Літаратары Віцебшчыны выступілі на “Славянскім базары ў Віцебску”


Літаратары Віцебшчыны выступілі на “Славянскім базары ў Віцебску”

22.07.2020                                                          Новости


Біблія сцвярджае: “Спачатку было слова”. Таму зусім не выпадкова ў рамках XXIX Міжнароднага фестывалю мастацтваў “Славянскі базар у Віцебску” ў скверы каля абласной бібліятэкі праходзіў літаратурны Open air “Паэтычны Віцебск”.

Сапраўды, без вершаў, трапнага паэтычнага слова, напоўненага глыбокім сэнсам і аздобленага яркімі мастацкімі вобразамі, не было б тых запамінальных, вельмі папулярных, адметных эстрадных песень, якія на працягу чатырох дзён гучалі са сцэны летняга амфітэатра і радавалі мясцовых жыхароў і шматлікіх гасцей з розных краін свету.

На літаратурную пляцоўку завіталі і члены Віцебскага абласнога аддзялення ГА “Саюз пісьменнікаў Беларусі” на чале са старшынёй Тамарай Красновай-Гусачэнка, а таксама некалькі паэтаў з Мінска, якія не прамінулі наведаць фестываль, каб падсілкавацца яго энергіяй і няўрымслівасцю для сваёй творчасці.

У Міжнародным фестывалі мастацтваў “Славянскі базар у Віцебску” прымалі ўдзел і высокія дзяржаўныя службовыя асобы, якія не пакінулі без увагі і літаратурную пляцоўку каля абласной бібліятэкі. Прынамсі, завітаў у госці да паэтаў Віцебшчыны міністар адукацыі Рэспублікі Беларусь Ігар Карпенка, у якога адбылася змястоўная, зацікаўленая размова са старшынёй Віцебскага абласнога аддзялення ГА “Саюз пісьменнікаў Беларусі” Тамарай Красновай-Гусачэнка аб далейшым творчым супрацоўніцтве мясцовых літаратараў са школамі і іншымі навучальнымі ўстановамі па маральна-эстэтычным і патрыятычным выхаваннюі вучнёўскай і студэнцкай моладзі.

Сустрэча з паэзіяй  гэта заўсёды свята. А калі паэты, аўтары цудоўных радкоў, знаходзяцца побач, самі чытаюць свае вершы – гэта вельмі яркая, запамінальная падзея для ўсіх сапраўдных аматараў паэтычнай творчасці.

Са сваім новымі вершамі пазнаёмілі прысутных Тамара Краснова-Гусачэнка, Галіна Загурская, Пётр Буганаў, Алена Крыклівец, Ірына Радзіхоўская, Аляксандр Раткевіч, Алена Фядзяева, Валянціна Шырынава і Святлана Якубоўская.

Адбылася прэзентацыя выставы “Віцебшчына літаратурная”, на якой былі прадстаўлены кнігі ўраджэнцаў Прыдзвінскага краю, што праслаўляюць яго далёка за межамі Беларусі. На асобным стэндзе былі размешчаны друкаваныя выданні пісьменнікаў-лаўрэатаў “Літаратурнай прэміі імя Пятруся Броўкі” Віцебскага аблвыканкама. Толькі ў апошнія некалькі гадоў такой высокай узнагародай былі адзначаны творы членаў ГА “Саюз пісьменнікаў Беларусі” Валерыя Марчанкі і Алены Фядзяевай з Віцебска, Надзеі Салодкай з Полацка, Віктара Карасёва з г.п. Ветрына Полацкага раёна, Міколы Гарбачова і Святланы Якубоўскай з Лепеля.

Цікавая святочная імпрэза была разгорнута ўздоўж вуліцы Леніна. І таму многія выпадковыя мінакі, якія крочылі па нейкіх сваіх справах, міжволі спыняліся ля стэндаў кніг, мелі магчымасць пазнаёміцца з творчымі здабыткамі паэтаў і празаікаў Віцебшчыны, навінкамі сучаснай айчыннай, сусветнай літаратуры і нават узяць дадому, няспешна пачытаць друкаванае выданне, якое спадабалася.

Мікола ГАРБАЧОЎ, Віцебскае абласное аддзяленне ГА “Саюз пісьменнікаў Беларусі”