“Берасцейская скарбніца” анлайн!


У Брэсцкай гарадской бібліятэцы імя А.С. Пушкіна прайшла анлайн-прэзентацыя літаратурнага альманаха “Берасцейская скарбніца-3”

07.12.2020                                                         Новости


У Брэсцкай гарадской бібліятэцы імя А.С. Пушкіна прайшла анлайн-прэзентацыя літаратурнага альманаха “Берасцейская скарбніца-3”, удзельнікамі якой сталі пісьменнікі з розных куткоў Брэстчыны.

Тэхнічныя супрацоўнікі бібліятэкі наладзілі сувязь з Івацэвіцкай, Жабінкаўскай і Кобрынскай бібліятэкамі, у якія і былі запрошаны аўтары калектыўнага зборніка. Прысутных прывіталі старшыня Брэсцкага абласнога аддзялення Саюза пісьменікаў Беларусі Таццяна Дземідовіч і дырэктар гарадской бібліятэкі Святлана Гарадзецкая.

Расціслаў Бензярук з Жабінкі падзякваў рэдкалегіі за плённую працу, расказаў пра сваю кнігу, выдадзеную сёлета, “Сустрэча ў зялёным жыце”, апавяданне з якой трапіла на старонкі альманаха.

Словы удзячнасці прысутным выказала і паэт з Кобрына, пастаянны аўтар альманаха Зінаіда Навасад, гумарыст і сатырык Віктар Рэчыц з Івацэвічаў узняў усім настрой гумарыстычнымі вершамі і байкамі, а яго зямлячка Святлана Сцепанчук зрабіла агляд прачытаных старонак, расказала, якія творы яе ўразілі больш за ўсё.

Удалося падключыцца да размовы, нягледзячы на тэхнічныя цяжкасці, і пісьменнікам з Брэста – Надзеі Парчук і Ірыне Морых. Надзея Парчук, дарэчы, прымае актыўны ўдзел у стварэнні альманаха, знаходзіць і падтрымлівае новых аўтараў. На гэты раз яна прачытала свае новыя вершы. На сувязь выйшла і паэт, празаік Ірына Морых.

Падчас пандэміі вялікае значэнне маюць віртуальныя сустрэчы. Многія пісьменнікі даўно не бачыліся, таму сумесныя мерапрыемствы і абмеркаванні не толькі прыносяць радасць ад зносін з калегамі па пяры ды даюць магчымасць падзяліцца набыткамі і планамі, але і натхняюць на далейшую творчую працу.

Прэс-служба Брэсцкага абласнога аддзялення СПБ