Вызначаны лепшыя чытальнікі Гомельшчыны


Вызначаны лепшыя чытальнікі Гомельшчыны

29.06.2020                                                          Новости


У Гомелі падведзены вынікі 14 абласнога конкурсу чытальнікаў “Захаваем свет разам!”. Сёлета конкурс быў прысвечаны 75-годдзю Перамогі і 100-годдзю народнага пісьменніка Беларусі А.Я.Макаёнка.

На сумесным пасяджэнні аргкамітэту конкурсу ў складзе членаў Савета Гомельскага абласнога аддзялення ГА “Саюз пісьменнікаў Беларусі” і творчага журы адзначалася, што сёлета ў трох этапах папулярнага на Гомельшчыне конкурсу – школьным, раённым і абласным – прынялі ўдзел звыш 1450 вучняў. У сувязі з пандэміяй аргкамітэт прыняў пэўныя змены пры правядзенні конкурсу: абласны вочны этап арганізатары правялі ў анлайн-рэжыме. Так, яны праслухалі 28 відэазапісаў, зробленых уладальнікамі першых месцаў раённых этапаў конкурсаў і дасланых з аддзелаў адукацыі і асобных устаноў адукацыі раёнаў Гомельскай вобласці.

Гран-пры конкурсу заваявала выпускніца жлобінскай гімназіі №8 імя В.І.Казлова Маргарыта Сметанчук, а першае месца прысуджана адразу двум канкурсанткам. Лаўрэатамі сталі Свірыдава Елізавета, навучэнка Цэнтра творчасці дзяцей і моладзі з г. Гомель, і Краўчанка Кацярына, вучаніца 6 класа ДУА “Чамярыскі дзіцячы сад-сярэдняя школа” з Брагінскага раёна. Савет Гомельскага абласнога аддзялення ГА “Саюз пісьменнікаў Беларусі” таксама адзначыў 15 юных чытальнікаў – яны атрымаюць дыпломы і кніжныя падарункі ў час правядзення ІІ адкрытага фестываля-свята літаратуры, культуры, мастацтва і народных традыцый “На Зямлі Кірылы Тураўскага”.

Улад ПРЫАЗЁРНЫ, прэс-служба Гомельскага абласнога аддзялення ГА “Саюз пісьменнікаў Беларусі”