З любоўю да роднага слова, да Радзімы


Дэлегацыя Мінскага гарадскога аддзялення СПБ прыняла актыўны ўдзел у Дні беларускага пісьменства

11.09.2020                                                          Новости


Дэлегацыя Мінскага гарадскога аддзялення Саюза пісьменнікаў Беларусі прыняла актыўны ўдзел у Дні беларускага пісьменства. Свята праходзіла на гэты раз, як вядома, у г. Бялынічы Магілёўскай вобласці і доўжылася два дні. 5 верасня 2020 г. у святочных мерапрыемствах актыўны удзел прынялі пісьменнікі Віктар Праўдзін, Анатоль Матвіенка, Сяргей Трахімёнак, Іна Фралова, Іван Чарота, Аляксей Чарота і іншыя творцы. Асноўная дэлегацыя сталічнага аддзялення далучылася 6 верасня. На плацоўцы “Слова пісьменніка” прайшла паэтычна-песенная імпрэза “Радзіма мая дарагая”, якую распачаў старшыня МГА СПБ, паэт, празаік, перакладчык Міхась Пазнякоў. Далей мерапрыемства вяла паэтэса і перакладчык Іна Фралова.

Тут выступілі таксама пісьменнікі Дзмітрый Пятровіч, Вольга Паўлючэнка, Васіль Найдзін, Таццяна Жылінская, Вольга Шпакевіч, Алена Шчарбакова, Сяргей Трахімёнак, Аляксандр Плавінскі, Алена Басікірская.

А на галоўнай сцэне Тэатр паэзіі МГА СПБ паказаў спектакль “Старонцы роднай пакланюся”, дзе прагучалі вершы беларускіх класікаў, а таксама знакамітых сучасных паэтаў: Янкі Купалы, Якуба Коласа, Максіма Багдановіча, Міхася Башлакова, Навума Гальпяровіча, Змітрака Марозава, Міхася Пазнякова, Міколы Шабовіча. Прагучалі песні на вершы класікаў і сучасных паэтаў у выкананні спевакоў і кампазітараў Віктара Мяцельскага і Таццяны Жылінскай. А па-майстэрску прадставілі беларускую паэзію артысты тэатра: Алена Шабад — вядучы майстар Купалаўскага тэатра, Святлана Яфрэмава — яна ж рэжысёр і сцэнарыст спектакля, Вольга Багушыньска — яна ж мастацкі кіраўнік таэтра і юны таленавіты артыст тэатра паэзіі Роберт Багушыньскі.

Выступілі на галоўнай сцэне свята яшчэ і Андрэй Скарынкін — паэт і спявак, які выканаў дзве песні на словы Янкі Купалы. А таксама Міхась Пазнякоў, які звярнуўся да моладзі, заклікаў яе шанаваць і ўмацоўваць Беларусь сваёй вучобай, працай, талентамі. Ён разам з Інай Фраловай уручыў дыпломы і падарункі маладым пераможцам Рэспубліканскага конкурсу буктрэйлераў, які прысвячаўся 75 годдзю Вялікай Перамогі і быў арганізаваны Беларускім Рэспубліканскім саюзам моладзі.

Працавалі пісьменнікі і на стэндах выдавецтваў, СПБ, кнігагандлёвых арганізацый, дзе прайшлі аўтограф-сесіі.

Павел КУЗЬМІЧ

Фота Васіля Кулікова і Вольгі Норынай