Чароўная сіла мастацтва


У клубе “Спадчына” адбылося ўрачыстае мерапрыемства з нагоды Дня маці з удзелам Міхася Пазнякова

04.11.2020                                                         Новости


Ужо 6 гадоў плённа працуе пры гімназіі № 35 г.Мінска літаратурны клуб “Спадчына”, створаны сумесна са сталічным аддзяленнем Саюза пісьменнікаў Беларусі. Шмат выдатных празаікаў і паэтаў, творчых дзеячаў наведалі нашу гімназію і правялі вялікі шэраг сустрэч з вучнямі. Традыцыйнымі сталі адборачныя туры гарадскога конкурсу чытальнікаў беларускай паэзіі, адкрытыя гарадскія літаратурныя чытанні, майстар-класы ад творцаў, душэўныя сустрэчы з майстрамі слова, тэматычныя мерапрыемствы, канцэрты, музычныя імпрэзы. Разнастайнасць пералічаных мерапрыемстваў сведчыць пра рознабаковае ўспрыняцце вучнямі мастацтва. Не толькі жывое беларускае слова, але і гук, мастацкае палатно, жэст, міміка спрыяюць духоўнаму развіццю дзіцяці, душэўнаму наталенню чарадзейнай сілай мастацтва.

У кастрычніку ў клубе “Спадчына” адбылося ўрачыстае мерапрыемства з нагоды Дня маці. Шаноўным госцем быў запрошаны Міхась Паўлавіч Пазнякоў. Вучні падрыхтавалі цудоўныя вершы пра маму, малюнкі, танцы, загадкі. Прысутныя бацькі, госці ацанілі шчырасць і цеплыню сустрэчы. Міхась Паўлавіч расказаў вучням пра сваю маму, пачытаў вершы, прысвечаныя ёй. Нашу імпрэзу мы ўпрыгожылі музычным падарункам ад кампазітара Аляксандра Якіменкі. Гэта ўжо святая песня ў нашай гімназіі. Песня “Матчына хата” на словы М.П.Пазнякова. З вялікім задавальненнем прысутныя падпявалі радкі з песні. Маці адной з вучаніц 5 класа слушна заўважыла пра неабходнасць, асабліва ў цяперашні час, правядзення такіх духоўна-маральных і значных мерапрыемстваў, якія абуджаюць у сучаснага пакалення павагу да дарослых, грамадзянскасць і патрыятызм, дабрыню і міласэрнасць.

Сярод вучняў прысутнічалі пастаянныя члены літаратурнага клуба “Спадчына”, якія неаднаразова станавіліся пераможцамі літаратурных конкурсаў Мінскага гарадскога аддзялення Саюзам пісьменнікаў Беларусі. На працягу работы ў літаратурным клубе яны ўжо напрацавалі пэўны вопыт, маюць сваё меркаванне, погляд. Кожны з іх крэатыўны, творчы, інтэлектуальны чалавек. Прапаную вашай увазе меркаванне вучніцы 7 класа Рэкуць Дзіяны, пераможцы міжнароднага конкурсу МГА СПБ “Славянскі калейдаскоп”, якая вельмі тонка адчувае ўздзеянне мастацтва на развіццё чалавека ў цэлым:

“Кожнаму чалавеку ўласціва выпрабоўваць эмоцыі. Яны бываюць як станоўчымі, так і адмоўнымі. І кожнаму з нас хочацца падзяліцца добрай навіной ці, наадварот, праблемамі. Але не заўсёды знойдзецца чалавек, які цябе выслухае. Таму вельмі часта людзі перадаюць свае эмоцыі праз тэкст, палатно, танец і песню. А гэта ўсё і ёсць мастацтва!

Вы калі-небудзь задумваліся над каляровай гамай карціны? Словамі песні? Аб тым ці іншым учынку героя ? А між тым, менавіта так аўтар выказвае свае эмоцыі, пачуцці, перажыванні, думкі.

Але не толькі ў гэтым усё хараство мастацтва. Яно развівае як інтэлектуальна, так і духоўна. Яно вучыць нас падзяляць ўчынкі на правільныя і няправільныя, карысныя і бессэнсоўныя. Таксама паказвае характар чалавека з усіх бакоў.

Яскравы прыклад таму — кніга. З ранніх гадоў яна вучыць дзіця падзяляць дабро і зло. Яшчэ кніга дапамагае нам рабіць менш памылак у сваім жыцці. Бо, убачыўшы нядобрую сітуацыю ў герояў твора, чалавек паспрабуе пазбегнуць яе. Хачу адзначыць і тое, што кнігі дапамагаюць нам вучыцца разбірацца ў людзях. Бо ў літаратурным творы характар чалавека апісаны з розных бакоў. І, супаставіўшы выдуманага персанажа і рэальнага чалавека, чытач можа зразумець, якія ў яго матывы. Але кніга не адзіны наш настаўнік.

Выкажам меркаванне пра жывапіс. Першапачаткова можа здацца, што гэты від мастацтва нічому не можа нас навучыць. Проста зрокавае задавальненне! Але не, гэта зусім не так. Выяўленчае мастацтва вучыць нас бачыць прыгожае. Калі мы бачым які - небудзь прыгожы пейзаж, мы жадаем знайсці і ўбачыць яго ўжывую. Мы пачынаем заўважаць усё больш і больш цудоўных момантаў, якія пранікаюць у душу, у самае сэрца. І гэтаму нас вучаць карціны.

А опера і балет! Гэта неабходныя віды мастацтва. Тут чалавек перадае ўсе перажыванні праз музыку і танец. А гэта не лягчэй, чым словамі! Бо кожны выгін, паварот, кожная нотка і прыпынак перадаюць сваю эмоцыю. Тут мы, як быццам ў рэальнасці, бачым змену настрою і пачуццяў героя. Гэта вельмі моцна развівае наш унутраны свет.

Мастацтва мяняе чалавека. Часцей за ўсё ў станоўчы бок. Дзякуючы яму адбываецца інтэлектуальнае і духоўнае развіццё чалавека. Калі б яго не было, чалавецтва затрымалася б на адной прыступцы развіцця. Не адбыўся б навуковы прагрэс. І мы б не маглі размаўляць адзін з адным у іншай краіне ці за некалькі гадзін патрапіць у іншы горад. Не было б такой медыцыны, як зараз. Гэта ўсё дзякуючы мастацтву. Калі б яшчэ тады, у далёкім 16 стагоддзі не пачалася б Эпоха Адраджэння, то мы б так і засталіся жыць у Сярэднявеччы. У той час пачалося развіццё культуры: былі напісаны дзясяткі выдатных карцін, прыдумана мноства знакамітых твораў і створана шмат цудоўных скульптур. Дзякуючы яму, мы зараз жывем у свеце, які мы ведаем.

Так што Рэнесанс — адна з найважнейшых вех у гісторыі чалавецтва.

Я толькі магу сказаць, што, калі б не мастацтва, жыццё і сам чалавек былі б зусім іншымі. Праўду кажуць: “Мастацтва — вялікая сіла!”

Безумоўна, не могуць не радаваць такія разважанні тваіх вучняў. Калі пасеянае зерне пачынае даваць усходы.

Мы шчыра дзякуем старшыні Мінскага гарадскога аддзялення Саюза пісьменнікаў Беларусі, іншым нашым дарагім сябрам гімназіі № 35г.Мінска за тое, што нягледзячы на цяжкасці, вялікую занятасць, эпідэміялагічную сітуацыю, яны знаходзяць час і жаданне данесці да маладога пакалення разуменне гэтай чарадзейнай сілы Мастацтва, перадаць свой вопыт і часцінку свайго сэрца!

ЛОЙКА Наталля Пятроўна, настаўніца беларускай мовы і літаратуры

Фота аўтара