
21.09.2020 Слово писателю
Мытнік, літаратар, гісторык – Анатоль Брытун. Лаўрэат абласной літаратурнай прэміі Брэсцкага аблвыканкама імя У.А. Калесніка, аўтар кніг “Пах мускусу”, “Сяліба”, “Трылогія прыгод тысячагоддзя”.
На Брэсцкай мытні служаць не толькі аматары спорту, але яшчэ і творчыя людзі. Напрыклад, старшы інспектар Анатоль Брытун. Вядомы ён тым, што піша кнігі, ведае гісторыю і выдатна валодае беларускай мовай. Сёння ён таксама госць «БВ».
– Раскажыце, як Вы прыйшлі ў прафесію мытніка?
– На прыканцы 90-х набіралі ў мытню людзей, якія маюць вышэйшую адукацыю і валодаюць замежнымі мовамі: паступіла прапанова, а затым мяне прынялі. Дагэтуль працаваў гідам-перакладчыкам, хаця па спецыяльнасці – інжынер-гідратэхнік.
– Атрымліваецца, што прафесія адразу Вас захапіла ў палон, калі на мытні працуеце столькі год?
– Прызнаюся шчыра, што спачатку мне не спадабалася. Адно працаваць у турызме і падарожнічаць па розных краінах, а другое – у мытні, дзе праца цяжкая і надзвычай адказная. Толькі пазней прыйшло разуменне, што твая праца неабходна тваёй дзяржаве, калі знаходзіш розныя гістарычныя каштоўнасці, вагоны ці кантэйнеры з кантрабандай… І гэта застаецца ў Беларусі, ідзе ў бюджэт, а людзі пасля атрымліваюць пенсіі і зарплаты.
– Кожны мытнік праходзіць ратацыю. Раскажыце пра Ваш шлях. Што было Вам больш да спадобы?
– Усе месцы доўга пералічваць. Спачатку працаваў на ТП «Брэст-Цэнтральны», а
затым на мытнам пасту «Буг». Мо, з дзясяткі разоў змянялася месца працы. Сёння нясу службу на ПТО «Аэрапорт-Брест». Тут больш падабаецца можа, і таму, што кожны хлопчык з дзяцінства марыць быць лётчыкам. Кажуць, можна вечна глядзець на агонь і ваду, я б яшчэ дадаў: і на тое, як узлятаюць самалёты, бо гэта сапраўдны цуд. Лічу, што на прыканцы службы мне пашчасціла
– Скажыце, ці змянілася мытня за трыццаць год?
– Кардынальна. Раней правяралі кантэйнеры,багаж інтуітыўна і рукамі, а зараз зусім іншая справа. Камп’ютэры падказываюць, каго з удзельнікаў міжнароднага гандлю, нашых, замежных экспарцёраў і імпарцёраў, варта сцісла праверыць, а каго спрошчана.
– Вы заўсёды размаўляеце на працы па-беларуску?
– Калі да мяне звяртаюцца па-руску, размаўляю на рускай мове, калі па-польску – на польскай, але калі пачую хоць адно беларускае слова, дык адразу размаўляю па-беларуску. Хачу адзначыць, што мова дапамагае ў працы: разумееш палякаў, сербаў, харватаў і іншых славян. Размаўляю на мове з суседзямі – жыхарамі Падляшша. Для сябе даўно зразумеў, што варта любіць і шанаваць сваю мову. Мова – гэта адметнасць і душа народа. Яна прыгожая, меладычная, таму і пішу свае творы выключна па-беларуску.
– Як атрымалася, што Вы сталі пісаць?
– Заўсёды меў жаданне. Але першыя творы з’явіліся недзе з дваццаць гадоў таму назад. Некалькі сваіх апавяданняў адправіў у часопіс «Паляўнічы і рыбалоў». Усе яны былі надрукаваныя і карысталіся поспехам. З цягам часу з’явіліся раман «Пах мускусу», сага-аповесць «Сяліба», якія прысвяціў малой радзіме, а апошнюю – «Трылогія прыгод тысячагоддзя» – тысячагадоваму Брэсту. Галоўныя героі маіх твораў людзі розныя: сумленныя, шчырыя, хітруны, кар’ерысты. Такія, якія сустракаюцца ў жыцці. Зараз пішу гістарычны дэтэктыў.
– Ці ёсць творы, напісаныя пра мытню?
– Канешне. Шмат твораў прысвяціў працы мытніка. Часта адбываюцца цікавыя выпадкі, якія так і просяцца на старонкі аркуша.
– Вы выдатна ведаеце гісторыю. І нават у Вас была заведзена гістарычная старонка ў Інтэрнэце…
– Так. Лічу, што кожны з нас павінен цікавіцца гісторыяй. Многія гістарычныя моманты становяцца сюжэтамі маіх твораў. Што датычыцца старонкі, быў час, калі там выкладаў усё, што мне траплялася па нашай гісторыі: арыгінальныя архіўныя дакументы, розныя гістарычныя карты… Нават меў больш за паўтара мільёна наведвальнікаў. Але калі зразумеў, што ёсць людзі, якія нашу славутую гісторыю ведаюць лепш за мяне, дык з радасцю ўступіў ім сваю тэму. Веданне гісторыі, як і мовы, таксама дапамагае ў працы мытніка.
Наталья ШЛЯЖКА, газета «Брестский вестник»