“Прарыў” самаізаляцыі ажыццявілі лунінчане, якія 15 ліпеня наведалі Брэсцкае абласное аддзяленне Саюза пісьменнікаў Беларусі


“Прарыў” самаізаляцыі ажыццявілі лунінчане, якія 15 ліпеня наведалі Брэсцкае абласное аддзяленне Саюза пісьменнікаў Беларусі

27.07.2020                                                          Новости


Сустрэча адбылася ў “вузкім коле”, але ў гэтым былі свае плюсы. Старшыня Таццяна Дземідовіч шчыра вітала гасцей з поўдня Брэстчыны. Прагучалі ўспаміны Таццяны Анатольеўны аб выездах дэлегацый літаратурнай суполкі ў самыя аддаленыя куточкі вобласці, што дазваляе і мацаваць творчыя сувязі, і адкрываць прыгажосць роднага краю.

Мэтай нашага візіту было прадстаўленне чарговай кнігі з серыі “Лунінецкая памяць”, якая днямі выдадзена ў Мінску. Назва дадатка-7 тлумачыць яго сутнасць: “Вэлесніца” – адна з 13-ці адроджаных “лунінецкіх Хатыней”. Тут змешчаны замалёўкі пра сем’і франтавікоў і партызан, якія не шкадавалі жыццяў дзеля Вялікай Перамогі, пра ўраджэнцаў Мелясніцы і жыхароў, якія засталіся вернымі малой радзіме. Значную частку зноў склалі дзённікі хутараніна Васіля Васільевіча Негаціна (1894-1978) за 1961-1964 гг., што дазваляе назваць чарговы дадатак працягам кнігі-6.

Два экземпляры выдання пакінуты ў Брэсце – для офіса СПБ і для цэнтральнай гарадской бібліятэкі імя А.С. Пушкіна.

Старшыня прафкама лакаматыўнага дэпо “Лунінец” Аляксандр Іванавіч Матор уручыў падарунак для патрэб брэсцкіх пісьменнікаў. Карыстаючыся нагодай, настаўнікі – Зоя Сяргееўна Матор (СШ №1) і Наталья Валер’еўна Харытановіч (СШ №2) запрасілі літаратараў наведаць глыбінку Палесся.

Таццяна КАНАПАЦКАЯ