.dbd.jpg)
27.10.2020 Литературная критика
Выйшаў з друку паэтычны зборнік “Родны бераг” гомельскай паэтэсы, члена Саюза пісьменнікаў Беларусі Тамары Кручэнкі, выдадзены па выніках абласнога літаратурнага конкурсу “Праваслаўе – мая надзея!”, заснаванага Гомельскай епархіяй і Гомельскім абласным аддзяленнем ГА “Саюз пісьменнікаў Беларусі.
Вершы Тамары Кручэнкі — ураджэнкі пайцэнтра Мядзел, што на Міншчыне, выпускніцы факультэта журналістыкі Беларускага дзяржаўнага ўніверсітэта, лаўрэата многіх літаратурных прэмій, у тым ліку міжнародных, творы якой перыядычна друкуюцца ў шматлікіх перыядычных выданнях, альманахах і кнігах у Беларусі, Украіне і Расіі, — можна ахарактарызаваць адным выразам: яна піша праўду жыцця.
І такое адзначэнне далёка не выпадковае. Прыйшла ў літаратуру Тамара Віктараўна праз журналістыку. Пачынала свой працоўны шлях у “Гомельскай праўдзе”, затым перайшла ў “Наватар” (ведамасную газету гомельскага шклазавода), потым вярнулася зноў у “Гомельскую праўду”, дзе дагэтуль, на працягу амаль трох дзесяцігоддзяў, і шчыруе. Галоўная тэма ў творчасці — чалавек працы. Бацькі навучылі яе паважаць людзей, якія жывуць, што назваецца “з мазаля”, а ў такіх беларусаў звычайна і жыццёвы лёс няпросты. Яна ж магла кожнага выслухаць і паспачуваць, умела браць на сябе чужы боль. І тады выпырхвалі з яе сэрца, як птушкі на волю, кранальныя артыкулы, якія з удзячнасцю прымалі чытачы, чыталі і самі героі (многія нават дагэтуль захоўваюць нумары гэтых газет, перадаюць іх сваім дзецям у спадчыну). Але натуры па прыроде паэтычнай, выхаванай на беразе чароўнай Нарачы, дзе нават самі нябёсы блаславілі яе на ўсё жыццё сеяць словы ў радкі, карцела дзеля гэтых людзей зрабіць нешта большае. І Тамара пакрысе спрабавала зарыфмаваць свае пачуцці. Нешта атрымлівалася добра, нешта з напісанага нараджаючайся паэтцы не падабалася, таму і не надта спяшалася з абнародаваннем, бо вельмі паважала таленавітых паэтаў і іх працу, таму сур’ёзна ставілася да свайго ўласнага паэтычнага радка, якія нараджала душа. Журналістыка, праца, сям’я з гадамі займалі ўсе яе думкі, але не-не, ды і народзіцца верш. А калі за плячыма займела багаты жыццёвы вопыт, асмялела яе і паэзія. І вельмі хутка “прабілася” да чытача і палюбілася яму. Нягледзячы на прызнанне (вершы друкавалі часопісы, газеты, і не толькі беларускія) Тамара Кручэнка засталася па-ранейшаму чалавекам шчырым, нераўнадушным. Там часам адзін за другім выходзілі яе паэтычныя зборнікі “Край бацькоўскі”, “Ад берагоў Дзясны да Сожа”, “Прысвячэнне”. І яе слова “спела” усе болей і болей. У было нямала яркіх пачуццяў, непадробнай шчырасці і хвалюючай споведзі. Больш таго: у сваіх вершах Тамара Кручэнка не проста паэтэса, а грамадзянін сваёй Беларусі, дзе “...дыхаецца вольна, на ўсе грудзі, вышэй і неба восеньскага хмары...”, дзе “дыяментамі росы на жолабах траў, завушніцы бярозак, каралі з ігліцы...”. Яна любіць свой родны край, свой “кут радзінны”, верыць у “дзівасіл Беларусі — бацькоўскую мову”. Надзвычай светлыя вершы прысвячае самым блізкім людзям і землякам, малой радзіме, без якой цяжка існаваць на свеце: “адчула раптам: змоўкну, задыхнуся, калі сваёй радзімы не пабачу...”, бо “...там дыхаецца вольна, на ўсе грудзі, вышэй і неба восеньскага хмары...”
Але паралельна з паэзіяй Тамара Кручэнка актыўна працавала ў публіцыстыцы, выпусціла нават цэлы зборнік нарысаў “Лёсаў зорныя імгненні”. Тут яна застаецца вернай свайму прафесійнаму прызванню — па-ранейшаму піша выдатныя замалёўкі і нават апавяданні, прысвечаныя чалавеку працы, чалавеку з няпростым лёсам, дачка ветэрана вайны распавядвае нам, сённяшнім, пра сапраўдных герояў, што адстаялі сваю зямлю ў крывавай Вялікай Айчыннай…
І вось, нарэшце, зноў пачуўся паэтычны голас таленавітай гомельскай паэткі: выйшаў з друку новы зборнік паэтэсы — “Родны бераг”.
Пранізліва, пяшчотна, усхвалявана піша Тамара Кручэнка аб дарагіх яе сэрцу людзях, аб трывогах, якія напаўняюць душу, аб тым, што ёсць і заўсёды застанецца першаасновай жыцця. Адметнасць зборніка: большасць вершаў — гэта водгук на наша сённяшняе жыццё. Так, паэтычныя творы тут маюць у поўным сэнсе сацыяльнае значэнне і гучанне, патрабуюць адказу ад кожнага з нас: чаму так мы жывём? Што з намі зрабілася, калі мы трацім чалавечую годнасць, вякамі сфарміраваную народам маральнасць, духоўны ўклад?
Нельга раўнадушна адрэагаваць на гэтыя, здавалася б, простыя радкі:
…Нібы з паверха ў рай ляцела,
Нібы душою было і цела.
Ляцела цётка ў свае Прыбыткі,
Каб там падвесці жыцця здабыткі.
Труна як човен пасярод хаты
Асірацелай і небагатай.
Галосіць вёска: няма Аксінні!
Якою маці была для сына!
Хавае ж бабку адна ўнучка…
Сын не прыехаў: прапіў палучку.
“Памяці бабулі Аксінні”
Тамара Кручэнка боль другога чалавека адчувае кожным нервам. Паэтку, напрыклад, вельмі хвалюе, што сённяшняя моладзь сама сябе “…абабрала. І душу не трывожыць тваю\\ Боль ніякі і клопат пра маці…”. А маці ж аддала дачушцы, разам з усім матэрыяльным, аддала самае вялікае багацце: “Дабрыню ўвесь век аддаю”, толькі “яе ты не хочаш забраці”:
Затуляю ад бедаў, трывог,
Ад няўдалых сяброў і ўчынкаў,
Ты ж цураешся родных дарог
І нябёс-васількоў, аблачынак.
Забываеш свае карані,
І клады, дзе бабуля й дзядуля…
Барані цябе Бог, барані,
Ад вар’яцкае долі разгульнай.
“Малітва маці”
“Родны бераг складаецца з пяці раздзелаў. Тут дапытлівы чытач абавязкова знойдзе вершы на духоўную тэматыку, прысвечаныя гераічнай барацьбе беларускага народа супраць нямецка-фашысцкіх захопнікаў у гады Вялікай Айчыннай вайны, якія не могуць пакінуць раўнадушнымі нікога.
Дарэчы, шмат тут і вершаў-прысвячэнняў. Так, пранікнёныя радкі створаны паэткай у вянок памяці Віктара Дзмітрыевіча Вятошкіна, поўнага кавалера ордэна Славы, ганаровага грамадзяніна горада Гомеля і вобласці, Паліны Калашнікавай, удзельніцы Вялікай Айчыннай вайны, кранаюць вершы пра нялёгкі пасляваенны лёс салдацкіх удоў, прысвячэнні маці і сябрам-калегам па творчасці не могуць не крануць. З цікавасцю чытач прачытае яшчэ адзін раздзел, які склалі пераклады вершаў паэтаў Расіі — Валянціна Дзінабургскага, Віктара Валодзіна, Уладзіміра Сарочкіна, Валянціны Крысанавай, Галіны Конюхавай, Ганны Перавозавай.
Як мне падаецца, самыя шчымлівыя, пранікнёныя радкі — аб нарачанскай зямлі, дзе нарадзілася паэтка, і той зямлі, якая дала ёй своеасаблівы жыццёвы стрыжань:
Табе прывітанне, мой край неабдымны,
Я з поўдня вязу, ад самога Палесся.
І чую пах юшкі, падкопчанай дымам,
І голас спрадвечнай бабулінай песні.
“Дарога дадому падасца далёкай…”
А гэты край – ад Прыпяці да Сожа –
На карце, бы бацькоўская далонь…
О, Гомельшчына, ты – маё натхненне,
Зямля сяброў, мой чалавечы лёс…
Ступае ўжо ўнука пакаленне
На бераг Вечнасці, на Сожа плёс.
“Гомельшчыне”
Перакананы: “Родны бераг” Тамары Кручэнкі знойдзе свайго чытача. А за гэтую творчую сустрэчу трэба хачу яшчэ падзякаваць арцыбіскупу Гомельскай епархіі Стэфану, дзякуючы чыёй падтрымцы, у тым ліку і фінансавай, выйшаў гэты зборнік сапраўднай паэзіі.
Уладзімір ГАЎРЫЛОВІЧ
Фота аўтара