АД НЁМАНА ДА ДРУЦІ


З праграмай «Край, дзе пачаўся мой лёс» на Дні беларускага пісьменства-2020 выступіла дэлегацыя Гродзенскага абласнога аддзялення СПБ

14.09.2020                                                          Новости


Дэлегацыя Гродзенскага абласнога аддзялення Саюза пісьменнікаў Беларусі ўзяла ўдзел у мерапрыемствах сёлетняга Дня беларускага пісьменства (Магілёўская вобласць, горад Бялынічы, 5-6 верасня 2020 года). 

У склад дэлегацыі ўвайшлі: старшыня Гродзенскага абласнога аддзялення СПБ, паэтэса Людміла Кебіч; дзіцячыя пісьменніцы Ганна Скаржынская-Савіцкая і Таццяна Сучкова; паэты Пётр Сямінскі, Анатоль Апанасевіч, Дзмітрый Радзівончык (Гродна); паэт Мікалай Іваноўскі (Ваўкавыскі раён); пераможца ІІІ Абласнога конкурсу рукапісаў імя Цёткі ў намінацыі “Адкрыццё года”, паэт, аўтар і выканаўца песень Андрэй Татур, а таксама публіцыст-гісторык Уладзімір Ягорычаў. 

Гродзенцы ўдзельнічалі ў святочных мерапрыемствах Дня беларускага пісьменства на працягу двух дзён, у павільёне “Слова пісьменніка” прадэманстравалі сваю праграму пад назвай “Край, дзе пачаўся мой лёс”, правялі прэзентацыі сваіх кніг і творчых праектаў, абмяняліся ўласным вопытам з калегамі з абласцей, атрымалі шмат уражанняў. Гродзенскі празаік Ліна Багданава ўдзельнічала ў праграме свята завочна, з дапамогай сваёй першай кнігі на беларускай мове пад назвай "Як маленькія сябры найвялікшы скарб шукалі" (выдавецтва “Беларусь”). Што гэта значыць? Напрыклад, у літаратурным квэсце "Скарбы князя Альшанскага" па матывах твораў Уладзіміра Караткевіча прысвечаная Бялынічам кніга гродзенскай пісьменніцы выканала ролю чароўнага ключа. Увогуле на рэспубліканскім узроўні Гродзеншчына літаратурная паказала сябе годна – разнастайна, змястоўна і самабытна, а творы нашых землякоў-удзельнікаў свята атрымалі станоўчыя водгукі. 

Гасцінная Бялыніцкая зямля з любоўю прыняла маштабнае свята творчасці і мастацтва слова, прадэманстраваўшы лепшыя якасці сваіх людзей, добрых, спагадлiвых і працавітых, якімі славіцца беларускі народ. Кожны госць свята адчуваў увагу і падтрымку з боку арганізатараў. Ветлівыя прамяністыя ўсмешкі нашых гiдаў яшчэ доўга будуць ззяць у нашай памяці, натхняць нас і напаўняць цеплынёй нашы душы. 

Сапраўдным падарункам для гасцей стала экскурсія на Буйніцкае поле і ў Музей Канстанціна Сіманава (Магілёў). Кароткатэрміновае знаходжанне ў абласным цэнтры, наведванне мемарыяльнага комплексу, знаёмства з музейнай экспазіцыяй таксама пакінулі яркі след у памяці і сэрцах людзей. 

За выдатную арганізацыю і магчымасць удзелу ў свяце літаратараў Гродзеншчыны ад імя калектыву Гродзенскага абласнога аддзялення СПБ выказваем шчырую падзяку Галоўнаму ўпраўленню ідэалагічнай работы і па справах моладзі Гродзенскага аблвыканкама, кіраўніцтву Бялыніцкага райвыканкама і калектыву Магілёўскага абласнога аддзялення СПБ на чале са старшынёй Алесем Казекам. Атмасфера свята ў Бялынічах была па-сапраўднаму чароўнай. Пісьменнікі адчулі сябе гаспадарамі Дня беларускага пісьменства; на вуліцах адноўленага, дагледжанага, чыстага, па-святочнаму ўпрыгожанага мястэчка можна было сустрэць “жывых” герояў іх твораў. Роднае слова, беларускае пісьменства ва ўсе часы з'яўляюцца крыніцамi духоўнасці, кодам ідэнтычнасці беларусаў, калыскай глыбокіх культурных традыцый, на якія багатая зямля нашай сінявокай Беларусі. Пераадолеўшы няблізкі шлях ад берагоў Нёмана да прытоку Дняпра, ракі Друць, на якой стаіць горад Бялынічы, члены пісьменніцкай дэлегацыі Гродзеншчыны адчулі галоўнае – духоўную еднасць нашых людзей, сапраўдных, шчырых беларусаў, якая гартавалася стагоддзямі, і ніякім вятрам, ніякім выпрабаванням яе не пахіснуць. 

Прэс-служба Гродзенскага абласнога аддзялення СПБ