Каб імя стала мэтай…


Пры ўваходзе ў СШ №3 г. Лунінца ўсталявана мемарыяльная дошка ў гонар Героя Савецкага Саюза Аляксандра Петрушэўскага

03.11.2020                                                         Новости


Пры ўваходзе ў СШ №3 г. Лунінца ўсталявана мемарыяльная дошка ў гонар Героя Савецкага Саюза Аляксандра Петрушэўскага (1898-1976).

Што магла сказаць першакласнікам, якія пераважалі на школьным двары? Але так сталася, што мітынг, прысвечаны гэтай падзеі, прызначылі на 9 кастрычніка. Нагадала, што знакавая для нашага раёна дата – у 1943 годзе ў гэты дзень фашысты спалілі Дзятлавіцкія хутары, забіўшы больш за дзвесце чалавек... І для мяне асабіста адкрыццё мемарыяльнай дошкі ў памяць аб земляку-генерале сімвалізавала падзяку ўсёй Чырвонай Арміі, якая вызваліла ад фашызму і нашу краіну, і ўсю Еўропу.

Вучні выступілі з літмантажам, вершамі і прозай кажучы аб неабходнасці захавання гістарычнай спадчыны. Трэба аддаць належнае намесніку дырэктара па выхаваўчай рабоце Ірыне Вароніч – праграма стварала ўражанне фрагмента свята, годнага юбілею Вялікай Перамогі. Зачыталі зварот ветэрана-педагога Івана Панасюка, які быў ініцыятарам адкрыцця мемарыяльнай дошкі. Дзеці ўсклалі чырвоныя гваздзікі на столік, быццам да падножжа мемарыяльнага знака...

Сярод ганаровых гасцей былі прадстаўнікі аддзела ідэалагічнай работы, культуры і па справах моладзі, а таксама аддзела па адукацыі. Кароткі мітынг завяршыўся, але наперадзе – непачаты край работы. Падумала так, калі загадчык сектара Таццяна Трэгубава ўнесла слушную прапанову:

– Калектыў можа імкнуцца да прысваення школе імя Аляксандра Васільевіча Петрушэўскага...

СШ №3 мае велізарны і надзвычай каштоўны вопыт работы – у 1980-ыя гг. у раёне школа была флагманам па ваенна-патрыятычнаму выхаванню. Невялікая ўрачыстасць паказала, што прапанова трапіла на добрую глебу новага пакалення захопленых педагогаў. Няхай імя адзінага з ураджэнцаў Лунінца – Героя Савецкага Саюза настройвае вучняў і настаўнікаў на дасягненне высокай мэты.

Таццяна КАНАПАЦКАЯ. Фота аўтара