У літаратурным клубе “Шчырасць” пры публічнай бібліятэцы №22 адбыўся творчы вечар Ірыны Масляніцынай і Міколы Багадзяжа


У літаратурным клубе “Шчырасць” пры публічнай бібліятэцы №22 адбыўся творчы вечар Ірыны Масляніцынай і Міколы Багадзяжа

07.12.2020                                                         Новости


26 лістапада ў літаратурным клубе “Шчырасць” пры публічнай бібліятэцы №22 адбыўся творчы вечар незвычайнай сямейнай пары, творчага дуэта гісторыкаў-публіцыстаў, членаў Саюза пісьменнікаў Беларусі Ірыны Масляніцынай і Міколы Багадзяжа. Сярод гасцей – сябры творчай суполкі, чытачы кніжніцы і прыхільнікі прыгожага гістарычнага рамана.

Прадставіў гасцей і выказаў словы падзякі за творчыя дасягненні кіраўнік клуба, паэт, празаік, перакладчык, крытык, мовазнаўца, публіцыст, старшыня Мінскага гарадскога аддзялення Саюза пісьменнікаў Беларусі Міхась Пазнякоў. Але падзяка была не толькі на словах, а таксама Міхаіл Паўлавіч ўручыў Ірыне Аляксандраўне і Міколу Канстанцінавічу медалі Мінскага гарадскога аддзялення СПБ “Максім Багдановіч” – за творчыя дасягненні і актыўную грамадскую дзейнасць.

Масляніцына Ірына Аляксандраўна – прафесійны журналіст, драматург, пісьменнік-публіцыст. Нарадзілася ў горадзе Пачынак Смаленскай вобласці, Расія. З 1972 жыве ў Беларусі. З залатым медалём скончыла СШ №2 г.Слоніма Гродзенскай вобласці. У 1983 паступіла на факультэт журналістыкі Беларускага дзяржаўнага ўніверсітэта, які скончыла ў 1988 годзе. Працавала ў беларускіх перыядычных выданнях, сярод якіх Пружанская раённая газета “Зара камунізму” (цяпер “Раённыя будні”), Мінскія гарадскія газеты “Добры вечар”, “Цэнтральная газета”, “Літаратура і мастацтва”,  часопісах “Беларусь” і “Алеся”. Член Саюза журналістаў СССР з  1990 года, член Союза пісьменнікаў Беларусі з 2006 года.

Аўтар шэрагу публіцыстычных кніг па гісторыі Беларусі, самыя вядомыя з якіх: “Слава і няслаўе” сумесна з М.Багадзяжам (1995 г.), “Радзивиллы — Несвижские короли” сумесна з М.Багадзяжам (1997 г.), “Млын на сямі колах. Беларускія народныя легенды і паданні” (1998 г.), “Кавалеры и дамы Белорусского Ренессанса” (2000 г.), “По рыцарским законам” (2001 г.), “Летописцы повествуют о любви” (2002 г.), “Радзивиллы в эпоху интриг и авантюр” сумесна з М.Багадзяжам (2003 г.), “Век сентиментальных писем” (2004 г.), “Жанчыны, найбольш знакамітыя ў гісторыі Беларусі” (сумесна з М.Багадзяжам (2008 г.), “Беларусь далетапісная” сумесна з М.Багадзяжам (2010 г.), “София Слуцкая” сумесна з М.Багадзяжам (2012 г.). Кніга “Легендарныя героі беларускай гісторыі XI-XIX стст.” сумесна з М.Багадзяжам (2020 г.) будзе намініравана на Нацыянальную літаратурную прмію Рэспублікі Беларусь у 2021 годзе.

Аўтар 10 гістарычных п’ес, з якіх дзве “Крыж Еўфрасінні Полацкай” і “Абеляр и Элоиза” былі адзначаны як пераможцы ў конкурсах нацыянальнай драматургіі, арганізаваных СТД Беларусі. У 2009 годзе Нацыянальным Акадэмічным драматычным тэатрам імя Я Коласа (г. Віцебск) была здзейснена пастаноўка п’есы “Крыж Еўфрасінні Полацкай” (рэж. М.Краснабаеў).  Сцэнарыст дакументальных тэлефільмаў студыі “Летапіс”: “Гаспадыні Нясвіжа”, “Нясвіжскі фарны”, “Нясвіжскія адлюстраванні” (рэж. трылогіі Л.Гедравічус). Адзін з сцэнарыстаў трынаццацісерыйнага дакументальнага тэлепраекта: “Беларусь. Летопись времён” (рэж. Л.Снігірова, БТ, 2008 год).

Мікола Канстанцінавіч Багадзяж нарадзіўся ў весцы Траянаўка Барысаўскага раёна, Мінскай вобласці) – гісторык-журналіст, член Саюза пісьменнікаў Беларусі. У 1984 г. закончыў гістарычны факультэт БДУ. Працаваў настаўнікам гісторыі ў Барысаўскім раёне, у 1985-1986 гг. у Валмянскай школе Дзяржынскага раёна. Потым працаваў у аддзеле археалогіі Інстытута гісторыі АН Беларусі, у Беларускім дзяржаўным музеі народнай архітэктуры і побыту. З 1990 г. працаваў журналістам. Займаецца даследаваннем і прапагандай гісторыі Беларусі. Аўтар кнігі “Сыны зямлі беларускай” (2002).  Сумесна з Ірынай Масляніцынай (жонкай) напісаў кнігі “Слава і няслаўе” (1995), “Радзівілы – нясвіжскія каралі” (1997), “Радзівілы ў эпоху інтрыг і авантур” (2003) і інш. Шэраг артыкулаў прысвяціў радаводу Чапскіх, былых уладальнікаў Станькава, запісаў пра іх легенды і паданні.

На працягу вечара гучалі пытанні да нашых гасцей: як знаходзяць тэмы для новых кніг, якімі гістарычнымі звесткамі карыстаюцца, як складаецца тэкст кнігі ў суаўтарстве, чаму кнігі выдаюцца як навукова-папулярныя выданні і інш. Таксама былі і словы падзякі ад супрацоўнікаў бібліятэк за цікавы і даступна выкладзены гістарычны матэрыял у кнігах для падлеткаў. Кнігі карыстаюцца вялікім попытам у бібліятэках ужо доўгі час.

Усе шчыра павіншавалі з нядаўнім юбілеем Ірыну Аляксандраўну – пажадалі добрага здароўя і творчых поспехаў.

КАРЖАНЕЎСКАЯ А.М., загадчык бібліятэкі

Фота аўтара