Лімб #7: Да_мовы


Лімб #7: Да_мовы

09.06.2020                                  Литературная критика


А на крытычным фронце, як заўсёды, без змен: беларускія паэты або рыфмуюць на дзеясловы, або пішуць прыстойныя верлібры; пасля адны хваляць за разварушванне багны, пакуль іншыя ледзь не шлюць праклёны. Па-ранейшаму не робячы ніякіх літпалітычных зрухаў, выключна дзеля таго, каб са словам «стабільнасць» (асабліва ў літаратуры) асацыіравалася як мага больш пазітыўных і дынамічных з’яў, прапануем чытачу сёмы эпізод ЛІМБа. Гэта значыць, самы час патраціць свой месячны паёк бескампраміснасці, а можа, і перарабінгудзіць медалі рэпутацыі сучасных айчынных паэтаў.

Вось якімі фарбамі малюе свае вершаваныя эцюды Іван КАРЭНДА. Ужо ў першым вершы — і «вечар на ложку ночы», і «сады-агароды», і «месяц-ліхтар», а ў канцы — заканамерна зноў «блішчыць сонца». Чытачу нічога асаблівага гэтае паэтапнае апісанне руху ад вечара да раніцы не дае. Прысвячэнне Андрэю Федарэнку адкладаецца ў памяці аднакаранёвай (амаль таўталагічнай) рыфмай «утульна — прытульным». Траціну верша «Падземная Муза» займае рэфрэн, вакол якога такія вербальныя цагліны, як «душэўныя гояцца раны», «спявае творчы настрой» і «абрыдзеў белы свет». Асобная страфа мае назву «Крытыку» і ў сваім звароце падвяргае сумневу легітымнасць крытыкі дзеяслоўных рыфм. У адказ хочацца дадаць: менавіта з-за «роўных слоў», якія «жывуць у міры і згодзе» (а на мову ўнутранай драматургіі верша гэта можна перакласці як «адсутнасць напружанасці»), паэтычныя тэксты многіх беларускіх сучаснікаў выглядаюць як хлеб, які спечаны з пылу стаптаных метафар і вобразаў.

Алёна ПАПКО, як бачна, піша лёгка, натуральна, свежым і адначасова не прыцягнутым за валасы стылем. Гэта першае ўражанне. Калі ж прыгледзецца ды ўнікнуць — у вершах не знойдзеш свежай метафары, выкарыстоўваюцца заезджаныя: «квяцісты май» і «квяцістае зорнае лета», «вецер новых надзей», «з галавою ў працу, як быццам у вір» і г. д. Пейзажная лірыка вылучаецца непадзельнасцю з фігурай аўтара, што, з аднаго боку, надае тэкстам больш праўдзівасці, з іншага ж — кладзе на паэтку як бы падвойную адказнасць за штампы (за напісанасць і  за перажытасць). Як прыклад больш «зямнога» верша Алёны — тэкст пад назвай «Бацькам». На жаль, і  тут сустракаюцца месцы кшталту «надвор’я кур’ёз» (ці пасуюць словы адно аднаму?) і традыцыйнае — «Мама, за працу нястомна-руплівую // Дай пацалую твае мазалі!». Прыкладна тое ж можна сказаць наконт агульнага канструявання вобразных масіваў.

Верш «Вербніца» Яўген ХВАЛЕЙ пачынае з фармальнай дакументальнай замалёўкі, але ўжо праз дзве страфы пераходзіць да натуральнай замовы, якую некалі пачуў ад маці, — і менавіта на гэтым успаміне, а не на асабістых аўтарскіх мастацкіх знаходках, трымаецца ўвесь тэкст. У наступных трох вершах адчуваецца, што аўтар чэрпае натхненне не з самых павярхоўных паэтычных крыніц, але сам спосаб мыслення і пабудовы вобразных сувязей выдае ў аўтары прыналежнасць да праінфармацыйнай эпохі. У тэксце «Дзве незабудкі» паэт хаця і асэнсоўвае сваё цяперашняе існаванне ў «веку касмічным, камп’ютарным, хуткім», маўленчыя сродкі ніяк не адлюстроўваюць гэты час — толькі расплывіста і суха канстатуюць.

У вузкай прасторы трох тэкстаў Валярына КУСТАВА паспявае зарэкамендаваць сябе як аўтарка разнастайная. Першы твор — прысвячэнне Анатолю Сысу ў досыць традыцыйным метрычным выкананні, і хаця сэнсава яно не раскрывае адрасата з нечаканых бакоў, верш вылучаецца са звычайных слупкоў графічнай неаднароднасцю строф: знаходзіцца месца і для звыклай страфы, і для ўсечана-выцягнутай, з  рэфрэнамі, і для кароткай паўстрафы-дыялогу. Другі верш, верлібр з  назвай «Дамкі ўздоўж лініі берага», таксама цікавіць у першую чаргу сваёй тэхнічнай «падкладкай»: відавочная праца са словам прасочваецца і ў лексіка-сінтаксічным паралелізме ключавых момантаў твора («дамкі ўздоўж лініі» — «думкі паўз лінію»), і ў гнуткіх рэфрэнах, якія непрадказальна чаргуюцца паміж сабой, і ў дробных рытарычных прыёмах, якія добра працуюць на стварэнне тыпова-верлібрычных разгорнутых спіскаў-апісанняў. Апошні верш працягвае гульню з чытацкім успрыманнем. Пачынаецца ён ці не ў духу дзіцячай лічылкі, але пасля некалькіх усыпляльных радкоў б’е нечаканым «на раз, два, тры  — // твае пальцы ў мяне ўнутры». І хаця з радка ніжэй даведваемся, што пальцы ўсяго толькі метафарычна «намацваюць новы рым», але эфект вертыкальнай прасторы паэтычнага тэксту робіць сваю справу. З часам тэкст разгортваецца ў такую сабе варыяцыю «make love, not war», а нават калі і не, то ва ўсякім разе ілюструе тонкасці жаночага свету ці мужчынаадчування.

Амаль уся падборка Расціслава БЕНЗЕРУКА складаецца з вершаў-прысвячэнняў, і, варта аддаць належнае, у кожным прасочваецца моцны біяграфічны пласт, які нацэлены на адзінага канкрэтнага адрасата. Збольшага мова зноў жа недзе з  дашасцідзясятніцкіх часоў (што для сённяшняй перыёдыкі ўжо нямала), але часам кідаюцца ў вочы не самыя прыемныя рыфмы кшталту «быцця  — жыцця», «слова — мова» (двойчы!), «высакародны — родны», «хаце  — маці» (зноў двойчы!), «паруску — Беларусі» і «помняць — помнік». Хаця ёсць і яшчэ адно адхіленне: у палове вершаў у пэўны момант сэнс загадкавым чынам адхіляецца ў  бок спантаннага ўсхвалення Беларусі, што крыху парушае сувязь прысвячэнняў з іх адрасатамі.

У тэкстах Галіны САМОЙЛЫ прасочваецца пэўная «школа», больш за ўсё гэта можна адчуць праз рытміку і сусветна вядомыя вобразныя матывы. «Белая замець» — верш, які на першы погляд праводзіць вельмі даўнюю паралель паміж зімой і старэннем (праз колеравае падабенства снегу і сівізны), але на самай справе аніякага снегу тут няма: «белая замець» пазбаўлена пагоднага кантэксту і таму аказваецца з’явай выключна метафізічнага характару. Па сутнасці, адзін толькі гэты тонкі ход адсячэння непатрэбных сэнсаў ратуе тэкст ад пошласці, і таму мастацка-мінімалістычнае прыпадабненне «белага» да ўсяго свету і самой сябе ледзь-ледзь, але ўсё ж працуе. Наступны твор адметны пастрофавай арыфметычнай прагрэсіяй, і калі лічбы першых чатырох строф нясуць адпаведны сэнс (нават складваюцца ў суцэльнае апавяданне), у апошняй, пятай, на жаль, сэнс губляецца. Апошні верш, «Кропелька дажджу», з’яўляецца падставай для звычайнай рэфлексіі, якая з неаднаразовым паўторам звароту «кропелька дажджу» толькі робіцца больш відавочнай.

Са звыклай для сябе хрысціянскай лірыкай выступае ў друку Алесь ДУБРОЎСКІ-САРОЧАНКАЎ. Не ўпэўнены, ці гэта асаблівасці рэлігійнага дагматызму, ці творчыя рысы самога аўтара, але ў прыведзеных радках не адчуваецца амаль ніякай рэфлексіі (як карыснай, так і бескарыснай), і нават аўтарскі акцэнт на «слове» (пры наяўнасці хрэстаматыйных «прарокаў-святароў», «цела» і «крыві») мала што можа зрабіць, каб перабіць інтанацыю духоўна-асветніцкага буклета. А ўключэнне эпіграфаў з цытатамі «Евангелля» толькі дадае тэкстам падабенства да пропаведзяў, калі святар спачатку гаворыць пастве, якія вытрымкі даводзілася перачытваць нядаўна, і потым будуе сваю прамову вакол згаданых цытат. Аднак, падаецца, нават у сапраўдных святароў-аскетаў у прамовах часам больш жыцця, чым у трыпціху паэта, які часам нагадвае не столькі мастацкі тэкст (не ўлічваючы фармальныя рытмічнаклаўзальныя прыкметы), колькі вывучаны семінарскі ўрок.

Дастаткова цікавы выпадак атрымліваецца з вершамі Віктара ЯРЦА. Падборка паэта, бясспрэчна, багатая на тэмы: ёсць і ваенныя вершы, і тэксты, прысвечаныя Чарнобыльскай трагедыі, і лірыка па матывах успамінаў з дзяцінства. На ўзроўні мовы тэмы таксама раскрываюцца разнастайна, але сэнсавыя намаганні, на мой погляд, час ад часу сустракаюцца з невытлумачальнымі тэхнічнымі «прасадкамі» то з-за хісткай даўжыні радкоў, то з-за нечаканых халастых радкоў. І, на жаль, церпяць ад гэтага самыя сур’ёзныя вершы, якія ўздымаюць тэмы вайны і Чарнобыля. Але застаецца і другая палова падборкі, больш асабістая і гарманічная, у якой найбольш яскрава сябе паказвае верш з назвай «Неспакойнае цяпло».

Іван КАПЫЛОВІЧ адносіцца да таго тыпу аўтараў, у каго ўжо даўно складзена свая ўніверсальная і  нязменная паэтычная мазаіка. Выдзелім самыя характэрныя мастацкія і наўпрост лексічныя сродкі з усіх трох надрукаваных вершаў: 1) «лодка лёсу», «час тугі», «шматпакутны дзень», «прасторы», «сляды вечнасці», «нуда», «волю — болю» (эфект дэталяў узмацняецца рыфменнай пазіцыяй), «мяжы — імжы» (тое ж самае), «горыч смутку», «аб страчаным тужыў»; 2) «я адзінокі», «у палоне роздумаў глыбокіх», «стома», «таямніца», «крыніца», «дух волі» (!), «далі і прасторы» (!), «зорны шлях»; 3) «поле — болю», «трывога», «жыта», «каласы», «ніва», «лес густы», «прымроіў — прысніў», «пошумы бору», «водарам дыхаў палёў», «свабодаю дыхаў прастораў», «шлях», «забыццё», «вечная ісціна», «ніць тонкая лёсу». Усё гэта падзяляецца на некалькі ёмістых груп: 1) патэтычныя пакуты (~10 моўных адзінак); 2) загадкавыя трансцэндэнцыі (~15 адзінак); 3) шырачэзныя прасторы (~6 адзінак); 4) пейзажы ўмеранага клімату (~6 адзінак). У выніку маем персаналію пакутлівую, з цягай да прастораў з размытымі межамі і любоўю да роднага краю. Свайго роду дасканалы партрэт сённяшняга сярэднестатыстычнага беларускага паэта?

Тэксты Таццяны КРЭНЬ заслугоўвалі б падрабязнага разбору, калі  б складаліся з нечага большага, чым з тыпова жаноцкай рэфлексіі на тэму кахання з характэрна-рамантычнымі «караблямі», «птушкамі», а таксама рыфмамі «ночы — вочы» і «маўчаць — кахаць».

З маіх нядаўніх назіранняў вынікае тое, што сучасная беларуская паэзія (сучасная не па факце прапіскі ў часе, а па сваёй мове, якая фарміруецца сёння і зараз) сапраўды хутчэй схіляецца да верлібра. Гэта, безумоўна, не жалезнае правіла, але трэнд, за якім стаіць нешта большае, чым проста мода. Нават чым літаратура (а гэта — цэлы шэраг сацыяпалітычных абставін, прытым як унутры краіны, так і ў кантэксце найбліжэйшага суседства).

Данііл Лысенка

Літаратура і мастацтва