Бялынічы, якія натхняюць…


Брэсцкае абласное аддзяленне СПБ на Дні беларускага пісьменства

09.09.2020                                                          Новости


Дваццаць сёмы Дзень беларускага пісьменства адбыўся 5-6 верасня ў старажытным, багатым на гістарычныя падзеі і таленты, маляўнічым горадзе Бялынічы Магілёўскай вобласці.

Штогод у цэнтры ўвагі ў гэтыя ўрачыстыя дні знаходзяцца пісьменнікі, іх творчыя здабыткі, багатая літаратурная спадчына. Гэта час незабыўных творчых сустрэч, падвядзенне вынікаў плённай літаратурна-выдавецкай працы, а яшчэ – яркае самабытнае свята з восеньскім кірмашом, выставамі мастакоў і рамеснікаў, спевамі, дэкламацыяй вершаў, прыгожымі прамовамі, святочным гандлем кнігамі.

Безумоўна, цэнтральнай падзеяй літаратурнага фестывалю становіцца ўзнагароджанне пераможцаў Нацыянальнай літаратурнай прэміі. У гэтым сезоне на галоўнай сцэне падчас адкрыцця свята выбітныя пісьменнікі атрымалі ўзнагароды ў 6 намінацыях. Прыемна, што сярод лепшых зборнікаў паэзіі адзначана кніга вядомага пінскага паэта Валерыя Грышкаўца “Застаюся назаўсёды…”, якая выйшла сёлета ў выдавецтве “Беларуская энцыклапедыя імя Петруся Броўкі”.

Кожны сезон Брэсцкае абласное аддзяленне Саюза пісьменнікаў Беларусі вылучае кнігі да ўдзелу ў прэстыжным літаратурным конкурсе, рыхтуе праграму выступлення для пляцоўкі “Слова пісьменніка”, прадстаўляе на рэспубліканскую выставу лепшыя кнігі, удзельнічае ў рабоце журы абласнога конкурсу “Жывая класіка”.

Напярэдадні свята пісьменнікаў парадавала перамога юнага чытальніка, выхаванца ДУА “Палац дзіцячай творчасці г.Баранавічы” Максіма Васільева. Таленавіта і прачула юнак прачытаў ўрывак з аповесці Васіля Быкава “Альпійская балада” і стаў лепшым з лепшых ва ўзроставай катэгорыі сярод вучняў 9-10 класаў.

Акрамя таго, у Бялынічах была прадстаўлена тэматычныя экспазіцыя, прысвечаная 1000-гадоваму гораду Брэсту, з ёй можна было пазнаёміцца на пляцоўцы “Кнігі і прэса Рэспублікі Беларусь”. А ў павільёне “Слова пісьменніка” кожеы меў магчымасць пагартаць кніжныя навінкі, у тым ліку, пісьменнікаў Брэстчыны – Зінаіды Дудзюк, Аляксандра Валковіча, Ірыны Морых, Георгія Тамашэвіча…

З прывітальным словам звярнуўся да прысутых празаік, гісторык, журналіст Анатоль Бензярук, пазнаёміўшы слухачоў з цікавымі гістарычнымі звесткамі; вершамі, прысвечанымі малой радзіме, і творчымі планамі з прысутнымі падзяліўся празаік і мастак з Баранавіч Мікола Бусько; паэтка Аксана Валуй зачаравала інтымнай і філасофскай лірыкай; глыбокія жыццёвыя развагі, запамінальныя лірычныя вобразы сталі адметнасцю выступленняў пінскіх паэтаў Жанны Завацкай і Валерыя Грышкаўца.

Брэсцкая дэлегацыя ўзяла ўдзел ў імпрэзе Саюза пісьменнікаў Беларусі “Роднае слова – светлае слова”, якая адбылася ў адноўленай Бялыніцкай дзіцячай школе мастацтваў, пабывала на ўрачыстых адкрыццях скульптурнай кампазіцыі, прысвечанай Бялыніцкай іконе Божай Маці і мастацкага музея імя В.К. Бялыніцкага-Бірулі. Літаратары наведалі лесатэхнічны каледж, супрацоўніца якога правяла экскурсію па ваенай экспазіцыі пад адкрытым небам, пазнаёміла з унікальнымі экспанатамі музея Канстанціна Сіманава.

Свята скончылася, але ярка заблішчаў яшчэ адзін беларускі дыямент – адноўлены, утульны беларускі гарадок Бялынічы, які і далей будзе прыцягваць увагу турыстаў, натхняць таленавітых і руплівых жыхароў на плённую працу, а пісьменнікаў – на  творчасць і праслаўленне нашага вялікага скарба – роднай мовы, зямлі, багатай на таленты і культурныя набыткі, крыніц духоўнасці і асветы. Наступны прыпынак свята – горад Капыль Мінскай вобласці…

Таццяна ДЗЕМІДОВІЧ, брэсцкая абласная  газета “Заря”