ЛЁС ВЕТЭРАНА І ПАЛЕСКАЙ ВЁСКІ


Дакументальную аповесць “Дарога даўжынёю ў жыццё” выдаў  член Гомельскага абласнога аддзялення ГА “Саюз пісьменнікаў Беларусі” Аляксей Сазанчук

18.12.2020                                                         Новости


Дакументальную аповесць “Дарога даўжынёю ў жыццё” выдаў  член Гомельскага абласнога аддзялення ГА “Саюз пісьменнікаў Беларусі” Аляксей Сазанчук. 

У новай кнізе з аднайменнай назвай (выдадзена КУП “Рэдакцыя газеты “Гомельская праўда”, 2020) пісьменнік-краязнаўца апавядае пра жыццёвы шлях ветэрана Вялікай Айчыннай вайны, гамяльчаніна Аляксея Галавацкага.

Аляксей Галавацкі быў кулямётчыкам у адным са злучэнняў партызанскіх атрадаў, якія змагаліся з фашыстамі пад камандваннем генерала-маёра Аляксандра Сабурава, удзельнічаў у ліквідацыі банд-фарміраванняў у Заходняй Украіне, у складзе І Беларускага фронту дайшоў да Берліна. Воін узнагароджаны ордэнамі Чырвонай Зоркі,  Айчыннай вайны, медалямі “За перамогу над Германіяй”, “Партызану Беларусі”. Пасля ваеннага ліхалецця аднаўляў мірнае жыццё ў роднай вёсцы, а яшчэ нямала прыйшлося перажыць з-за чарнобыльскай бяды. Больш трыццаці гадоў ветэран жыве ў абласным цэнтры, вядзе актыўную грамадскую дзейнасць па патрыятычнаму выхаванню моладзі. А яшчэ — няблага малюе акварэллю, адлюстроўвае фарбамі тое, што сам перажыў у гады Вялікай Айчыннай вайны.

Аднойчы жыццёвыя шляхі звялі разам двух землякоў — ветэрана і пісьменніка-краязнаўцу ў роднай вёсцы Кіраў (Нараўлянскі раён), з таго часу завязалася іх сяброўства і творчае супрацоўніцтва. Найперш, разам у Нараўлянскім краязнаўчым музеі арганізавалі выставу “Вайна ў лёсе Аляксея Галавацкага”, а потым распачалі працу над кнігай успамінаў.

У выніку іх апрацоўкі і атрыманых звестак з мазырскага архіва, дзе шчыра папрацаваў аўтар, нарадзілася новая дакументальная аповесць. Аляксей Сазанчук у новым выданні шырока паказвае і жыццё роднай для яго і яго героя вёскі Кіраў, вядзе размову пра лёс многіх пакаленняў землякоў, для якіх словы “патрыятызм”, “братэства”, “славянская еднасць” – не проста словы. Напісанае дапаўнялі не толькі рэдкія фотаздымкі, але і акварэльныя малюнкі ветэрана вайны. І ўсё разам было скарыстана пры выданні кнігі. Атрымалася – пазнавальна і цікава.

Дарэчы, новая кніга не выпадкова была прэзентавана ў Савецкім раёне горада Гомеля і першы экзэмпляр быў перададзены ў Музей гісторыі гэтага раёна горада над Сожам. Па-першае, менавіта ў гэтым раёне жыве і праводзіць актыўную патрыятычную работу 95-гадовы ветэран вайны Аляксей Галавацкі. А па-другое, яна і выдадзена дзякуючы фінансавай дапамозе раённай арганізацыі ГА “Белая Русь”.

Надта хораша прымалі героя кнігі ветэрана вайны Аляксея Галавацкага і яе аўтара, пісьменніка-краязнаўцу Аляксея Сазанчука на малой радзіме, у аграгарадку Кіраў. Землякі цёпла сустрэлі новую кнігу і абодвум былі ўдзячны за захаванне памяці аб той страшнай вайне,  пражытым імі ў пасляваенны час і расповяд пра сённяшні дзень населенага пункта, які адрадзіўся, выстаяў і жыве, будзе жыць, нягледзячы на цяжкія наступствы жудаснай экалагічнай катастрофы. 

А яшчэ аўтар і шаноўны ветэран прызналіся: сумесную працу не спыняюць, у чарговай кнізе плануюць падрабязна паказаць, як на жыцці вызваліцеляў, у тым ліку і Аляксея Галавацкага, адбіўся распад Савецкай краіны і  як на іх вачах адбылося станаўленне суверэннай, незалежнай дзяржавы – Рэспублікі Беларусь.

Улад ПРЫАЗЁРНЫ

Фотаздымкі газеты “Савецкі раён”