“Трэба сябру дзеля сябра не баяцца выпрабаванняў”


“Трэба сябру дзеля сябра не баяцца выпрабаванняў”

30.06.2020                                            Слово писателю


Не стала Саліха Султанбекавіча Гуртуева, народнага паэта Кабардзіна-Балкарыі і Карачаева-Чаркесіі, заслужанага работніка культуры Кабардзіна-Балкарыі, ганаровага прэзідэнта Клуба пісьменнікаў Каўказа, члена Саюза пісьменнікаў Беларусі.

Ён нарадзіўся ў 1938 годзе ля Нальчыка, дзе пад пранізлівым поглядам гор цячэ Белая рэчка. І ў сваіх творах аўтар неаднойчы будзе звяртацца да сваёй малой радзімы, каб усяму свету расказаць пра значнасць у яго жыцці найпрыгажэйшага і любага месца.

- Не стаць там паэтам было немагчыма, - з вельмі прыязнай усмешкай на добрым адкрытым твары Саліх будзе гаварыць пра вытокі творчага станаўлення.

Яго Беларэчанскімі матывамі зачараваліся і беларусы, калі некалькі гадоў таму на рэспубліканскім конкурсе юных чытальнікаў “Жывая класіка” Уладзімір Булава з Петрыкава чытаў так выразна гуртуеўскі верш, што, здавалася бяжыць па каменчыках гаманлівая каўказкая рэчка, схіліўшыся над якой сніць свой сон кізілавае дрэва…

І перажытае сваёй сям’ёй, народам будзе паэта непакоіць ўсё жыццё. У 1944 годзе, падчас рэпрэсій супраць каўказскіх народаў, ягоная сям’я была дэпарціравана ў Сярэднюю Азію. Пасля вяртання Саліх скончыў Кабардзіна-Балкарскі ўніверсітет, дзе атрымаў дыплом выкладчыка балкарскай і рускай мовы і літаратуры, што дало яму магчымасць накіравацца да вяршынь мастацкага слова.

З Саліхам Султанбекавічам мы пазнаёміліся па тэлефоне, калі вельмі хацелася дазнацца пра вопыт работы Клуба пісьменнікаў Каўказа. Яго на той той час старшыня, а крыху пазней абраны ганаровым старшыня ахвотна расказваў, як ствараўся Клуб: каб аб’яднаць літаратараў, каб вельмі патрэбнае Каўказу мудрае, міралюбівае слова пісьменніка гучала на поўную моц. Ён з вялікім задавальненнем адгукнуўся на прапанову распачаць літаратурнае сяброўства з беларускімі калегамі.

-Якое раней яно было ў нас плённае, - узрушана ўспамінаў Саліх, маючы для таго падставу свайго знаёмства з мэтрамі – паэтамі Расулам Гамзатавым, Кайсынам Куліевым, Мустаем Карымам, трымаючым цесную сувязь з беларускімі творцамі Аркадзем Куляшовым, Піменам Панчанкам, Максімам Танкам.

– Вось бы зараз аднавіць творчыя сувязі, - марыў Саліх Гуртуеў, будучы ўпэўненым, што літаратура – найлепшы сродак узаемаразумення паміж народамі.

Ён - аўтар болей 20 кніг паэзіі і літаратурных эсэ, унёсшы прыкметны ўклад у развіццё балкарскай літаратуры. Якія цёплыя і прывабныя назвы яго паэтычных зборнікаў на роднай мове: “Кручы”, “Прыміце ў госці”, “Пяшчота душы”, “Чатыры яблыні”, “Пройдены шлях”, “Высокія цені”, “Вехі века”, “Свет зорак”!

У апошнія гады паэт прыклаў шмат намаганняў, каб беларуска-кабардзіна-балкарскае літаратурнае братэрства мела вялікі плён. Асаблівае стаўленне Саліха Гуртуева да нашай краіны было звязана і з тым, што ў гады Вялікай Айчыннай вайны ягоны бацька, як і многія землякі, абаранялі ад немцаў нашу зямлю. А гэта – нясгасная памяць.

Саліх Султанбекавіч прысвячаў літаратурным навінкам з Беларусі палосы, а то і асобныя нумары ў спецыяльным выданні Клуба пісьменнікаў Каўказа. Летась ён прэзентаваў зборнік, складзены з твораў беларускіх аўтараў, перакладзеных ім жа на балкарскую мову. “Мае беларускія сябры” – так шчыра назваў укладальнік дарагую нам кнігу, выдадзеную ім за ўласны кошт і ў якасці падарунка дасланую на Мінскую міжнародную кніжную выстаўку-кірмаш. Тады Саліха Султанбекавіча Гуртуева прынялі ў Саюз пісьменнікаў Беларусі. А білет члена СПБ і значок уручыў у Нальчыку на урачыстасцях у гонар 80-годдзя паэта наш шчыры сябар з Чачэнскай Рэспублікі Адам Ахматукаеў.

Толькі аднойчы нам з Саліхам удалося пабачыцца, па-сяброўску абняцца. І гэта дзякуючы таму, што ён шэсць гадзін дабіраўся з Нальчыка да Махачкалы, дзе праходзіў міжнародны круглы стол, прысвечаны яднанню Беларусі і Расіі, удзельнічала ў якім і наша беларуская дэлегацыя. Як пазней высветлілася, Саліх дрэнна сябе адчуваў, яго не адпускаў доктар, а ён паехаў. “Трэба сябру для сябра не баяцца выпрабаванняў,” – з ягонага верша словы.

Мне Саліх гаварыў: “Алена, мы абавязкова павінны правесці Дні літаратуры Беларусі ў Кабардзіна-Балкарыі”. Ён, чалавек дзелавы і вельмі аўтарытэтны, ужо абмеркаваў гэта пытанне з Главой рэспублікі КБР, на што атрымаў станоўчы адказ і чаму вельмі радаваўся. Перашкодзіла пандэмія сустрэцца нам, прынесла бяду яму…

І ў апошнія дні свайго жыцця Саліх думаў пра Беларусь, рупіўся даслаць кнігі мне і Алесю Карлюкевічу, дзе ён зрабіў пераклады нашых твораў на балкарскую мову. Літаральна тыдзень таму тэлефанаваў, ці атрымала я іх па пошце.

Саліх, мілы, дарагі чалавек! Якая ж шырокая ў яго была душа, меўшая вялікае жыцця- і чалавекалюбства. Народны паэт з Каўказа – узор таго, якім трэба быць грамадзянінам.

Смуткуем разам з кабардзіна-балкарскім народам аб горкай страце.

Ад усяго Саюза пісьменнікаў Беларусі выказваем спачуванні - гэта наш агульны боль.

Саліх Гуртуеў любіў пісаць пра арліныя высоты. Напэўна, ён і сам зараз узнёсся да іх. А Белая рэчка бяжыць. Не спыніцца і нашай рацэ памяці аб Паэце.

Алена СТЭЛЬМАХ