Творчая сустрэча ў «Аўтографе»


Эстафету сезона творчых сустрэч у клубе «Аўтограф» прыняў Юрась Нераток

05.11.2020                                                         Новости


28 кастрычніка 2020 года эстафету сезона творчых сустрэч у клубе «Аўтограф» прыняў пісьменнік Мінскага гарадскога аддзялення СПБ Юрась Нераток, які і гэтым разам працягнуў уласную традыцыю – прадстаўляць студэнцкай моладзі моладзь творчую. Вечарыну ён праводзіў са сваім сябрам – таленавітым, можна сказаць, унікальным бардам Кірылам Бандзерсам.

Напачатку вечарыны Юрась Нераток распавёў прысутным, што літаратура, якую выкладаюць у школе, – адаптаваныя для дзіцяча-юнацкага ўспрыняцця творы пісьменнікаў, якія з цягам часу сталі класікамі, хоць у падручніках пазакласнага чытання бываюць прадстаўлены і правераныя часам набыткі нашых сучаснікаў. А жывы літаратурны працэс развіваецца ўвесь час, і сутнасць яго – у з’яўленні новых творцаў, новых твораў, новых накірункаў, якія далёка не заўсёды могуць стацца знакавымі, аднак павінны быць прафесійна выкананымі.

Для прыкладу пісьменнік зачытаў магістральную мікрапаэму «Эбола хуаньская» (створаная на рускай мове і пад уласным прозвішчам – Юрый Гарбачоў) з аднайменнага анлайнэкспромтпраекта, рэалізаванага з двума дзясяткамі іншых творцаў на фэйсбуку падчас майскіх святаў.

Не саступаў, магчыма, пераўзыходзіў у крэатыве сталага пісьменніка Кірыл Бандзерс, які пару гадоў таму скончыў БДУ культуры і мастацтваў і нядаўна адслужыў у войску. Свайго сябра Юрась Нераток прадставіў як Скандынаўскага Скальда. Гэтаму адпавядае знешні выгляд Кірыла, а тэксты песень і самабытнае іх выкананне нагадваюць паўночныя сагі. І ягоны светапогляд, эпахальны ахоп падзей і спрыяльнае разуменне людзей бліжэй да мудраца, чым да юнака, які толькі пераходзіць у маладосць. Зрэшты, Кірыл Бандзерс – сцэнічны чалавек і ведае, што нязвыклае павінна падавацца ў прымальнай прапорцыі, таму разам з уласнымі творамі ён выконваў песні з рэпертуару папулярных беларускіх груп, а напрыканцы праспяваў некалькі кранальных рамансаў, выкананне якіх пасля выступу перайшло ў неафіцыйную частку вечарыны для персанала інтэрната.

На здымку: студэнты БДЭУ і Кірыл Бандзерс (з гітарай), Юрась Нераток (у пінжаку), кіраўніца Ірына Георгіеўна Шаціхіна (у другім радзе ў акулярах).

Ігар ГРАДОЎСКІ