З ПОЗІРКАМ НА ЗАЎТРА


Уладзімір Гаўрыловіч выступіў на дыялогавай пляцоўцы па ўдасканаленні дзейнасці сістэмы культуры ў кантэксце канстутыцыйнай рэформы

05.11.2020                                                         Новости


У Гомельскай вобласці актыўна ладзяцца дыялогавыя пляцоўкі, на якіх вядзецца абмеркаванне праблем, якія хвалююць насельніцтва, прадстаўнікоў тых альбо іншых сфер жыцця. Іх мэта: абмеркаванне і фарміраванне прапаноў па ўнясенні змяненняў у Канстытуцыю Рэспублікі Беларусь. Адна з такіх пляцовак працуе ў Грамадска-культурным цэнтры абласнога цэнтра. 30 кастрычніка тут абмеркававалі пытанні ўдасканалення дзейнасці культуры рэгіёна і краіны. Спецыяльна запрасілі дзеля гэтага і прадстаўнікоў грамадскіх арганізацый і аб’яднанняў.

Так, найперш былі агучаны прапановы, якія датычыліся працы бібліятэк, музеяў, клубаў, размова ішла пра ўзаемадзеянне пісьменнікаў і мастакоў рэгіёна з установамі адукацыі, а гэтаксама вялася зацікаўленая гутарка пра аўтэнтычныя традыцыі і захаванне беларускага фальклору як базісу беларускай нацыі і культуры.

Свой погляд на стан развіцця культуры на дыялогавай пляцоўцы выказаў беларускі пісьменнік і публіцыст, старшыня Гомельскага абласнога аддзялення ГА “Саюз пісьменнікаў Беларусі” Уладзімір Гаўрыловіч. Найперш, ён выказаў занепакоенасць вынікамі аптымізацый бібліятэчнай сеткі: колькасць бібліятэк на працягу апошняга дзесяцігоддзя і ў вобласці, і ў краіне рэзка скарацілася. Адна з прычын – змяншэнне колькасці насельніцтва ў тым рэгіёне, які бібліятэка абслугоўвае. Нярэдка, на думку творцы, такое скарачэнне бывае паспешлівым і непрадуманым. Напрыклад, цяжка яго апраўдаць, калі ў вёсцы пражывае болей 100 чалавек. Бібліятэка ж там запатрабаваная, бо гэта, як правіла, адзіная структура з сацыяльнай сферы. Хаты-чытальні, бібліятэкі ў кожнай вёсцы ствараліся ў савецкі час невыпадкова. Гэта заўсёды быў цэнтр культуры і асветы, ідэалогіі. Цяпер жа адна,  узбуйненая бібліятэка, часам абслугоўвае і дзясяць, і дваццаць вёсак. Але хто аналізаваў якасць такога “абслугоўвання”? Яна вельмі сумніўная. Тым часам працэс аптымізацыі працягваецца. Выступоўца перакананы, што захаванне бібліятэк у малых населеных пунктах апраўдана яшчэ і з умовай, калі працуе там нераўнадушны чалавек, які не сядзіць на месцы і не чакае чытача, а шукае новыя формы прыцягнення яго ў бібліятэку, арганізуе дастаўку і абмен кніг дома. Будзе бібліятэка і такі работнік – тады духоўна працягвае жыць і сама вёска, перакананы пісьменнік.

–  Мы ў свой час былі самай чытаючай нацыяй. Трэба нанова пачынаць гэту працу і папулярызаваць мастацкае чытанне,  клапаціцца пра тое, каб у школах часцей арганізоўваліся літаратурныя мерапрыемствы, былі літгурткі, ладзіліся сустрэчы з айчыннымі аўтарамі, – адзначыў кіраўнік абласнога аддзялення Саюза пісьменнікаў Беларусі.

Палессе, Гомельшчына могуць ганарыцца, што тут дагэтуль ёсць носьбіты аўтэнтычнага фальклору. Ён вылучае нас ад іншых. Напрыклад, вёска Пагост Жыткавіцкага раёна прызнана лепшай у свеце для правядзення калядак. Згуба аўтэнтыкі – жудасная катастрофа для нацыі, перакананы Ул.Гаўрыловіч. Сёння еўрапейскія каштоўнасці, цалкам заходнія традыцыі для многіх сталі надта прыцягальнымі. Але ж гэта няправільна забываць сваё.  Напрыклад, Швейцарыя ўжо зразумела сваю памылку: у выніку глабалізацыі гэтая багатая краіна поўнасцю згубіла сваю, карэнную культуру. І цяпер імкнецца як мага хутчэй адрадзіць народныя песні, танцы, музыку. Ды вось праблема: не ўсё атрымліваецца. Мы можам таксама незаўважна страціць сваё багацце, самае каштоўнае, якое пацвярджае свету, што мы – беларусы. А заадно і традыцыі, што папулярызуюць і “працуюць” на захаванне інстытута сям’і. “Такія прыдуманыя паняцці  як “бацька 1” і “бацька 2”  – не для нас, канстатаваў пісьменнік. На яго думку, дзяржава павінна актыўна стымуляваць народныя аўтэнтычныя калектывы, прыцягваць у іх моладзь, перадаваць набыты шматвекавы вопыт. А залішняя практыка давядзення планаў па канцэртнай дзейнасці – вось што сапраўды не спрыяе развіццю. Такія канцэрты павінны ладзіцца па жаданні саміх носьбітаў аўтэнтычнай культуры, ды калі і зарабілі яны нейкія сродкі, то гэтыя сродкі павінны быць стымулюючым момантам для далейшага развіцця аўтэнтыкі ў канкрэтным населеным пункце.

Закрануў у сваім выступленні старшыня абласнога аддзялення СПБ і шэраг іншых праблем. Напрыклад, з кожным годам усё складаней з-за адсутнасці фінансавых, тэхнічных сродкаў арганізаваць творчую сустрэчу з чытачамі па-за межамі яго месца жыхарства, у глыбінцы, а “жывое слова” пісьменніка, як паказвае практыка, здольна на многае. Яно выхоўвае лепей. Слову пісьменніка вераць. Кепска і тое, што беларуская кніга, на жаль, сёння не на самым відным месцы ў беларускай кнігарні, у прыярытэце – замежная літаратура. Прыйшоў час сур’ёзна задумацца над тым, каб з кнігі, якая выдадзена за мяжой, вылічваць працэнт на ўмацаванне беларускай літаратуры (той, якая выдаецца ў Беларусі на рускай альбо беларускай мовах)…

Гэтыя і іншыя агучаныя пытанні на дыялогавай пляцоўцы сталі асновай для прайшоўшай  ў горадзе над Сожам дыскусіі.

Так, па словах начальніка галоўнага кіравання ідэалагічнай працы, культуры і па справах моладзі Дзяніса Язерскага, неабходна замацаваць на дзяржаўным узроўні падтрымку і статус пісьменніка, іншых творцаў, якія на справе клапоцяцца пра будучыню і аўтарытэт беларускай дзяржавы і робяць дзеля гэтага ўсё магчымае; на заканадаўчым узроўні неабходна прымаць сур’ёзныя змены, каб не толькі захаваць, але і папулярызаваць беларускі фальклор, народныя традыцыі, аўтэнтычныя калектывы. Дзяніс Язерскі пагадзіўся, што трэба па-новаму паглядзець і на працу бібліятэк, асабліва ў сельскай мясцовасці.

Як падкрэсліла дырэктар абласной універсальнай бібліятэкі імя У. І. Леніна Марына Рафеева, трэба чытаць у сям'і, каб з дзяцінства “прышчапляць” любоў да кнігі. Як адну з праблем яна вылучыла нечытаючых выкладчыкаў: у той час, калі бібліятэка заказвае навуковыя профільныя выданні, звяртаюцца за імі пяць-дзесяць чалавек. На жаль, вельмі мала цікавяцца мастацкай літаратурай і кіраўнікі прадпрыемстваў і арганізацый…

– Калі не будзе культуры, мы страцім сваю нацыю, перастанем быць беларусамі. Сёння вялікая праблема для тэатраў, музеяў і для палацаў культуры – нізкая наведвальнасць. Гэта пытанне трэба разглядаць на ўзроўні адукацыі. Прадмет сусветная мастацкая культура варта выкладаць не толькі ў шостым-сёмым класе, а вывучаць з першага па адзінаццаты клас, – адзначыла дырэктар мастацкай галерэі імя народнага мастака Беларусі Г. Вашчанкі Людміла Шымбалёва.

– Вельмі важна выхоўваць у маладога чалавека з дзяцінства матывацыю і жаданне наведваць установы культуры, музеі, выставы, прэзентацыі новых кніг, без гэтага ўвогуле цяжка гаварыць пра нейкую будучыню, – канстатаваў  дырэктар Веткаўскага музея стараабрадніцтва і беларускіх традыцый імя Ф. Р. Шклярава Пётр Цалка.

– Добра, што ў Беларусі праходзяць такія дыскусіі, грамадства павінна быць пачута. Трэба прапрацаваць усе актуальныя пытанні, каб падрыхтавацца да Ўсебеларускага народнага сходу і вынесці іх на шырокае абмеркаванне, – адзначыла падчас дыскусіі і член Савета рэспублікі Нацыянальнага сходу Беларусі Таццяна Абель.

Мікалай ІГНАТОВІЧ

На здымках: у час працы дыялогавай пляцоўкі ў горадзе над Сожам.