Лёс на далоні верша


Лёс на далоні верша: пра кнігу Кацярыны Роўды “Паэтычныя карункі”

30.09.2020                                  Литературная критика


Колькі кніг паэзіі выходзіць апошнім часам! Разгортваеш іх насцярожана – хочацца адкрыцця, захаплення, цуда. На жаль, большасць гладка напісаных вершаў, хаця і прыдатныя для дэкламацыі на ранішніках і да т. п., струны душы не закранаюць. Тым больш не выклікаюць жадання перачытаць ці вывучыць іх на памяць. Як жа прыемна, калі знойдзеш нарэшце кранаючыя радкі! У падарожжы па старонках выйдзеш за межы гарадской мітусні і ўсміхнешся, калі, зачытаўшыся, прапусціш свой прыпынак, як было з “Паэтычнымі карункамі” (менавіта так Кацярына Роўда назвала кніжку, што ўбачыла свет у мінулым годзе).

Радкі Кацярыны настолькі пранізлівыя і светлыя, што бяруць у палон адразу. Нездарма яны гучаць у радыёэфіры ў выкананні выкшалцонай Маргарыты Захарыя.

Вады –

Халоднай,

Калодзежнай,

Чыстай.

 

Кахання –

Надзейнага,

Чулага,

Смелага.

 

Веры –

Глыбокай,

Шчырай,

Празрыстай.

(“Вады…”)

Не пакінуць слухача абыякавымі і такія радкі:

Слёз няма. А на сэрцы – шклавата.

Малявала… А мне б памаліцца.

Вінавата. І я вінавата,

Што ўцякла з роднай вёскі ў сталіцу.

(“Дайце крэйду, і я намалюю…”)

 

Упэўнена, адна з прымет сапраўднай паэзіі – безабаронная шчырасць. Канечне, можна зрабіць адчужаны твар і пачаць расказваць пра яе вялікасць Лірычную Гераіню, толькі маладая аўтар яшчэ не навучылася хавацца за гэта аблічча. Таму па радках яе твораў, як па лініях далоні, чытаецца лёс – дзяўчынкі, якая спрабуе спалучаць словы ў верш, каб выказаць тое, што яе хвалюе, закаханай дзяўчыны, жанчыны-маці...

Я запомніла ўсё: ты прыехаў за мною.

Нам не верылі людзі, баялася маці.

Неўзабаве я жонкаю стала тваёю.

Я кахаю цябе! Дзякуй Богу за шчасце!

(“Я запомніла ўсё: і чароўныя вочы…”)

А скарае чытацкае сэрца яе талент плесці “паэтычныя карункі” не толькі тады, калі крохкае пачуццё разбілася на дробныя друзачкі, але і тады, калі душу перапаўняе шчасце. (Што да мяне, нават не шукайце, мая ЛГ ці пакутліва разважае, ці варта памерці ад стралы Амура адразу, ці з’едліва раздае “ўсім сястрычкам па завушнічкам”, падсумоўваючы вынікі таго стрэлу.)

Яе душа чулліва адгукаецца на прыгажосць і пачуццё кахання. У ёй светлай і выразнай захавалася Краіна дзяцінства, дзе “ў роднай хаце пахне пірагамі”, будуецца той самы падмурак характару, забягаючы наперад, адзначым, моцнага, няздольнага на кампрамісы і здраду сабе.

На лініях яе лёсу пазнаюцца і захапленне, і давер, і здрада, якую, на жаль, жанчыне даводзіцца перажыць не аднойчы. І расчараванне, і нежаданне быць “з кім папала”. Амару Хаяму яна верная – “лепш галадаць, чым што заўгодна есці”:

 

Недаспелых пачуццяў зялёнае збожжа

Хлебам шчасця не стане на белым абрусе.

Ад сырога кахання ўратуй цябе Божа

І ад доўгіх начэй у падмане і скрусе.

 

Не табой хоць аднойчы сагрэтае цела,

Хоць ты зверам крычы, а чужым застанецца.

Там, дзе здрада, як воран, між двух праляцела,

Колас шчырае вернасці больш не нальецца.

(“Недаспелых пачуццяў зялёнае збожжа…”)

Але гераіня вершаў дакладна ведае мяжу, якую не пераступіць, нават калі пітушчы дзядзька “словамі біў, бы пугай”: “Магла ж і паслаць “далёка” ці нават у нос нагою / Стрымалася, дзякуй Богу, шчаслівая, што не звер” (“У жоўта-зялёны колер фарбуеш старанна хату…”).

 

У зборніку Кацярына Роўда “пляце карункі” і на беларускай (раздзел “Чорным па белым”), і на рускай (раздзел “Касаясь краешка луны”) мове. Іншым часам ёй падаецца, што “пераключэнне рэгістру” дапаможа, калі не пішацца, калі вершы, якія ліліся ручаём, чамусьці не прыходзяць. Але ж, на маю думку, Кацярына бачыць сны на беларускай. Мяркую, не памылюся, калі скажу, што першыя спробы нараджэння верша былі менавіта на рускай і трапілі яны ў кнігу з мэтай дабраць аб’ём.

Пишу стихи. Но разве я поэт?

Уверенность – примета рифмоплёта.

Я в поисках строки, которой нет.

И что-то есть во мне от идиота.

(“Пишу стихи. Но разве я поэт?”)

 

…Господь в улыбке крошечки-ребёнка

У дяди бескорыстного в руках

(“А Бог живёт не только в стенах храма…”)

 

… Как много знаний даже в юной первоклашке

(“Как много слов в благословенной тишине…”)

У гэтых вершах часта сустракаюцца запазычаныя клішэ, што ўласціва перыяду вучнёўства.

У беларускіх радках, напісаных “чорным па белым”, вобразы дакладна вывераны і лішнім словам месца няма:

А я развешваю па сценах цішыню…

Хачу спакою, а не адзіноты.

Не напішу табе, не пазваню.

Дарэмна ўсё. Я забываю, хто ты.

Гэты верш завяршаецца афарыстычным:“…Няхай лепш ложак мой пустуе. / Чым з тым жыццё навекі раздзяліць, / Хто дзень за днём віном хлусні частуе” (“А я развешваю па сценах цішыню…”).

Умее яна і трапна іранізаваць, калі ў паэтычны асяродак трапляе асоба, якой “Тыя табе – дурні, мы – саўковыя / (Пішам пра прыроду і родны край)”:

Што ж табе так смешна з гасціннай шчырасці?

На імпрэзы ходзіш, як на абход.

Лічыш сябе зоркай? Паспела вырасці?

З’ела дасканаласці бутэрброд?

(“Што ж табе так смешна з гасціннай шчырасці?..”)

 

У яе радках лёгка знаходзіцца месца і суму, і ўсмешцы, і малітве:

Халодны горад, несупынны бег.

Аўтобусы, тралейбусы, трамваі.

А я хачу туды. Дзе чысты снег.

Няхай сабе, як сёлета, у маі.

(“Халодны горад, несупынны бег…”)

 

Раскрываю душы нечытаную кнігу

І малітву сваю да Ўсявышняга ўзношу.

Адчуваю спакой, благадаці адлігу.

Гэта нельга адчуць ні за якія грошы.

(“Забалела ў грудзях…”)

“Маленькая вялікая дзяўчынка” (як паэтэса сябе іншым часам называе) валодае і добрым пачуццём гумару. Сведчаннем таму верш пра тое, як шукала натхненне (“Вы ведалі гэта? Вы гэта ці чулі?”). Цудоўна, што ў рэшцэ рэшт  яно знайшлося, значыць, нас чакаюць новы сустрэчы з кніжкамі Кацярыны.

Вольга ПАЎЛЮЧЭНКА