Ты куды? У бібліятэку! Школьную…


Міжнародны дзень школьных бібліятэк адзначылі ў СШ №1 г. Брэста

03.11.2020                                                         Новости


З 1999-га па ініцыятыве ЮНЭСКА Міжнародны дзень школьных бібліятэк адзначаецца штогод, кожны чацвёрты панядзелак кастрычніка. Менавіта ў школьнам храме кнігі юны чытальнік упершыню знаёміцца з багатым светам літаратуры, вучыцца беражлівым адносінам да кнігі.

У СШ №1 г. Брэста на традыцыйнае мерапрыемства былі запрошаны бібліятэкары гарадской цэнтральнай бібліятэцы імя А.С. Пушкіна і старшыня Брэсцкага абласнога аддзялення Саюза пісьменнікаў Беларусі Таццяна Дземідовіч, якая расказала вучням 8 класаў пра даўняе цеснае супрацоўніцтва творчай суполкі з бібліятэкамі горада.

“Мы часта ладзім сумесныя творчыя мерапрыемствы, школьнікі з задавальненнем наведваюць нашы прэзентацыі, літарутурныя сустрэчы ў бібліятэках, музеях і на адкрытых пляцоўках, – падкрэсліла Таццяна Дземідовіч. – У школьных бібліятэках працуюць ініцыятыўныя, вопытныя супрацоўнікі, якія могуць не толькі параіць вучню добрую кнігу, аапіраючыся на яго ўзрост, стан душы і захапленні, але і падтрымліваюць тых дзетак, якія самі спрабуюць пісаць”.

Таццяна Анатольеўна таксама расказала вучням пра пісьменнікаў, якія працуюць на Брэстчыне, прадставіла іх кніжныя навінкі.

Супрацоўнікі бібліятэкі падрыхтавалі кніжную выставу. Ірына Фаміна пазнаёміла прысутных з шырока вядомымі аўтарамі і іх кнігамі, а таксама з творчымі здабыткамі пісьменнікаў-берасцейцаў. Наталля Арцёмчык расказала пра паслугі гарадской бібліятэкі для вучняў, якія шукаюць дадатковую вучэбную літаратуру, рыхтуюцца да ўступных экзаменаў, паглыблена займаюцца навукамі.

Настасся НАРЭЙКА