З юбілеем!


З юбілеем!

18.06.2020                                            Слово писателю


19 чэрвеня 2020 года адзначае 60-гадовы юбілей пісьменніца

БАБАРЫКА ГАЛІНА СІДАРАЎНА.

Нарадзілася Галіна Сідараўна ў вёсцы Мочуль Столінскага раёна Брэсцкай вобласці. У 1975 годзе закончыла Мочульскую васьмігадовую школу, у 1979-м – Магілёўскае педагагічнае вучылішча, у 1989-м – Магілёўскі педагагічны інстытут. Чатыры гады працавала на Магілёўшчыне, трыццаць чатыры – у роднай школе. Мае вышэйшую катэгорыю. За дасягнутыя поспехі ў навучанні і выхаванні дзяцей у 1991 годзе ўзнагароджана Ганаровай граматай Вярхоўнага Савета. Пісаць вершы пачала ў дзесяцігадовым узросце. З 2000 года актыўна займаецца літаратурнай творчасцю.

Пераможца паэтычнага конкурсу “Сярэбраныя радкі”, аб’яўленага газетай “Беларуская ніва” (2004). Пераможца паэтычнага кокнурсу, аб’яўленага часопісам “Алеся” (2006). У Саюз пісьменнікаў Беларусі прынята ў 2007 годзе.

Лаўрэат Міжнароднага літаратурнага конкурсу “Сям’я – Адзінства – Айчына” (2014).

Лаўрэат літаратурнай прэміі імя Уладзіміра Калесніка Брэсцкага аблвыканкама ў намінацыі “Паэзія” (2017), абласнога літаратурнага конкурсу “Духоўная веліч” (2018).

Узнагароджана Граматамі Саюза пісьменнікаў Беларусі і Брэсцкага абласнога выканаўчага камітэта за плённую працу ў літаратуры, значны ўклад у прапаганду творчасці пісьменнікаў Берасцейшчыны і актыўную грамадскую дзейнасць. А таксама – пісьмамі падзякі аддзела адукацыі Столінскага райвыканкама за эфектыўную работу па павышэнні якасці філалагічнай адукацыі (за працу з вучнямі ў аб’яднанні “Мастацкае слова”) і рэдакцыі мясцовай раённай газеты за актыўнае супрацоўніцтва.

Аўтар кніг: “Давер”: вершы (2004), “Дарога ў восень”: вершы (2015).

Паэт, празаік, публіцыст.

 

Бабарыка Галіна Сідараўна ўзнагароджваецца Граматай ГА “Саюз пісьменнікаў Беларусі” за значны творчы ўклад у беларускую літаратуру, актыўны ўдзел у грамадска-культурным жыцці краіны і ў сувязі з 60-годдзем.

 

БЕЛАРУСЬ

 

Над табою – сінява нябёс

І ахапкі воблакаў, як вата.

Белізна рамонкаў і бяроз –

Чысціні тваёй зямная варта.

Цешаць вока рэкі і лясы –

Цешаць вока сінія азёры

І лугі, дзе ў пацерках расы

Цягнуцца да сонца кветкі-зоры.

 

Хоць і не паўднёвыя краі,

Спеюць вішні, абрыкосы, грушы…

Слівы, яблыкі ў садах свае…

Пакаштуй – не пашкадуеш, дружа.

 

Беларусь! Імя тваё чуваць

Ва ўсім свеце ганарова, годна.

Ёсць чым і гасцей пачаставаць.

Ты багата й талентам народа.

 

Колькі войнаў па табе прайшло!

Ворагаў магутных злая сіла.

Толькі ўратавала ты дабро

І жыццём ізноў закаласіла.

 

Над табой – буслінае крыло…

Белы птах – над вольнай Беларуссю…

Роднае палескае сяло,

Ад цябе ніколі не зракуся.

 

Любы Мінск, другія гарады –

Сведкі часу, сведкі маладосці.

Уздымаюць рукі маладых

Там будынкі дзіўнай прыгажосці.

 

Хай жа ззяе сінява нябёс,

Кружыць над зямлёй спакойна бусел,

Хай шчаслівым будзе вечны лёс

У маёй Радзімы – Беларусі.

 

У ВЯНОК БАГДАНОВІЧУ

 

Вечар залачоную падкову

Кінуў на галіны вербалозу.

Дзіўныя зімовыя абновы –

Бела-серабрыстыя бярозы.

Сінню атуліўшыся, разлогі

Стылі пад зіхоткім пакрывалам,

Венчаная з далеччу дарога

Цяжкасцю ніколі не пужала.

Будучыня вечнасцю здалася,

Зоркі паглядалі так лагодна,

Толькі заблудзіла недзе шчасце,

Болей не вярнуцца ў край свой родны.

Бомы адзвінелі пад дугою,

Зорка васількамі адцвітала…

Сэрца перапоўнена журбою:

Мала лёс адвёў яму… Так мала…

 

ЗВЫЧАЙНЫ ДЗЕНЬ

 

Праменьчык цёпла прывітаўся з клёнам,

На міг заблытаўся ў кроне,

Пасля пабег за сонечнаю хваляй,

Што паплыла ў зямную далеч.

 

Мяжа святла і ценю па абшарах

Усё далей. Мінае хмара.

Прастор пад васільковым парасонам

Ляжыць бурштынава-зялёны.

 

Чакае свет вячэрняй прахалоды.

Гусей крыклівыя чароды,

Шукаючы ў стаўку сабе ратунак,

Глядзяць на лужу з яўным сумам...

 

І дождж прыйшоў, прыбег нябесным шляхам,

У шыбы стукаў і па даху,

Змятаў, змываў струменямі пылоту

І гнаў нясцерпную спякоту.

 

Адходзіў дзень... Звычайны, як мільёны...

Дажджом натоленыя гоні

Страсалі кроплі дажджавыя з лісця...

Усё паўторыцца калісьці:

 

Спякотны дзень і дождж, і ночкай зорнай.