая п’еса» і «П’еса для дзяцей».

Слоган конкурсу-фестывалю ў 2020 годзе — «Тут распавядаюць гісторыі». Гэтыя словы адлюстроўваюць лад жыцця і вобраз мыслення, звыклы для людзей інфармацыйнага веку. Да ўдзелу ў конкурсе запрашаюцца і ўжо дасведчаныя аўтары, і тыя, хто толькі пачынае свой творчы шлях. Арганізатары імкнуцца стварыць прастору для адкрытай камунікацыі і пляцоўку, дзе можна будзе пачуць галасы сучаснасці.

На першым этапе конкурсу прафесійнае журы, у якое ўвайшлі беларускія тэатразнаўцы, тэатральныя крытыкі, рэжысёры, акцёры і драматургі, прааналізуе ўсе дасланыя работы і складзе шорт-ліст з найлепшых. На другім этапе будуць арганізаваны чыткі і абмеркаванні п’ес фіналістаў і адукацыйная праграма для драматургаў.

Задача праекта — хутка рэагаваць на новыя тэксты беларускіх аўтараў, падтрымліваць іх прасоўванне, даследаваць тэндэнцыі і асаблівасці беларускай драматургіі і ствараць пляцоўку для прафесійнага развіцця сучасных беларускіх аўтараў.

Тэатразнаўца Вікторыя Белякова, кіраўнік WriteBox, акрэслівае канцэпцыю сёлетняга конкурсу-фестывалю так: «Як растлумачыць, што такое п’еса? Гэта гісторыя, смешная, драматычная, іранічная ці абсурдная, няскладная або ўрывачная. Няважна, якая, таму што мы розныя, па-рознаму бачым свет і рэагуем на яго.

WriteBox-2020 — запрашэнне да даследавання свету вакол вельмі канкрэтных нас, сённяшніх, у іншым тысячагоддзі, у новай рэальнасці. І нас, якія распавядаюць сваю гісторыю».

Конкурс WriteBox праводзіцца з 2016 года і пастаянна ўключаны ў беларускі тэатральны працэс. Больш падрабязна з умовамі конкурсу і палажэннем можна азнаёміцца ў  сацыяльных сетках праекта. П’есы на конкурс прымаюцца ў  электронным выглядзе да 31 жніўня 2020 года на скрыню writebox.fest@yandex.ru.

Дар’я СМІРНОВА, "Літаратура і мастацтва"