У свеце кніг Анатоля Бярнацкага


Прэзентацыя бібліяграфічнага паказальніка па надзвычай багатай творчасці Анатоля Бярнацкага прайшла ў Брэсцкай гарадской бібліятэцы імя А.С. Пушкіна

03.02.2021                                                         Новости


Прэзентацыя бібліяграфічнага паказальніка па надзвычай багатай творчасці Анатоля Бярнацкага прайшла ў Брэсцкай гарадской бібліятэцы імя А.С. Пушкіна і была прымеркавана да 65-годдзя пісьменніка. Яе вядучай стала Наталля Арцемчык.

Анатоль Бярнацкі – пісьменнік, публіцыст, адзін з самых выдаваемых у Расіі беларускіх аўтараў, у творчай скарбонцы якога – больш як 80 кніг пазнавальнага і прыкладнога характару. І ўсе яны занялі свае месцы ў паказальніку, які склала, глыбока даследаваўшы жыццёвы шлях і творчасць пісьменніка, загадчык інфармацыйна-бібліяграфічнага аддзела бібліятэкі Жанна Юркевіч. Таксама, дзякуючы яе працы, ў чытачоў цяпер ёсць магчымасць пазнаёміцца з відэа-прэзентацыяй усіх кніг Анатоля Бярнацкага.

З нагоды юбілею творцы сваё відэавіншаванне даслалі Бярозаўская і Лунінецкая раённыя бібліятэкі, падзякаваўшы яму за вялікую працу і пажадаўшы здароўя. Бібліятэкары шмат гаварылі аб запатрабаванасці кніг Анатоля Бярнацкага сярод чытачоў. Акрамя таго, да мерапрыемства падключыліся школьныя бібліятэкі Ленінскага раёна Брэста.

Старшыня Брэсцкага абласнога аддзялення Саюза пісьменнікаў Беларусі Таццяна Дземідовіч падкрэсліла, што Анатоль Бярнацкі працуе ў незвычайным жанры. Ён папулярызуе навуку, у займальнай, даступнай для чытача форме расказвае пра складаныя тэмы з гісторыі, біялогіі, філасофіі, астраноміі, умее зацікаўліваць чытача, дапамагае ўзбагаціцца ведамі.

Сёння жыццё чалавека перапоўненая інфармацыяй, і ў гэтым інфармацыйным патоку вельмі цяжка знайсці патрэбнае і галоўнае. Кнігі Анатоля Бярнацкага дапамагаюць засяродзіцца на важным, сістэматызаваць атрыманыя веды.

Таццяна Анатольеўна таксама падкрэсліла, што аўтар узнагароджаны граматай “Саюза пісьменнікаў Беларусі” за вялікі ўклад у літаратуру, актыўны ўдзел у грамадска-культурным жыцці і ў сувязі з 65-годдзем.

Выкладчыца гісторыі Брэсцкага дзяржаўнага каледжа сувязі Наталля Байдакова падкрэсліла, што кнігі Анатоля Бярнацкага выклікаюць жывую цікавасць у настаўнікаў і навучэнцаў. Яны ўтрымліваюць цікавыя факты, здагадкі, пашыраюць кругагляд чытача. Яна падзялілася сваімі ўражаннямі аб прачытаным і пажадала пісьменніку далейшых поспехаў.

“Дзівосны, загадкавы і неверагодны свет кніг Анатоля Бярнацкага” гатовы прыняць у сябе кожнага! Менавіта такую назву носіць бібліяграфічны паказальнік. Спяшайцеся ў падарожжа! Не пашкадуеце!

Настасся НАРЭЙКА