Да юбілею Абая


У Нацыянальнай бібліятэцы Беларусі адбылося мерапрыемства, прысвечанае 175-годдзю з дня нараджэння класіка казахскай літаратуры Абая Кунанбаева

19.11.2020                                                         Новости


У Нацыянальнай бібліятэцы Беларусі адбылося мерапрыемства, прысвечанае 175-годдзю з дня нараджэння класіка казахскай літаратуры Абая Кунанбаева. Яно было арганізавана Пасольствам Рэспублікі Казахстан у Беларусі. Адкрыла яго першы сакратар пасольства дружалюбнай краіны Айгуль Аспандзіярава, якая распавяла аб святкаванні юбілею слыннага зямляка ў Казахстане і за яго межамі.

Затым выступіў старшыня Мінскага гарадскога адзялення СПБ, паэт, празаік, перакладчык, лаўрэат Нацыянальная літаратурнай прэміі Беларусі Міхась Пазнякоў. Ён сказаў аб значэнні творчай спадчыны знакамітага казахскага акына, які з’яўляецца гонарам не толькі казахскай, але і сусветнай літаратуры, культуры. Погляды класіка, яго павучанні аб мацаванні адзінства народа, аб любові да Радзімы, аб справядлівасці і стваральнасці, аб захаванні міру і сяброўскасці вельмі актуальныя і сягоння для ўсяго чалавецтва.

М. П. Пазнякоў таксама прэзентаваў першы том рамана-эпапеі Мухтара Аўэзава “Шлях Абая”, які апавядае пра жыццёвы і творчы шлях выдатнага паэта і мысляра і з’яўляецца своеасаблівай мастацкай энцыклапедыяй жыцця казахскага народа 18 — пачатку 20 стагоддзя. Ён падзяліўся сваімі ўражаннямі і асаблівасцямі працы падчас перакладу рамана-эпапеі на беларускую мову.

Пасля слова ўзяў паэт і перакладчык, лаўрэат Дзяржаўнай прэміі Беларусі імя Янкі Купалы Мікола Мятліцкі. Ён гаварыў аб велічы Абая, яго ўнёску ў сусветную культуру, а таксама, аб сваёй працы над перакладамі кнігі вершаў Абая і прачытаў асобныя з іх, прадэманстраваўшы годнае гучанне паэзіі вялікага казаха на нашай роднай мове.

Безумоўна, гучала і знакамітая казахская дамбра.

Павел КУЗЬМІЧ, фота аўтара