ПА-АСЕННЯМУ, АЛЕ ЦЁПЛА


У рамках дэкады «Залаты ўзрост» адбылося пасяджэнне літаратурнай гасцёўні Гродзенскага абласнога аддзялення СПБ

12.10.2020                                                         Новости


5 кастрычніка ў Цэнтры рамёстваў «Спадчына» Гродзенскага гарадскога цэнтра культуры ў рамках дэкады «Залаты ўзрост» адбылося пасяджэнне літаратурнай гасцёўні Гродзенскага абласнога аддзялення Саюза пiсьменнiкаў Беларусi. У паэтычнай праграме «Восеньскi вершапад» узялi ўдзел сучасныя лiтаратары розных пакаленняў не толькi з горада над Нёманам. 

Удзел у прысвечанай Дню пажылых людзей дэкадзе «Залаты ўзрост» для калектыва Гродзенскага абласнога аддзялення Саюза пiсьменнiкаў Беларусi з'яўляецца добрай традыцыяй на працягу многіх гадоў. I гэта цалкам заканамерна – сярод ветэранаў Вялiкай Айчыннай вайны, ветэранаў Узброеных сiл, ветэранаў працы ў пiсьменнiкаў Прынёмання нямала верных сяброў i актыўных чытачоў. Вось і гэтым разам выступоўцы змаглі пабачыць сярод прыхiльнiкаў мастацкага слова знаёмыя твары. Да ўсеагульнай радасці. 

Лiтаратурныя cустрэчы пад назвай «Восеньскi вершапад» таксама з'яўляюцца традыцыйнымi. 5 кастрычніка пасяджэнне літаратурнай гасцёўні ў Цэнтры рамёстваў «Спадчына» адбылося па ініцыятыве Гродзенскай гарадской арганізацыі ветэранаў. Цэнтр рамёстваў «Спадчына» Гродзенскага гарадскога цэнтра культуры размяшчаецца ў гістарычным цэнтры Гродна, на вулiцы Рэйманта, 12. Дэлегацыi Гродзенскага абласнога аддзялення СПБ не раз наведвалi гэтую ўстанову культуры для ўдзелу ў розных мерапрыемствах. Унікальная лакацыя – некалькi будынкаў 30-х гадоў мінулага стагоддзя – з'яўляецца месцам, дзе пануе непаўторная атмасфера даўнiны, валадарыць неўміручы дух беларускiх народных традыцый, рукадзелля, чароўнага дару чалавечай душы – таленту, i сама па сабе заслугоўвае асобнага аповеду

У сёлетнiм кастрычнiцкiм «вершападзе» выступiлi: члены СПБ, гродзенскiя паэты Бранiслаў Ермашкевiч, Людмiла Шаўчэнка, Пётр Сямiнскi, Дзмiтрый Радзiвончык, а таксама прадстаўнiк Ваўкавыскага раёна, беларускi паэт Вiктар Курловiч. Важная асаблівасць літаратурнай гасцінай – удзел у яе праграме прынялі маладыя гродзенскія паэтэсы Антаніна Нурэтдзiнава i Кацярына Iгнацюк. Такім чынам паэзія чарговы раз аб'яднала розныя пакаленні і паслужыла сімвалічным мостам праз раку часу. Прагучалі вершы на вечныя тэмы, простыя і зразумелыя любому чалавеку незалежна ад узросту. Не абышлося без вершаваных віншаванняў з нядаўнім Днём настаўніка. Ключавым жа ў паэтычнай праграме стаў матыў восені. 

Восень – пара года шчодрая на дары. Ва ўрачыстай абстаноўцы паэты Пётр Сямiнcкi i Вiктар Курловiч атрымалi падарункi (зборнiкi перакладаў) i падзякi ад арганiзатараў V Мiжнароднага фестывалю-конкурсу паэзii i паэтычных перакладаў «Берагi дружбы» (Растоўская вобласць). А Вiктар Георгiевiч быў узнагароджаны медалём «Ганаровы настаўнік творчай моладзі». Вершы сучасных паэтаў-землякоў публіка сустрэла гучнымi апладысментамі. Творчасць маладых паэтэс атрымала добразычлівыя водгукі старэйшых калег. Сустрэча скончылася шчырай сяброўскай гутаркай, прайшоўшы па-асенняму, але вельмі цёпла. 

Прэс-служба Гродзенскага абласнога аддзялення СПБ

Вiдэаверсiю iмпрэзы можна паглядзець тут: https://youtu.be/raF-_zO_DbM