
Паляшук Іван Цітарэнка – паэт з дзіўнай душой дзіцяці, якое не перастае захапляцца родным краем, сваёй малой радзімай – вёскай і яе наваколлем на Гомельшчыне, у Добрушскім раёне. А яна зачаравала яго яшчэ з дзяцінства сваімі пейзажамі, цудоўнымі малюнкамі і водарам, сваім размераным рытмам жыцця і ўнікальнымі жыхарамі. Менавіта цесная сувязь з роднай зямлёй жывіць і ўмацоўвае паэта.
Верным сваёй тэме ён застаецца і ў новай кнізе “Бяскрайняя даль”, выдадзенай у Гомелі. Ён не ўяўляе свой лёс без роднай старонкі:
Клякоча бусел на світальным золку,
Сваю бусліху кліча да гнязда,
А вечарамі маці-перапёлку
Заве малеча, чутна: “Спаць пара!”
……………………………………………….
Ляцяць гады то з выраю, то ў вырай,
Было так, ёсць і будзе на вякі.
Ды толькі я з малой сваёй радзімай
Не развітаюся. Не з’еду.
Лёс такі. (Лёс).
Аўтару ўласціва цэласнае паэтычнае ўспрыманне прыроды і чалавека, здольнасць адчуваць імгненне.
Значная частка вершаў прысвечана розным порам года, але асабліва многа – восені. Адразу відаць, што гэта любімая пара паэта. І ён знаходзіць патрэбныя словы, свае фарбы і толькі яму ўласцівыя вобразы для перадачы свайго захаплення прыгажосцю роднага краю ў гэтую цудоўную пару. Дарэчы, піша Іван Цітарэнка і па-беларуску, і па-руску:
А впрочем, всё, как всегда:
То солнце, то дождь, то иней.
Заблещет в ночи звезда,
Своею улыбкой синей. (“Октябрь”).
І сваё захапленне роднай прыродай паэт арганічна звязвае са станам сваёй душы, з думкамі і перажываннямі свайго лірычнага героя, які цесна знітаваны з самім аўтарам.
У кнізе змешчана і некалькі празаічных твораў – своеасаблівых вершаў у прозе: вельмі эмацыянальных, напружаных, бязмежна шчырых. Яны хвалююць і захапляюць чытача. І ў вершах, і ў прозе Іван Цітарэнка дзеліцца сваімі ўспамінамі, думкамі, пачуццямі, нават патаемнымі, інтымнымі: пра дзяцінства, школьныя гады, маладосць, сваё каханне, пра неадназначныя адносіны з любімым чалавекам. І аўтару верыш, бо творы ідуць ад сэрца, ад чыстай і адкрытай душы, якая хоча паспавядацца перад Богам і людзьмі. Дарэчы, пяру гэтага паэта належаць і духоўныя вершы!
Зноў і зноў звяртаецца ён да асноўнай тэмы сваёй творчасці – малой радзімы, на якой адчувае сябе шчаслівым:
Милая малая родина,
Точка на карте Земли.
Машет мне веткой смородина,
В рощах поют соловьи.
………………………………………….
Ветви березок игривые,
Ржи золотые поля.
Здесь мои внуки счастливые,
Счастлив здесь с ними и я. («Малая родина).
Радаснае, жыццесцвярджальнае пачуццё пранізвае многія творы паэта, які мае схільнасць да паглыбленага роздуму над жыццём і чалавечымі лёсамі.
Ёсць цікавы момант, так бы мовіць, супадзенне ў лёсе самога Івана Цітарэнкі: па бацьку яго завуць Іванавіч і вёска, у якой ён нарадзіўся і жыве, называецца Іванаўка. Як бачым, у паэтаў нічога выпадковага не бывае…
Міхась СЛІВА