ЗАСЛУЖАНАЯ ЎЗНАГАРОДА


Паэт, публіцыст Георгій Кісялёў з Ваўкавыска стаў лаўрэатам Прэміі імя А.І.Дубко за дасягненні ў галіне культуры і мастацтва ў намінацыі «Пісьменнік года»

15.01.2021                                                         Новости


13 студзеня ў Гродне па традыцыі адбылася ўрачыстая цырымонія ўручэння Прэміі імя А. І. Дубко за дасягненні ў галіне культуры і мастацтва. Лаўрэатам галоўнай абласной узнагароды ў намінацыі “Пісьменнік года” стаў наш калега па Саюзе пісьменнікаў Беларусі, паэт, публіцыст Георгій Кісялёў (Ваўкавыск).

На сцэне залы Гродзенскай абласной філармоніі з рук старшыні Гродзенскага аблвыканкама Уладзіміра Сцяпанавіча Караніка і ўдавы Аляксандра Дубко, Эмы Нікіфараўны сёлета ўзнагароды атрымалі 14 прадстаўнікоў творчых прафесій. Сярод іх лепшыя ў мінулым 2020 годзе мастак, музыкант, артыст, бібліятэкар, народны майстар, выкладчык і іншыя. Высокай узнагароды і ганаровага тытула Георгій Іванавіч Кісялёў удастоены за кнігу Первая олимпийская чемпионка из Гродно пра славутую гімнастку Алену Валчэцкую.

Гэта ўжо другое выданне з тэматычнай серыі “Зоркі Гродзенскага спорту”, аўтары якой становяцца лаўрэатамі Прэміі імя А. І. Дубко. Нагадаем, што серыя “Зоркі Гродзенскага спорту” ініцыявана кіраўніком прадстаўніцтва Нацыянальнага алімпійскага камітэта па Гродзенскай вобласці Аляксандрам Мікалаевічам Курловічам у 2015 годзе і на сённяшні дзень з'яўляецца сумесным праектам спартыўных арганізацый Прынёмання і Гродзенскага абласнога аддзялення Саюза пісьменнікаў Беларусі. Праект рэалізуецца пры падтрымцы спонсараў і абласных улад. 

Цікава, што ў спісе творчых прафесій, прадстаўнікі якіх штогод узнагароджваюцца дзяржавай за ўклад у працяг багатых культурных традыцый і духоўнае развіццё нашага грамадства, толькі прафесіі пісьменнік у Беларусі афіцыйна не існуе. Тэарэтычна атрымаць такую ўзнагароду ў пісьменніка-адзіночкі, які не знаходзіцца ў шэрагах якіх-небудзь пісьменніцкіх саюзаў, шанцаў вельмі мала. Выснова напрошваецца сама сабой. Адсутнасць афіцыйнага статусу ў прафесіі пісьменнік не толькі ў святы, не толькі з нейкай нагоды, адсутнасць свабоднай канкурэнцыі не ідуць на карысць усёй галіне. Як бачыце, сённяшні дзень няўмольна ставіць перад намі вострыя пытанні, адказ на якія варта шукаць не за ўрачыстым пафасам і святочнай атмасферай, а ў параўнальным аналізе мінулага і сучаснасці, у плённых працоўных буднях, у імкненні палепшыць наша жыццё, зрабіўшы яго больш змястоўным, лагічным і гарманічным.      

Мы сардэчна віншуем пісьменніка Георгія Іванавіча Кісялёва з заслужанай узнагародай, Прэміяй імя А. І. Дубко за дасягненні ў галіне культуры і мастацтва, шчыра жадаем нашаму калегу здароўя, невычэрпнай творчай энергіі, шмат новых здзяйсненняў на карысць нашага агульнага дома, Рэспублікі Беларусь і яе народа.

Прэс-служба Гродзенскага абласнога аддзялення СПБ

 

Больше новостей читайте в нашем телеграм-канале Союз писателей Беларуси