Безліч адценняў у “Маскарадзе перабудовы”


Безліч адценняў у “Маскарадзе перабудовы”

Жанр літаратурнай мініяцюры нельга назваць маладым. Трапныя афарызмы, кароткія вершы розных напрамкаў сустракаліся і ў антычнасці. З часам з’явіліся нават жанры, для якіх малы аб’ём – абавязковая рыса (прыклад – эпіграмы). І гэта ўжо не кажучы аб такіх народных жанрах, як прыпеўкі, лічылкі – якія таксама павінны быць маленькімі!

Так, да кароткіх паэтычных жанраў пісьменнікі звярталіся ва ўсе гады і стагоддзі. Але менавіта ў наш імклівы час – з Інтэрнэтам, месенджэрамі, СМС – цікавасць чытача да жанраў, у якім перавага аддаецца трапкаму, кароткаму слоўцу – да твораў-мініяцюр – няспынна павялічваецца. На Інтэрнэт-абшарах можна, прынамсі, убачыць гумарыстычныя вершы – «парашкі», «піражкі» «дэпрэсняшкі» і інш. Нязменна папулярнай зрабілася творчасць тых, хто працуе ў жанры вершаванай мініяцюры – Эдуарда Асадава, Ігара Губермана і інш. Але што мы ведаем пра нашых, беларускіх, стравальнікаў гэткіх жа мінімалістычных (але не па сэнсе) твораў?

Новая кніга Міхаіла Уласенкі «Маскарад перабудовы» – выдатная магчымасць пазнаёміцца з творчасцю пісьменніка, які ўжо некалькі дзесяцігоддзяў плённа працуе ў жанры мініяцюр,  літаратурных пародый і іншых кароткіх твораў. «Маскарад перабудовы», як піша аўтар на вокладцы, – гэта «фаліянт выбранай мініяцюры». То бок, перад намі выбранае з творчасці пісьменніка, спроба паказаць дасягнутае за розныя гады, нагадаць лепшае і асвятліць тыя пытанні, якія здаюцца аўтару найбольш важнымі.

«Маскарад перабудовы» ўключае ў сабе чатыры раздзелы – у адпаведнасці з жанрамі.

У першым раздзеле, «Дробязі жыцця», чытача чакаюць вершаваныя мініяцюры літаральна пра ўсё: пра каханне, літаратуру, заганы чалавецтва, пра часы перабудовы і пра крытыку… Разнастайнасць тэм гэтых вершаванак (часцей за ўсё – ў 4 – 6 радкоў) сапраўды ўражвае – як і разнастайнасць эмацыянальных ацценняў.

Вось бытава-гумарыстычныя нарысы ў мініяцюры:

Мабільнік сёння – моц і сіла,

Нясе ён шмат дабра і зла…

Мне з лесу цешча пазваніла –

Яна у багну запаўзла.

А вось – філасофскі роздум:

Чалавечы век кароткі,

Час паўзе, а год бяжыць…

Мары об жыцці салодкім

Замінаюць проста жыць.

Хапае і разважанняў пра літаратуру – сучасную і класічную:

Даволі класікаў у нас,

Іх шчыра велічаюць.

Пра іх гавораць увесь час,

Шкада, што не чытаюць.

Дастаецца ад аўтара літаратурным крытыкам. Але, між іншым, сябе да класікаў пісьменнік не адносіць:

Я не цягнуся да зеніту,

Не выдаю крутых раманаў,

Затое самы знакаміты

Сярод тутэйшых графаманаў.

Чуеце водгук купалаўскага «Я не паэта, о крый мяне Божа…»? Да свайго паэтычнага і гумарыстычнага таленту М. Уласенка ставіцца з мягкай іроніяй і мягкім, выключна беларускім гумарам. Палітру гумара і іроніі можна назваць асноўнай зброяй аўтара. Але часам у гэтую палітру ўліваюцца адценні сатыры і сарказму.

Эх, раз, яшчэ раз,

Яшчэ многа, многа раз

Ў аднаразавай пасудзе

Прадаюць піўко і квас!

Тут ужо выразна адчуваецца водгук сатырычных баек К. Крапівы – і гэта добра, бо ніводны твор не можа існаваць без каранёў. Трэба сказаць, што сатыра – і палітычная ў тым ліку – адносіцца ў асноўным да часоў перабудовы (у адпаведнасці з назвай кнігі). І праз гэта кніга робіцца нейкім сацыяльным зрэзам тагачасных падзей (і пісьменнік з чытачом глядзяць на гэты зрэз праз шкло сатыры).

Але паглядзім на другі раздзел – «Лыка ў радок». У ім аўтар ускладняе сваю гульню з мінімалістычнасцю – бо дастаткова глыбокі сэнс, філасофскі, бытавы ці іранічны – зараз хаваецца ўжо толькі ў двух радках. І гэта яшчэ дадае трапнасці «эпіграматычным прыгадкам і прымаўкам», як аўтар сам абазначае жанр. Увогулле, сатыра і тыпічна народная пільнасць позірка быццам спрачаюцца ў гэтых аўтарскіх прыгадках і прымаўках. І ў некаторых – больш назіральнасці, а ў некаторых – сатыры.

Прытамляе аж да поту

Работа ў пошуках работы.

Тэмы, зноў жа, самыя розныя – у гэтым «Лыка ў радок» працягвае калейдаскапічнасць першага раздзела. Можна сустрэць і тыпова бытавыя сітуацыі:

У яе вочы як у кобры,

А характар вельмі добры.

А некаторыя радкі нават аддаюць філасофскай горыччу:

Адкуль да сэрца радасць пацячэ,

Калі лёс за шкірку валачэ?

Сустракаецца і нешта настолькі народнае, што, здаецца, вось толькі ўчора ты бачыў гэта ў зборніку народных выслоўяў:

Каб уменне ды знаццё –

Было б лепшае знаццё.

А вось трэцяя частка «Маскарада перабудовы» – раскрывае ў аўтары здольнасці парадыста. Чытача чакаюць «Мініпародыі». Невялічкія (у 4–6 радкоў), яны выкананы на манер пародый Аляксандра Іванова (тых, якія знакаміты парадыст чытаў са сцэны). Міхаіл Аляксандравіч то адказвае на радкі вершаў (у тым ліку знакамітых паэтаў – А. Пісьмянкова, Г. Пашкова, Я. Янішчыц), то мякка смяецца з недарэчных радкоў.

Трэба сказаць, што часам парадыст звяртаецца да сваіх «ахвяр» даволі кпіва. А часам радкі пародыі можна палічыць нават некалькі… хуліганскімі.

У сапраўднага паэта

За душой – ані граша, – 

піша С. Грахоўскі. І М. Уласенка адгукаецца насмешліва:

Парадыст жа і за гэта

Не заробіць ні шыша…

Не мінула пяро парадыста і класікаў:

Каб гулі канаты, шлюзы,

Болей сейце кукурузы!

Гэта строкі Я. Коласа, з якіх дзівіцца спадар парадыст:

Падалося мне, нібыта

Чытаў Коласа Мікіта,

Бо адкуль жа па Саюзу

Сталі сеяць кукурузу?

А напрыканцы кнігі чытача спаткаюць «Міні-эсэ» – чацвёрты раздзел, які мне давядзецца рызыкнуць і назваць найбольш лірычным, найбольш філасофскім і… найменш цікавым для чытача. Але справа не ў тым, што эсэ не хапае мастацкай дасканаласці ці творчай прапрацоўкі. Магчыма, так падаецца з-за таго, што аўтар як мастак уклаў у свае караценькія нагляды-афарызмы празмерна многа сэнсаў. І пасля трох раздзелаў – рытмічных, паўнюткіх гумара і сатыры і адносна лёгкіх для ўспрымання – у раздзеле «Міні-эсэ» ты адчуваеш сябе нібы ў Эрмітажы думак. То бок, у чытача ўзнікае настойлівая патрэбнасць спыняцца і асэнсоўваць тое, што ўбачыў, на кожным кроке. І праз некалькі крокаў вастрыня ўражанняў зглажваецца, страчваецца. Да таго ж, перад чытачом у гэтым раздзеле – проза, толькі проза, дзе думка выражаецца ў адным ці некалькіх сказах: «Перш, чым выйсці з сябе, падумай, як вярнуцца».

У гэтым раздзеле аўтар больш, чым у астатніх трох, звяртаецца да моўнай гульні, каламбураў, і падсэнасоўнасці: «Адказнасць адна – адказных шмат», «Хто лямантуе ў пустыні, той і рэху ўзрадуецца». Але на тых жа Інтэрнэт-абшарах гэтакімі вось жыццямудрымі афарызмамі паўнюткія паблікі. І частка чытачоў, на жаль, не знойдзе мастацкай арыгінальнасці ў міні-эсэ накшталт “Крытыкаваць прасцей – крытык ідзе пракладзенай дарогай».

Ды і некаторыя думкі аўтара могуць здацца чытачу дастаткова спорнымі: «Злачынства – гэта калі сын без бацькі. Усё астатняе – дробнае хуліганства» (Дастаеўскі і угалоўны кодэкс з гэтым глыбока нязгодныя), «Толькі чалавеку ўласціва памыляцца» (Сабака, які з’еў мыла, упэўнены, што памылкі не было).

І атрымліваецца, што адно з міні-эсэ дастаткова іранічна апісвае стан чытача пасля прачытання чацвертага раздзела кнігі: «Патануў у бездані прамудрасці, а мудрацом не стаў».

Увогулле, камусьці з чытачоў, магчыма, не хопіць арыгінальнасці ці глыбіні думкі ў некаторых мініяцюрах, а некаму здастца, што залішне многа вершаў і выслоўяў прысвечана чарцы-шкварцы-дзеўцы, але ж… кніга дастаткова аб'ёмная, каб кожны мог адшукаць што-нішто на свой густ.

Чытачу, які хоча проста пасмяяцца, даспадобы прыйдуцца гумарныя і бытавыя мініяцюры ды пародыі. Інтэлігент, што шукае філасофскіх роздумаў, падтэкстаў і мягкай іроніі, зацікавіцца больш сур’езнымі вершамі і эсе. «Чалавек з народа», які любіць паспрачацца пра палітыку і хоча ўразіць суразмоўцаў новымі прымаўкамі, таксама набудзе ў творах М. Уласенкі сваё.

Бо бясконцасць колераў і змена масак, розныя адзенні і ацценні – менавіта такім павінен быць маскарад, асабліва каля гэта – «Маскарад перабудовы». А як жа інакш?

Алена КІСЕЛЬ