На творчым уздыме


Адбыўся справаздачна-выбарны сход літаратараў Віцебшчыны

09.12.2020                                                         Новости


Складаная санітарна-эпідэміялагічная сітуацыя не перашкодзіла членам Віцебскага абласнога аддзялення ГА “Саюз пісьменнікаў Беларусі” прыняць актыўны ўдзел у агульным справаздачна-выбарным сходзе. Хто па стане здароўя не змог з’явіцца ў офіс грамадскага аб’яднання, размешчаны на вуліцы Праўды ў абласным цэнтры, даслалі свае паведамленні, у якіх далі ацэнку рабоце творчай суполкі ў справаздачны перыяд, яе старшыні Тамары Красновай-Гусачэнка і рэвізійнай камісіі на чале з Віктарам Улюценкам, а таксама ўнеслі прапановы па персанальнаму складу, аддалі свае галасы за членаў рабочага Савета Віцебскага абласнога аддзялення ГА “Саюз пісьменнікаў Беларусі”, за выбранне старшыні абласнога пісьменніцкага згуртавання і кіраўніка рэвізійнай камісіі.

Было аб чым пагаварыць, усебакова абмеркаваць, падвесці вынікі, акрэсліць перспектывы далейшай дзейнасці і тым членам творчай суполкі, якія ўсё ж мелі магчымасць непасрэдна прыйсці на агульны справаздачна-выбарны сход. Спачатку старшыня Віцебскага абласнога аддзялення ГА “Саюз пісьменнікаў Беларусі” Тамара Краснова-Гусачэнка падрабязна распавяла ў дакладзе аб шматграннасці і разнастайнасці ўсяго зробленага. Прытым Тамара Іванаўна паказвае асабісты прыклад ва ўсім, паколькі з’яўляецца вядомым паэтам і празаікам, аўтарам 25 кніг паэзіі, прозы, публіцыстыкі і твораў для дзяцей. Яна – поўны кавалер Дзяржаўных узнагарод Францыска Скарыны (Ордэн і Медаль), лаўрэат Першай Нацыянальнай літаратурнай прэміі ў намінацыі “паэзія”, ушанавана Залатым медалём “Тютчевъ”, стала пяціразовым лаўрэатам Міжнародных літаратурных прэмій, а ў 2020 годзе перамагла на Міжнародным літаратурным конкурсе “Вялікай Перамозе – 75 гадоў!” Не выпадкова таму Тамара Краснова-Гусачэнка – яшчэ і аўтар гімна горада Віцебска, была ўдастоена ганаровых званняў “Чалавек года Віцебшчыны-2012” і “Віцяблянін года-2019”.

Стараюцца не адставаць ад свайго лідара і іншыя літаратары Віцебшчыны. Толькі ў 2020 годзе пісьменнікамі Прыдзвінскага краю было выдадзена 18 кніг, у тым ліку іх творы ўвайшлі ў сем калектыўных зборнікаў і рэспубліканскі альманах “Паэзія рускага слова”. Інтэлектуальныя напрацоўкі творчага згуртавання былі змешчаны ў сямі літаратурных выданнях блізкага замежжа.

З асаблівым задавальненнем дэлегацыя літаратараў Віцебшчыны сёлета наведала Дзень беларускага пісьменства ў Бялынічах Магілёўскай вобласці, паколькі кніга нашага мясцовага аўтара Ігара Пракаповіча “Пастаўшчына” была прызнана пераможцай Нацыянальнай літаратурнай прэміі-2020 у намінацыі “Лепшы твор публіцыстыкі” і адпаведным чынам ушанавана на гэтым вельмі прэстыжным рэспубліканскім свяце.
 Члены Віцебскага абласнога аддзялення ГА “Саюз пісьменнакаў Беларусі” актыўна займаюцца захаваннем і памнажэннем слаўных літаратурных традыцый Прыдзвінскага краю, пішуць творы высокага мастацкага ўзроўню, праводзяць прэзентацыі сваіх кніг у працоўных калектывах, навучальных установах, воінскіх частках, ва ўстановах культуры, якія накіраваны на духоўна-патрыятычнае выхаванне не толькі вучнёўскай, студэнцкай моладзі, а і людзей сталага ўзросту. Актыўна прапагандуюць друкаванае слова, штогод праводзяць дзясяткі сустрэч з чытачамі пісьменнікі Тамара Краснова-Гусачэнка, Алена Крыклівец, Валерый Марчанка, Мікалай Намеснікаў, Ірына Радзіхоўская, Алена Фядзяева з Віцебска, Галіна і Сяргей Трафімавы і  Канстанцін Нілаў з Оршы, Галіна Загурская, Мікола Балдоўскі, Пётр Буганаў, Александр Раткевіч з Полацка, Віктар Карасёў з Полацкага раёна, Віктар Улюценка з гарадскога пасёлка Шуміліна, Ігар Пракаповіч з Пастаў, Фёдар Палачанін з г. Докшыцы, Мікола Гарбачоў і Святлана Якубоўская з Лепеля, і іншыя.

Вялася змястоўная, зацікаўленая гаворка і аб актыўным удзеле пісьменнікаў Прыдзвінскага краю у падрыхтоўцы чарговага літаратурнага альманаха “Дзвіна: Віцебшчына літаратурная”.

Ад імя ўсёй пісьменніцкай суполкі з вуснаў Тамары Красновай-Гусачэнка прагучалі словы шчырай удзячнасці за ўсебаковую дапамогу ў творчай дзейнасці ў адрас Віцебскага аблвыканкама, выканаўчага камітэта абласнога цэнтра і рэспубліканскага кіраўніцтва ГА “Саюз пісьменнікаў Беларусі”.

Удзельнікамі агульнага справаздачна-выбарнага сходу была ўважліва заслухана і справаздача рэвізійнай камісіі, пасля чаго пачаліся спрэчкі па дакладах. У іх прынялі ўдзел Ірына Багданава, Пётр Буганаў, Мікола Гарбачоў, Валерый Марчанка, Сяргей Трафімаў і іншыя. Былі дадзены толькі станоўчыя ацэнкі дзейнасці абласной пісьменніцкай арганізацыі і яе старшыні Тамары Красновай-Гусачэнка, а таксама рэвізійнай камісіі на чале з Віктарам Улюценкам. Акрамя таго, уносіліся разнастайныя прапановы. Прынамсі, Мікола Гарбачоў выказаўся за мэтазгоднасць правядзенне чарговага з’езда ГА “Саюз пісьменнікаў Беларусі” ў 2021 годзе тады,  калі складзецца найбольш спрыяльная санітарна-эпідэміялагічная сітуацыя ў Беларусі, што дазволіць забяспечыць высокую яўку членаў творчага згуртавання на гэты важнейшы рэспубліканскі форум, а таксама вылучыць на з’ездзе ў склад Праўлення рэспубліканскага пісьменніцкага аб’яднання пісьменнікаў з рэгіёнаў. А, напрыклад, Сяргей Трафімаў прапанаваў заснаваць абласны памятны знак-медаль, якім узнагароджваць найбольш выбітных, таленавітых майстоў мастацкага слова Віцебскай вобласці.

Меркаваннямі аб здабытках і перспектывах далейшай дзейнасці Віцебскага абласнога аддзялення ГА “Саюз пісьменнікаў Беларусі” падзяліўся з прысутнымі намеснік начальніка галоўнага ўпраўлення ідэалагічнай работы і па справах моладзі Віцебскага аблвыканкама Пётр Гнуценка.

Затым адбыліся выбары старшыні, рабочага Савета абласной пісьменніцкай арганізацыі і кіраўніка рэвізійнай камісіі. У сувязі з санітарна-эпідэміялагічнай сітуацыяй члены аддзялення направілі па пошце лісты з ацэнкай работы аддзялення і галасамі, а таксамі прагаласавалі і выказалі думкі дыстанцыйна (па тэлефоне).Па выніках галасавання ў рабочы Савет творчай суполкі ўвайшлі Тамара Краснова-Гусачэнка, Валерый Марчанка, Мікола Намеснікаў, Алена Крыклівец і Ірына Радзіхоўская. Старшынёй Віцебскага абласнога аддзялення ГА “Саюз пісьменнікаў Беларусі” абрана Тамара Краснова-Гусачэнка, а старшынёй рэвізійнай камісіі – Віктар Улюценка.

Пасля гэтага на сходзе быў ухвалены план работы Віцебскага абласнога аддзялення ГА «Саюз пісьменнікаў Беларусі” на 2021 год.

Не забыліся пісьменнікі Віцебшчыны і пра сваіх юбіляраў. За шматгадовую плённую працу, творчыя дасягненні ў літаратурнай дзейнасці Падзякай Міністра інфармацыі Рэспублікі Беларусь Ігара Луцкага ўшанавана дзіцячая пісьменніца Галіна Трафімава з Оршы. Яна ж таксама ўзнагароджана Ганаровай граматай Віцебскага аблвыканкама за плённую літаратурную дзейнасць, асабісты ўклад у развіццё духоўнага і інтэлектуальнага патэнцыялу сучаснага грамадства. Акрамя таго, так атрымалася, што ўсяго толькі два гады яшчэ мінула з таго часу як стаў членам пісьменніцкай суполкі Мікола Гарбачоў з Лепеля, але з нагоды 65-годдзя яго асабістая плённая літаратурная праца, актыўны ўдзел у грамадскім жыцці ўжо адзначаны Дыпломам ГА “Саюз пісьменнікаў Беларусі” і памятным падарункам.

Напрыканцы агульнага справаздачна-выбарнага сходу ва ўрачыстай абстаноўцы і пад шчырыя апладысменты прысутных Тамара Краснова-Гусачэнка ўручыла членскі білет ГА “Саюз пісьменнікаў Саюзнай дзяржавы” Ірыне Багданавай.

Мікола ГАРБАЧОЎ, Віцебскае абласное аддзяленне ГА “Саюз пісьменнікаў Беларусі”