Спачуваем


Спачуваем

23.06.2020                                            Слово писателю


З сумам паведамляем, што 14 чэрвеня 2020 года з жыцця сышоў Уладзіслаў Пятровіч Кавалёў – член Саюза пісьменнікаў Беларусі, паэт і празаік, аўтар выдатных гумарыстычных апавяданняў, светлы, шчыры і таленавіты чалавек.  Мы разам смуткуем і шчыра спачуваем родным і блізкім Уладзіслава Пятровіча.

Уладзіслаў Пятровіч Кавалёў нарадзіўся 19 ліпеня 1941 года ў вёсцы Сялец Магілёўскага раёна Магілёўскай вобласці. Жыццё нібы падрыхтавала для Уладзіслава Квалаёва дзве розныя сцяжынкі – працоўную і творчую – якія заўсёды будуць ісці побач. Бо першым значным крокам у працоўнае жыццё стала вучоба ў Магілёўскім будаўнічым тэхнікуме, а потым У. Кавалёў вырашыў працягнуць адукацыю на факультэце журналістыкі Беларускага дзяржаўнага ўніверсітэта. Багаты жыццёвы вопыт дапамагаў вопыту творчаму. Працуючы ў будаўнічых арганізацыях вобласці, Уладзіслаў Кавалёў ўсе жыццё супрацоўнічаў з рэгіанальнымі СМІ як аўтар прозы і паэзіі.

Ён пісаў і на рускай, і на беларускай мовах, заўсёды быў шчырым патрыётам і шмат чаго зрабіў для ўзбагачэння і распаўсюджвання беларускай літаратуры. Любіў сустракацца з моладдзю – і заўсёды прыцягваў да сябе сэрцы чытачоў мягкім гумарам, шчырасцю, унутранай маладосцю.

Нават у сталым узросце Уладзіслаў Пятровіч не пакінуў удзельнічаць у фестывалях і паэтычных сустрэчах. З’яўляўся лаўрэатам міжнароднага фестывалю літаратуры і культуры “Славянскія традыцыі”.

Творчасць ягоная была разнастайнай і плённай: ён аўтар кніг сатыры і гумару “Стол находок”, аповесцей і апавяданняў "Заколдованный ток”, зборнікаў вершаў “И грусть, и радость...”, “Обманчивость тишины”, “Стихия” і г. д.

Ёсць людзі, якія пакідаюць светлы след у сэрцы кожнага, з кім сустракаюцца. Такім чалавекам быў Уладзіслаў Пятровіч Кавалёў. Вечнай светлай памяці, творца!