Дыялог працягваецца


Людміла Кебіч, Ганна Скаржынская-Савіцкая і Дзмітрый Радзівончык правялі творчыя сустрэчы з бібліятэкарамі Гродзеншчыны

21.12.2020                                                         Новости


Ва ўмовах кавідных абмежаванняў адным з нешматлікіх відаў непасрэдных сустрэч пісьменнікаў Гродзеншчыны з аматарамі літаратуры сталі выступленні нашых калег перад бібліятэкарамі вобласці. Некалькі такіх сустрэч адбыліся ў снежні 2020 года. 

Як паведамлялася раней, сустрэчы пісьменнікаў і бібліятэкараў у горадзе над Нёманам не маглі не стаць добрай традыцыяй. Інакш працу тых і другіх наўрад ці можна было б назваць добрасумленнай, паўнавартаснай, эфектыўнай. Мэты ў нас агульныя – несці святло ў душы людзей, абуджаць пачуцці, актывізаваць мысленне, рабіць навакольны свет больш адухоўленым і гарманічным. Пляцоўкай для такіх каштоўных сустрэч з'яўляецца аддзяленне павышэння кваліфікацыі і перападрыхтоўкі кадраў устаноў культуры і мастацтва УА «Гродзенскі дзяржаўны каледж мастацтваў» (загадчык Наталля Уладзіміраўна Навумава). 

16 снежня 2020 года прадстаўнікам бібліятэчнай галіны ўсіх сямнаццаці раёнаў Гродзенскай вобласці пашчасціла ў офлайн-фармаце (які з-за пандэміі ў пэўным сэнсе становіцца экзотыкай) сустрэцца са старшынёй Гродзенскага абласнога аддзялення Саюза пісьменнікаў Беларусі, паэтэсай Людмілай Антонаўнай Кебіч і вядомай дзіцячай пісьменніцай Ганнай Скаржынскай-Савіцкай (на здымках). Госці з раёнаў мелі магчымасць асабіста пазнаёміцца з дасведчанымі творцамі, паўдзельнічаць у шчырай сяброўскай размове пра тое, што натхняе, што турбуе сучаснага беларускага пісьменніка, што складае яго будні, як дасягаюцца поспех, запатрабаванасць чытачом і ці ёсць розніца паміж двума гэтымі паняццямі. У мэтах эпідэмічнай бяспекі – для захавання сацыяльнай дыстанцыі  арганізатарамі сустрэчы была наладжана і анлайн-сувязь: аўдыторыя слухачоў размяшчалася ў двух памяшканнях, у адно з якіх вялася відэатрансляцыя. 

Ад Людмілы Антонаўны слухачы курсаў атрымалі цікавыя, актуальные веды пра сучаснае літаратурнае жыццё Прынёманскага краю і некаторыя асаблівасці творчага працэсу ў айчынным мастацтве слова. Ганна Іосіфаўна пазнаёміла прысутных з некаторымі этапамі сваёй творчасці і падзялілася сакрэтамі майстэрства дзіцячага пісьменніка. Пісьменніцамі былі прачытаны ўласныя паэтычныя і празаічныя творы. Адбыліся прэзентацыі кніг выступоўцаў, якія, дарэчы, усім жадаючым можна было набыць з аўтарскім аўтографам на памяць.  

 

*** 

А тыднем раней, 9 снежня ў аддзяленні павышэння кваліфікацыі і перападрыхтоўкі работнікаў культуры перад бібліятэкарамі Гродзенскай вобласці выступіў Дзмітрый Радзівончык (на здымках). Падчас сустрэчы былі закрануты тэмы папулярызацыі літаратуры і літаратурнай творчасці, ролі пісьменніка ў жыцці грамадства. Гродзенскі паэт, публіцыст распавёў слухачам пра міжнародныя літаратурныя праекты абласнога аддзялення СПБ, выступіў з прэзентацыяй адкрытых грамадска-асветніцкіх праектаў, ініцыяваных абласной пісьменніцкай арганізацыяй, а таксама запрасіў усіх жадаючых да супрацоўніцтва з ёй. У другой частцы сустрэчы Дзмітрый Мікалаевіч прэзентаваў свае кнігі, што ўбачылі свет у розныя гады. І, вядома, у аўтарскім выкананні прагучала паэзія. 

Традыцыйныя сяброўскія сустрэчы бібліятэкараў і літаратараў Гродзеншчыны дэманструюць зацікаўленасць абодвух бакоў і абавязкова прынясуць узаемную карысць. Яны пазітыўна ўплываюць на стаўленне людзей да абранай справы, пашыраюць іх кругагляд, а таксама натхняюць пісьменнікаў, спрыяюць папулярызацыі іх твораў. Больш таго, такія чалавечыя кантакты прафесіяналаў, майстроў сваёй справы з'яўляюцца элементамі змястоўнага грамадзянскага дыялогу і, безумоўна, будуць працягвацца. 

Прэс-служба Гродзенскага абласнога аддзялення СПБ