Мікалай Чаргінец: Слова пісьменніка запатрабавана паўсюдна


Мікалай Чаргінец: Слова пісьменніка запатрабавана паўсюдна

14.12.2020                                            Слово писателю


Саюз пісьменнікаў Беларусі нядаўна адзначыў сваё 15-годдзе. Пра традыцыі і навацыі ў літаратурным жыцці краіны інтэрв'ю з яго старшынёй Мікалаем Чаргінцом.

— Як вядома, Саюз пісьменнікаў Беларусі з'яўляецца пераемнікам творчай арганізацыі літаратараў, створанай у 1934 годзе пры ўдзеле класікаў беларускай літаратуры Я. Купалы, Я. Коласа. І таму, безумоўна, гісторыя нашай арганізацыі мацуецца на найлепшых традыцыях выдатных майстроў мастацкага слова, на чыіх кнігах вырасла не адно пакаленне беларусаў, — гаворыць Мікалай Іванавіч.

Саюз пісьменнікаў Беларусі ў сваім сучасным стане арганізаваўся пасля таго, як пэўная частка літаратараў заняла пазіцыю супрацьстаяння дзяржаве і яе ўладзе. Палітыка стала пераважаць над літаратурай, якая, варта нагадаць, з'яўляецца відам мастацтва. Слова пачало станавіцца разбуральным.

Тады было прынята рашэнне стварыць Саюз пісьменнікаў Беларусі. Яго падтрымалі тыя, хто дбаў пра сапраўднае прызначэнне літаратуры, клапаціўся пра яе стваральную ролю ў жыцці грамадства. Гэтыя прынцыпы застаюцца нязменныя і зараз.

У цяперашні складаны перыяд палітычнай актыўнасці некалькі чалавек сапраўды выйшлі з арганізацыі, адзін выключаны на Прэзідыуме СПБ. За сёлетні год прынята 10 новых літаратараў. Прыёмная камісія разглядае дакументы іншых прэтэндэнтаў. Нашы шэрагі мацуюцца.

15 гадоў — для СПБ юбілей хутчэй умоўны. Яго значнасць у тым, каб падсумаваць зробленае, намеціць планы на далейшае. Наогул, асэнсаваць, як развіваецца сучасны літаратурны працэс? Як слова пісьменніка адгукаецца ў грамадстве?

— У такім разе, што ўяўляе сабой сёння Саюз пісьменнікаў Беларусі?

— У складзе нашага Саюза амаль 700 літаратараў. У сталіцы і кожнай вобласці працуюць аддзяленні, якія не толькі аб'ядноўваць вакол сябе саміх творцаў. Клопат творчай супольнасці — праз кнігу, найлепшыя творы класікаў і сучаснікаў перадаваць грамадству накоплены стагоддзямі вопыт, пашыраць светаўспрыманне, вучыць чалавечым каштоўнасцям, абуджаць найлепшыя пачуцці.

Самае вялікае — Мінскае гарадское аддзяленне, налічвае больш за 300 паэтаў, празаікаў, драматургаў, дзіцячых пісьменнікаў. Яны прымаюць актыўны ўдзел у культурным жыцці сталіцы. Пад кіраўніцтвам вядомага паэта, старшыні аддзялення Міхася Пазнякова праводзяць конкурсы чытальнікаў, літаратурныя конкурсы. Вядомасць набыў, створаны аддзяленнем на базе бібліятэкі імя Я. Купалы ў Мінску Тэатр паэзіі.

Важна, што дзякуючы намаганням сяброў абласных аддзяленняў, і ў прыватнасці іх старшынь, літаратурнае жыццё віруе і ў глыбінцы. Для нас важны кожны творчы чалавек. Ухваляем тых пісьменнікаў, хто цікавіцца гісторыяй роднага краю, рупліва вядзе краязнаўчыя даследаванні. Гады малой радзімы прынеслі вельмі істотны літаратурны плён. З'явілася многа новых, вельмі змястоўных выданняў, прысвечаных гарадам, вёскам, малым паселішчам. Усё гэта па макулінцы, па радку складае вялікую кнігу Радзімазнаўства.

У Саюзе пісьменнікаў працуюць адзінаццаць секцый адпаведна розным літаратурным жанрам. Прыемна ажыўленая работа секцыі паэтаў-песеннікаў. Ганарымся высокай ацэнкай песеннай творчасці паэта Івана Юркіна, які за альбом «Дзе каліна цвіла» разам з Анатолем Ярмоленкам і Алегам Елісеенкавым атрымаў прэмію Саюзнай дзяржавы ў галіне мастацтва і культуры. А вось у драматургіі, на жаль, пэўны спад. Ужо два гады запар у гэтай намінацыі не прысуджалася Нацыянальная літаратурная прэмія.

Штогод нашымі аўтарамі выдаецца прыкладна 250 кніг і праводзіцца не менш за 20 тысяч сустрэч, прэзентацый, імпрэз, музычна-паэтычных вечарын на самых розных пляцоўках: у бібліятэках, школах, студэнцкіх аўдыторыях і інтэрнатах, у працоўных калектывах, воінскіх часцях. Жывое слова пісьменніка запатрабавана паўсюдна.

— Вы ўпэўнены ў тым, што кніга не страчвае свае пазіцыі, у процівагу актыўнаму ўплыву інтэрнэту, аб чым зараз так многа гаворыцца.

— У тым, што кніга з'яўляецца непераўзыдзенай каштоўнасцю, не варта нават сумнявацца. Францыск Скарына пяць стагоддзяў таму ўвекавечыў сваё імя як першадрукар. А яшчэ больш ён уславіў — кнігу, якая праз вякі застаецца для чалавека невычэрпнай крыніцай яго духоўнасці. Ужо добра разабраліся ў тым, як чалавек успрымае тэкст, прачытаны ў электронным выглядзе і ў кнізе. Абсалютная розніца. За кнігай — будучыня. Краіны, якія рупяцца пра сваю канкурэнтаздольнасць у свеце і надалей, цяпер прыкладаюць шмат намаганняў для заахвочвання дзяцей да чытання. Ёсць глыбокае разуменне таго, якую мудрасць нясуць кнігі: выхоўваюць інтэлектуальна развітога чалавека.

— І, напэўна, патрыёта таксама?

— Як прадстаўнікі творчай супольнасці мы знаходзімся ў цэнтры культурнага жыцця краіны і бачым жорсткую барацьбу за розумы, асабліва маладога пакалення. Поспех гэтага рэваншу перамясціўся ў інтэрнэт. Калі тэлеграм-каналы і іншыя крыніцы ў сацыяльных сетках, аказваюць істотны ўплыў на фарміраванне грамадскай думкі. Ідэолагамі, на бяду, становяцца тыя, хто нясе негатыў і хоча падарваць асновы беларускай дзяржаўнасці.

Мы глыбока занепакоены тым, што тыя магчымасці выхавання асобы, якія мае пісьменнік, застаюцца недастаткова запатрабаваныя. Асабліва гэта датычыцца патрыятычнага выхавання. СПБ мае вялікі вопыт у гэтым кірунку і гатовы адгукнуцца на любыя запрашэнні творчага характару, у тым ліку і Міністэрства абароны Рэспублікі Беларусь.

Напрыклад, пачынаючы з 2011 года па ініцыятыве Прэзідэнта Рэспублікі Беларусь у Мемарыяльнай зале Дома літаратара ў Мінску праходзяць урокі Мужнасці, на якіх пісьменнікі вядуць шырокі дыялог з вучнямі мінскіх школ аб вайне і міры, памяці і забыцці. Пасля ўрокаў Мужнасці іх удзельнікі ідуць на плошчу Перамогі да Вечнага агню, каб там схіліць свае галовы перад неўміручым подзвігам народа. Гэта вельмі ўражальная падзея ў жыцці школьніка.

Да 75-годдзя Вялікай Перамогі СПБ быў праведзены міжнародны літаратурны конкурс. Яго ўдзельнікамі стала больш за 1300 чалавек з Расіі, ЗША, Ізраіля, Канады, Кітая, краін постсавецкай прасторы. Конкурс паказаў, наколькі ўважліва прыцягнуты да Беларусі позіркі сусветнай грамадскасці, паважлівае стаўленне да краіны і яе мінулага, жаданне людзей усяго свету жыць у міры.

Пісьменнікі імкнуцца, каб патрыятычнае выхаванне садзейнічала фарміраванню свядомай асобы з разуменнем грамадзянскай адказнасці за сваё жыццё і за лёс краіны.

— Важна, каб у літаратуру прыходзілі маладыя таленты.

— Для СПБ вельмі актуальная тэма — адкрыццё новых імёнаў. Век наш становіцца ўсё больш імклівым, інфармацыйна насычаным і таму надзвычай цікава, як асэнсоўваюць сучасныя перамены маладыя творцы, якой яны бачаць будучыню. Многае, аб чым раней пісалі фантасты, стала явай. Якія прагнозы пісьменнікі зробяць надалей?

Прыемна штогод на Мінскай міжнароднай кніжнай выстаўцы-кірмашы віншаваць пераможцаў Міжнароднага конкурсу літаратараў «Першацвет», суарганізатарам якога з'яўляецца СПБ. Дзесяць маладых паэтаў і дзесяць празаікаў, чые творы прызнаюцца найлепшымі, далучаюцца да новай літаратурнай плыні. Як у далейшым складуцца іх творчыя лёсы — пакажа ўсёведны час. Але тое, што моладзь прыхільная да літаратуры, — справы, скажу, далёка не грашовай, — адназначна. Цешыць гэты шчыры інтарэс.

Вызначаць найбольш адораных аўтараў дапамагаюць шматлікія літаратурныя гурткі, створаныя ў сталіцы і ў райцэнтрах пры бібліятэках, рэдакцыях газет. Яны працуюць пры падтрымцы абласных аддзяленняў, якія садзейнічаюць выхаду першых кніг. У Мінскім гарадскім аддзяленні наогул на працягу многіх гадоў выдаецца серыя «Маладыя галасы». Так адшукваюцца і росцяцца таленты, якія ў далейшым папаўняюць пісьменніцкую арганізацыю.

— Саюз пісьменнікаў Беларусі, наколькі вядома, адкрытая і для замежных аўтараў арганізацыя. Раскажыце пра міжнародныя кантакты літаратараў СПБ.

— Адкрытасцю нашага Саюза карыстаюцца многія знакамітыя замежныя аўтары. Яны лічаць для сябе гэта вельмі пачэсным. Як і мы, у сваю чаргу, радуемся іх актыўнай прапагандзе беларускай літаратуры за мяжой. Больш за тое, гэтыя людзі шмат расказваюць, пішуць пра нашу краіну, што дапамагае народам бліжэй пазнаваць і разумець адзін аднаго. Вялікую актыўнасць у гэтым плане праяўляюць Андрэй Разін (Расія), Керымхан Умаханаў (Расія, Дагестан), Святлана Ананьева (Казахстан), Юрый Іваноў (Малдова).

Акрамя таго, Саюзам пісьменнікаў Беларусі заключана больш за 40 дамоў з рознымі замежнымі пісьменніцкімі арганізацыямі, творчымі Саюзамі. СПБ сузаснавальнік Саюза пісьменнікаў Саюзнай дзяржавы.

Літаратурнае сяброўства — вялікая дыпламатыя!

— А як, на ваш погляд, у Беларусі цяпер ідуць справы з кнігамі і кнігавыданнем?

— Кніга ў пашане і ў беларусаў. Аб гэтым сведчаць такія маштабныя дзяржаўныя святы, як Мінская міжнародная кніжная выстаўка-кірмаш, Дзень беларускага пісьменства. Але мы не можам сказаць, што з кнігай у нас усё добра. Пісьменнікі выдаюць свае творы за смешныя ганарары, пражыць за якія проста немагчыма. Таму вымушаны зарабляць сабе на хлеб іншай прафесіяй, знаходзячы вольны для творчасці час у прамежках з асноўнай работай.

Кнігі з-за мяжы, у прыватнасці расійскія, каштуюць нярэдка значна танней за беларускія. Прапанова Саюза пісьменнікаў перагледзець падатковую сістэму на карысць айчынных выданняў, застаецца непачутая. А гэта непасрэдна звязана з цяжкасцямі продажу кніг, адпаведна са складаным фінансавым становішчам выдавецтваў. І з такой няпростай для пісьменніка праблемай: дзе выдацца?

— Саюз пісьменнікаў Беларусі вядомы сваёй твёрдай пазіцыяй па многіх пытаннях. І ў вас, паважаны Мікалай Іванавіч, ёсць вялікі вопыт у многім іх станоўчага вырашэння.

— Безумоўна, будзем праяўляць настойлівасць і надалей, каб тое, што хвалюе пісьменнікаў, вырашалася. Галоўная сутнасць нашых памкненняў — фарміраваць нацыянальную самасвядомасць беларусаў, тую, якая адпавядае нашым традыцыйным, вывераным часам каштоўнасцям.

І вельмі важна, што ў гэтым кірунку маем падтрымку з боку Адміністрацыі Прэзідэнта Рэспублікі Беларусь, міністэрстваў інфармацыі і культуры, кіраўніцтва аблвыканкамаў. Летась, напрыклад, плённа прайшоў пленум Саюза пісьменнікаў Саюзнай дзяржавы дзякуючы выдатнай арганізацыі мерапрыемства з боку Магілёўскага аблвыканкама. Саюз пісьменнікаў у добрым кантакце і з іншымі міністэрствамі, установамі, грамадскімі арганізацыямі, у прыватнасці з БРСМ. Шануем сяброўства з музеямі, бібліятэкамі, школамі, навучальнымі ўстановамі. Арганізаваныя супольна мерапрыемствы прыносяць заўсёды вельмі станоўчы вынік.

Спадзяёмся, што і зараз знойдзе водгук шэраг прапаноў, звязаных з арганізацыяй у Доме літаратара дыскусійнага клуба з удзелам моладзі, аднаўленнем спецыяльных стыпендый для маладых літаратараў. Мяркуем праводзіць больш конкурсаў патрыятычнага кірунку, у тым ліку і міжнародных. Большую ўвагу аддадзім дзіцячай літаратуры і чытанню, асабліва на роднай мове.

Не трацім надзеі і на добраўпарадкаванне Парку пісьменнікаў. Як вядома, унікальны аб'ект — Парк пісьменнікаў, створаны нашым Саюзам, размясціўся ў зялёнай зоне побач з Нацыянальнай бібліятэкай Беларусі. І калі там з'явіцца спецыяльная пляцоўка для выступленняў, а гарадскія ўлады гэта абяцаюць, то творчыя сустрэчы пісьменнікаў, аўтограф-сесіі, літаратурныя вечарыны, дні паэзіі, дэманстрацыі спектакляў, конкурсы сярод чытальнікаў — усё гэта зробіць наш парк прывабным месцам адпачынку для мінчан і гасцей сталіцы.

— Мікалай Іванавіч, а што вы можаце сказаць пра сваю каманду?

— У ёй працуюць вельмі захопленыя сваёй справай людзі і вельмі арганізаваныя. Асабістую творчасць ім даводзіцца сумяшчасць з безліччу грамадскіх спраў. Калі праводзяцца культурныя мерапрыемствы, рабочы дзень можа доўжыцца да позняга вечара.

Я дзякую ўсім, з кім маю даўняе супрацоўніцтва, — сваім намеснікам, старшыням абласных аддзяленняў, наогул усёй пісьменніцкай грамадзе, шматлікім нашым сябрам за прыхільнасць да Саюза і за шчырае жаданне дарыць людзям радасць добрага слова.

Жадаю ўсім шчаслівага Новага года! Давайце аб'ядноўваць намаганні, каб мацавалася родная Беларусь!

— А чым асабіста пісьменнік Мікалай Чаргінец парадуе чытача?

— Напісаны новы раман. Лёс яго героя вельмі пакручасты. Засталося высветліць, якое выдавецтва возьмецца за выданне.

Марыя ЛІПЕНЬ

"Звязда"