Малітва любові


У Гродзенскім дзяржаўным медыцынскім універсітэце выступiла паэтэса Вiкторыя Смолка

15.10.2020                                                         Новости


У Гродзенскім дзяржаўным медыцынскім універсітэце праходзяць літаратурныя сустрэчы з удзелам прадстаўнiкоў Гродзенскага абласнога аддзялення СПБ. 8 кастрычніка студэнтаў медыка-псіхалагічнага факультэта са сваёй творчасцю пазнаёміла маладая паэтэса Вiкторыя СМОЛКА. 

Вельмі часта ў нашым жыцці за кучай спраў і розных падзей мы забываемся на хвілінку спыніцца і проста... памаліцца. Памаліцца Богу з удзячнасцю за сябе, за сваіх блізкіх, за тое, што ён дапамагае нам жыць, тварыць і проста любіць. Менавіта з такой малітвы, «малітвы любові» 8 кастрычніка і пачалося мерапрыемства, падрыхтаванае супрацоўнікамі бібліятэкі для студэнтаў 9 і 10 групы медыка-псіхалагічнага факультэта, на якое была запрошаная маладая паэтка, прадстаўнік Гродзенскага абласнога аддзялення Саюза пісьменнікаў Беларусі, Вікторыя Смолка. 

Вікторыя Смолка ўжо не раз выступала перад нашымі студэнтамі з чытаннем сваiх вершаў на беларускай мове. І кожны раз паэзiя знаходзіла і знаходзiць водгук у душах слухачоў, бо вершы Вiкторыi прасякнуты бязмежнай любоўю да жыцця, дабрынёй і святлом унутранага свету гэтай маладой паэтэсы. Пра сябе і сваю творчасць Вікторыя гаворыць цытатай вядомага беларускага паэта Максіма Багдановіча: «Добра быць коласам, але шчаслівы той, каму давялося быць васільком. Бо нашто каласы, калі няма васількоў?». І менавіта такім «васільком» Вікторыя і паўстала перад студэнтамі, чытаючы свае вершы, напоўненыя глыбокім сэнсам. 

Шмат увагі наша госця надае сямейным традыцыям, святам. Дзяўчына заклікала маладое пакаленне не забываць свае карані, сваіх блізкіх, часцей вечарам збірацца за круглым сталом, абмяркоўваць надзённыя праблемы. Таксама не забываць сваіх настаўнікаў, тым больш, што зусім нядаўна мы адзначылi свята – Дзень настаўніка. З гэтай нагоды быў прачытаны верш «Вам – пашана, вам – падзяка...». Паэтэса паказала студэнтам два зборнікі сваіх вершаў: «Зоркаму сэрцу» i «Анёл-ахоўнiк». Гэтыя кнігі ёсць у бібліятэцы ВНУ. Таксама Вікторыя падарыла аўдыторыi некалькі сваіх паштовак «З вершаняткавай дзюбкi».

Мерапрыемства скончылася апладысментамі. Дзякуй Вам вялікi, Вікторыя! Чакаем новых паэтычных сустрэч! 

Бiблiятэка ГрДМУ

 

Больше новостей читайте в нашем телеграм-канале Союз писателей Беларуси