ЗА ПЛЁННАЕ СУПРАЦОЎНІЦТВА НА НІВЕ ЛІТАРАТУРЫ І КУЛЬТУРЫ


Праўленне Саюза пісьменнікаў Украіны аб’явіла падзяку Гомельскаму абласному аддзяленню ГА “Саюз пісьменнікаў Беларусі”

16.12.2020                                                         Новости


Праўленне Саюза пісьменнікаў Украіны аб’явіла падзяку Гомельскаму абласному аддзяленню ГА “Саюз пісьменнікаў Беларусі”.

Пісьменнікі Гомельшчыны заўсёды падтрымлівалі цёплыя творчыя сувязі паміж літаратарамі і пісьменніцкімі арганізацыямі з Чарнігаўскай, Сумской, Кіеўскай і іншых абласцей Украіны, запрашалі адзін аднаго на літаратурныя творчыя сустрэчы і фестывалі, дзяліліся навінкамі літаратуры. Плённым было творчае супрацоўніцтва Гомельскага абласнога аддзялення ГА “Саюз пісьменнікаў Беларусі” з літаратурнымі структурамі Украіны і ў апошнія гады: беларускія і ўкраінскія творцы выдавалі разам паэтычныя і празаічныя зборнікі, прысвечаныя знакавым датам у гісторыі нашых народаў, перакладалі лепшыя творы сучасных пісьменнікаў на свае родныя мовы, друкавалі падборкі вершаў у выдаваемых літаратурных альманахах. Актыўны ўдзел мясцовыя аўтары, напрыклад, з Чарнігаўскай вобласці, прымалі ў першым міжнародным злёце літаратурных аб’яднанняў і аматараў мастацкай творчасці Беларусі, Расіі і Украіны, які ладзіўся па ініцыятыве беларускага боку ў Гомелі ў верасні 2019-га. Гомельская абласная пісьменніцкая арганізацыя падтрымлівае ўкраінскіх літаратараў, якія  пражываюць на Украіне і адначасова з’яўляюцца членамі Саюза пісьменнікаў Беларусі. Так, Лілія Чарненка-Бандарэвіч – беларуска, але амаль усё сваё свядомае жыццё пражыла на Чарнігаўшчыне, і як выдатны празаік, чалавек, які піша і па-беларуску, і па-ўкраінску, спрыяе развіццю культурнаму абмену паміж беларускім і ўкраінскім народам, была прынята ў Саюз пісьменнікаў нашай краіны і з таго часу цесна кантактуе з землякамі – Гомельскім аддзяленнем СПБ. У сваю чаргу пісьменніцкая арганізацыя Гомельшчыны спрыяе папулярызацыі яе творчасці на малой радзіме, друкуе новыя творы паэтэсы і празаіка ў альманаху, у веб-фармаце арганізоўвае прэзентацыі яе цікавых кніг.

Карацей кажучы, такія кантакты, творчыя стасункі – не адзінкавыя.  Не выпадкова Саюз пісьменнікаў Украіны з нагоды 15-годдзя дзейнасці Саюза пісьменнікаў Беларусі  прыняў рашэнне аб аб’яўленні Падзякі абласному аддзяленню і пісьменнікам-палешукам за шматгадовую сумесную працу на карысць беларускай і украінскай літаратур у межах сумесных міжнародных праектаў.

Прэс-служба Гомельскага абласнога аддзялення ГА “Саюз пісьменнікаў Беларусі”