Па матывах мастацкіх твораў: гомельскія школьнікі ўпершыню прынялі ўдзел у новым конкурсе “Вясёлка над Тураўскай зямлёй”


Па матывах мастацкіх твораў: гомельскія школьнікі ўпершыню прынялі ўдзел у новым конкурсе “Вясёлка над Тураўскай зямлёй”

15.06.2020                                                          Новости


Савет Гомельскага абласнога аддзялення ГА “Саюз пісьменнікаў Беларусі” з удзелам экспертаў з ліку прадстаўнікоў Беларускага саюза мастакоў падвёў вынікі абласнога творчага конкурсу “Вясёлка над Тураўскай зямлёй”: першымі лаўрэатамі сталі 17 юных мастакоў з усёй Гомельшчыны.

Творчае спаборніцтва было ўпершыню арганізавана на тэрыторыі вобласці з 1 лютага па 10 мая 2020 года абласным аддзяленнем ГА «Саюз пісьменнікаў Беларусі” пры інфармацыйнай падтрымцы ўпраўлення адукацыі Гомельскага абласнога выканаўчага камітэта, Жыткавіцкага райвыканкама, Тураўскага гарвыканкама. Конкурс праводзіўся з мэтай стымулявання мастацкіх і творчых інтарэсаў школьнікаў, павышэння цікавасці да чытання мастацкіх твораў пісьменнікаў-землякоў, а яго задачамі з’яўляецца папулярызацыя твораў пісьменнікаў рэгіёну, прысвечаных роднаму краю, духоўнаму багаццю рэгіёна.

Cтаршыня абласнога аддзялення Саюза пісьменнікаў Беларусі Уладзімір Гаўрыловіч падкрэсліў:

- Мы запрашалі прыняць удзел у “Вясёлцы над Тураўскай зямлёй” вучняў агульнаадукацыйных школ і гімназій Гомельскай вобласці з 8 да 17 гадоў. Яны рыхтавалі свае малюнкі па матывах мастацкіх твораў сучасных паэтаў і празаікаў, якія пражываюць на тэрыторыі Гомельскай вобласці і з’яўляюцца членамі Саюза пісьменнікаў Беларусі, а таксама па матывах мастацкіх твораў выхадцаў з Гомельшчыны - народных пісьменнікаў Беларусі І.Мележа, А.Макаёнка, І.Шамякіна, І.Навуменкі, вядомых літаратараў М.Гамолкі, А.Грачанікава, І.Сяркова, Б. Сачанкі. Вельмі прыемна, што ініцыятыва пісьменніцкай арганізацыі была цёпла сустрэта ў навучальных установах: на конкурс даслана звыш 270 дзіцячых малюнкаў. А каб іх намаляваць, безумоўна, патрэбна пазнаёміцца з мастацкім творам, “прапусціць” яго праз сваё сэрца…

Па словах арганізатараў, найбольш актыўна прынялі ўдзел у конкурсе вучні з палескіх раёнаў вобласці: Мазырскага, Лельчыцкага, Хойніцкага, Ельскага, Светлагорскага  а таксама з агульнаадукацыйных школ і гімназій г. Гомеля. Цікава, што многія школьнікі выбіралі творы, найперш, мясцовых пісьменнікаў, якія жывуць побач з імі ў адным горадзе ці раёне ці ў суседнім раёне. Прычым каля 70 адсоткаў усіх малюнкаў зроблены па матывах паэтычных твораў, 30 – празаічных.

Каб вызначыць, наколькі ўдалымі аказаліся іх мастакоўскія спробы, у састаў творчага журы былі ўключаны і эксперты – члены Беларускага саюза мастакоў. У выніку былі вызначаны лепшыя юныя мастакі агульнаадукацыйных школ і гімназій Гомельшчыны, якія найлепш змаглі выказаць праз малюнак творчую задуму пісьменніка.

 

1 месца: Тарабанька Кацярына, вучаніца ДУА “СШ №9 г. Мазыра” (А.Каляда. “Была весна. И крестики сирени…”);

Палуянава Ангеліна, вучаніца ДУА “Дзяржынская сярэдняя школа Лельчыцкага раёна” (Р.Бабчанок. “Бусел”);

 

2 месца: Высоцкая Валерыя, вучаніца ДУА “СШ №9 г. Мазыра” (А.Грачанікаў. “Валерка і лятаючая талерка”);

Калеснік Дар’я, вучаніца ДУА “СШ №9 г. Мазыра” (І.Шамякін. “Непрыгожая”);

Балбуцкая Крысціна, вучаніца ДУА “Дзяржынская сярэдняя школа Лельчыцкага раёна” (Р.Бабчанок. “Дзед Кастусь”);

Міцкевіч Маргарыта, вучаніца ДУА “СШ №9 г. Мазыра” (А.Грачанікаў. “Планета дзяцей”);

Мылко Таццяна, вучаніца ДУА “Дзяржынская сярэдняя школа Лельчыцкага раёна” (Р.Бабчанок. “Сапраўдны мужык”);

Шырына Кацярына, вучаніца ДУА “Дзяржынская сярэдняя школа Лельчыцкага раёна” (Р.Бабчанок. “Не пакідайце, людзі, вёскі”);

   

3 месца: Кабылінская Ганна, ДУА “Гімназія імя Я.Купалы”, г. Мазыр (Г.Атрошчанка. “Калі не будзе свет мне мілы…”);

Калектыўныя малюнкі выхаванцаў ДУА “Ельская дапаможная школа-інтэрнат”: 1) Р.Бабчанок. “Гаспадар”; 2) Р.Бабчанок “Пахаванка”;

Петух Іван, вучань ДУА “СШ № 10 г. Светлагорска” (А.Грачанікаў, “Верасень”);

Локтыш Віялета, вучаніца ДУА “Дзяржынская сярэдняя школа Лельчыцкага раёна” (Р.Бабчанок. “Не пакідайце, людзі, вёскі”);

Пратасенка Ульяна, вучаніца ДУА “Дзяржынская сярэдняя школа Лельчыцкага раёна” (Р.Бабчанок. “Разам назаўжды”);

Шэйнюк Дзмітрый, вучань Ельскай раённай гімназіі (А.Грачанікаў. “Беларускія краявіды”);

Еўлаш Вікторыя, вучаніца ДУА “СШ №9 г. Мазыра” (А. Каляда. “Лебеди”);

Савенка Дар’я, вучаніца ДУА “СШ №9 г. Мазыра” (Г.Атрошчанка. “Увосень”);

Алісейка Дар’я, вучаніца ДУА “Зашырская СШ Ельскага раёна” (Р.Бабчанок. “Апошняя мяжа”).

Усім уладальнікам 1, 2 і 3 месца будуць уручаны граматы абласнога аддзялення ГА “Саюз пісьменнікаў Беларусі”. А яшчэ спецыяльным дыпломам па выніках конкурсу ўзнагароджаны: ДУА “Ельская дапаможная школа-інтэрнат” (дырэктар Ліпскі Я.Д.) за папулярызацыю твораў сучасных пісьменнікаў-землякоў сярод вучняў навучальнай ўстановы і актыўны ўдзел вучняў у абласным конкурсе, а таксама Тарабанька Таццяна Васільеўна, настаўніца ДУА “СШ №9”, г. Мазыр.

Аргкамітэт конкурсу адзначыў вельмі высокі мастацкі ўзровень яшчэ каля 30 юных мастакоў: ім аб’яўлена Падзяка Гомельскага абласнога аддзялення ГА “Саюз пісьменнікаў Беларусі”.

Ушанаванне пераможцаў і адзначаных іншымі ўзнагародамі Гомельскага абласнога аддзялення ГА “Саюз пісьменнікаў Беларусі” адбудзецца пры правядзенні ІІ адкрытага фестывалю-свята літаратуры, культуры, мастацтва і народных традыцый “На зямлі Кірылы Тураўскага” восенню 2020 года ў горадзе Жыткавічы – у самым сэрцы беларускага Палесся.

- Мяркуецца, што конкурс, які сёлета прайшоў масава і актыўна, цяпер стане традыцыйным у Гомельскай вобласці, - адзначылі ў абласной пісьменніцкай арганізацыі.

Прэс-служба Гомельскага абласнога аддзялення ГА “Саюз пісьменнікаў Беларусі”