“Дай нам, Божэ, добрэ лето”


У Лунінцы прайшоў музычна-літаратурны фестываль “Зорка Наталлі”

14.10.2020                                                         Новости


Песня гучала малітвай для ўдзельнікаў музычна-літаратурнага фестывалю Зорка Наталлі”...

У 9-ы раз у гімназіі г. Лунінца Дзень беларускага пісьменства прысвячалі Наталлі Іванаўне Мурко (29.02.1952-31.12.2011). Назва фестывалю нагадвае пра яе любімы раманс “Зорка Венера”. На выставе “Напісанае застаецца” прадставілі кнігі паэтаў, якія ў розныя гады былі гасцямі элітнай установы адукацыі і захапляліся таленавітай спявачкай. Услед за Яўгеніяй Янішчыц і Нінай Мацяш лунінчанку далучылі да “Пантэону палескіх Мадон...

Пра гэта ведае старэйшае пакаленне. Успамінамі падзяліліся ветэран педагагічнай працы Наталля Іванаўна Казанкова і намеснік дырэктара раённага арганізацыйна-метадычнага цэнтра Алена Дзянісаўна Яскевіч. Яе з мужам, Мікалаем Юр'евічам, сямейны дуэт падарыў гледачам славутыя абрадавыя спевы са спісу 100 лепшых народных песень...

А што ж гімназісты? Для тых, хто ўпершыню чуў пра Наталлю Мурко, вядучыя Таццяна Нагорная і Ілля Швед падрыхтавалі сапраўднае даследаванне. Яны на канкрэтных прыкладах з біяграфіі шматграннай асобы даказалі, што таленавіты чалавек годны памяці грамадства. Гучалі запісы незабыўнай спявачкі. У яе гонар выковналі творы захопленыя вакалам юныя пераемніцы Ангеліна Грушэўская, дуэт Алены і Наталли Яраховічаў, пад мелодыю песні з рэпертуару Наталлі Мурко харэаграфічную кампазіцыю стварылі ўдзельнікі клуба спартыўнага танца “Мірыданс”. 

Прапанова правесці тэст на ўважлівае чытанне раённай газеты выклікала ўсмешкі. Але скептыкі былі пасаромлены – 11-класніца Насця Халімон бліскуча адказала на пытанні, паказаўшы аднагодкам, што на старонках “Лунінецкіх навін” можна знайсці шмат карыснай інфармацыі пра малую радзіму. 

А вось святкаванне ў цяперашняй сталіцы беларускага пісьменства засталося па-за ўвагай юнакоў і дзяўчат. Цэнтральнай жа падзеяй стала адкрыццё помніка анёлу, які трымае Бялыніцкую ікону Божай Маці. Нагадалі, што на заўчасны сыход Наталлі Мурко адна з яе вучаніц адгукнулася песняй са словамі: “Анёл пакінуў горад...”. I з ёй салідарны лунінчане, якія захоўваюць у душы памяць аб прыгожым і таленавітым чалавеку, – іх колькасць штогод прырастае новымі вучнямі гімназіі.

Таццяна КАНАПАЦКАЯ. Фота аўтара