
Пабачыў свет трэці нумар штогадовага альманаха “Берасцейская скарбніца”, заснавальнікам якога з’яўляецца Брэсцкае абласное аддзяленне Саюза пісьменнікаў Беларусі. У новым выпуску прадстаўлены проза, паэзія, публіцыстыка пісьменнікаў Брэстчыны.
У першы раздзел “75 мірных гадоў” увайшлі творы, прысвечаныя бязмежнай адвазе, мужнасці, нязломнасці духу сведкаў вайны. У творах Жанны Завацкай, Юрыя Мацюшкі, Зінаіды Навасад, Надзеі Парчук, Георгія Тамашэвіча паказаны жудасныя жывыя падзеі ваеных часоў і хвалюючая радасць перамог, важнасць захавання памяці аб тых, хто з першых хвілін прыняў на сябе моцны шквал варожага агню і вялікіх страт. У раздзеле змешчаны таксама празаічныя творы – навэла Расціслава Бензерука “Сустрэча ў зялёным жыце” і ўрывак з аповесці “Там, за Днепра-Бугам” Васіля Літвінчука “Развітанне”. На жаль, ветэран Вялікай Айчынай вайны Васіль Літвінчук нядаўна на 91-м годзе жыцця пакінуў наш свет.
Паэтычная рубрыка “Жамчужныя россыпы” парадуе чытачоў яркімі творчымі знаходкамі і пяшчотай пачуццяў, тым больш, што тут прадстаўлены паэты з разных куткоў Брэстчыны. У прыгожы свет паэзіі нас запрашаюць Галіна Бабарыка і Васіль Казачок са Століншчыны, Святлана Сцепанчук і Віктар Рэчыц з Івацэвіч, Галіна Брэзіна з Лунінца, Ніна Гарагляд і Настасся Нарэйка з Каменца, Іван Дацкевіч з Пінска, Юрый Мацюшка з Баранавіч, а таксама берасцейцы – Васіль Баннаў, Зінаіда Дудзюк, Ганна Ігнацюк, Ірына Морых, Любоў Красеўская, Мікалай Кавалевіч, Таццяна Шульга… Філасофскія роздумы і шчырае захапленне навакольным светам, няпростыя дарогі праз расчараванні і прамяністае святло надзей, радасць ад уласных перамог, што напаўняе сэрца, і ўменне тонка, мудра выразіць свае назіранні і думкі абавязкова зноўдуць водгук у чытачоў.
Празаічная рубрыка на гэты раз прадстаўлена творамі фантаста Сяргея Белаяра з Брэста і пісьменніка, краязнаўцы Веньяміна Бычкоўскага з вёсцы Бабровічы Івацэвіцкага раёна. Пісьменнікі па-рознаму паказваюць праявы зла і дабрыні, перспектывы росту бездухоўнасці. І калі пасля чытання мініяцюр Сяргея Белаяра з’яўляецца адчуванне, быццам глядзіш у вялікае крывое люстэрка, у якім праз стагоддзі з будучыні ляціць цемра, дык апавяданні Веньяміна Бычкоўскага напамінаюць ліхтарык, які аўтар заклікае знайсці ў сваім сэрцы, а яшчэ берагчы яго святло, не паддаючыся спакусам.
Прыгоды ката Пірата Наталлі Шляжкі, самабытная берасцейская казка Вольгі Сандрыкавай будуць цікавыя для падлеткаў, а самых маленькіх чытачоў паэт з Пінска Ніна Енбулаева запрашае ў дзівоснае падарожжа, у якім можна знайсці самы лепшы падарунак для матулі і паспрабаваць смачны бабулін пірог.
У рубрыцы “Ратнае поле” прадстаўлены нарыс аўтара гэты радкоў «Месца сустрэчы змяніць нельга” пра ўраджэнку горада Брэста Надзею Папову, якая стала знакамітым рэжысёрам, акцёрам, здымалася на адной пляцоўцы з Уладзімірам Высоцкім, але, на жаль, трагічна загінула на чужыне. Герой нарыса Надзеі Парчук Мікалай Пігараў прайшоў праз канцлагеры і турмы, але пражыў доўгае жыццё і менавіта, тут, у Брэсце сустрэў сваю старасць і добрых, шчырых людзей.
У апошнім раздзеле “Magistra vітае” Сяргей Мартынюк прапануе працяг сваёй даследчай працы, новая частка якой называецца “Норны ў германа-скандынаўскай міфапаэтычнай традыцыі”.
Апошняя старонка альманаха перагорнута, а гэта азначае, што рэдкалегія зноў пачынае сваю працу. Спадзяёмся, што ў наступным годзе да нашай творчай скарбонкі далучацца новыя таленавітыя аўтары, пашырацца тэматычныя рубрыкі – і берасцейская скарбніца зноў папоўніцца добрымі мастацкімі творамі.
Таццяна ДЗЕМІДОВІЧ