Землякі Івана ШАМЯКІНА хораша адзначылі 100-годдзе класіка беларускай літаратуры


Землякі Івана ШАМЯКІНА хораша адзначылі 100-годдзе класіка беларускай літаратуры

04.02.2021                                                         Новости


На Добрушчыне прайшлі ўрачыстасці з нагоды векавога юбілею народнага пісьменніка Беларусі Івана Пятровіча Шамякіна. Разам з дарослымі і юнымі землякамі слыннага майстра слова знакавую дату прыехалі адзначыць пісьменнікі Гомельскага абласнога аддзялення ГА “Саюз пісьменнікаў Беларусі” на чале са старшынёй аддзялення, празаікам і публіцыстам Уладзімірам Гаўрыловічам. Сярод ганаровых гасцей - кіраўнікі абласной універсальнай бібліятэкі і раённых грамадскіх аб’яднанняў.

Святочныя мерапрыемствы ў распачаліся з самага ранку у раённым краязнаўчым музеі старажытнага Добруша: госці і жыхары краю азнаёміліся з экспазіцыяй, прысвечанай славутаму земляку. Навуковыя супрацоўнікі музейнай установы прадставілі імправізаваны рабочы кабінет Івана Пятровіча – яго кнігі, падораныя дабрушанам у розны час, машынку, на якой друкаваліся радкі шматлікіх твораў класіка. Шчырымі згадкамі з гасцямі падзяліліся старшыня раённай ветэранскай арганізацыі Аляксандр Старацітараў, член абласнога савета ветэранаў педагагічнай працы Валянціна Бондарава і многія іншыя землякі.

А ў аграгарадку Карма, дзе і нарадзіўся Іван Шамякін, як гасцей, так і жыхароў паселішча ля мемарыяльнага бюста Івану Шамякіну, устаноўленага каля будынка Дома культуры, сустракала незвычайная ганаровая варта: вучні Кармянскай сярэдняй школы трымалі ў руках самыя вядомыя выданні класіка беларускай літаратуры. Яны ж чыталі вершы-прысвячэнні свайму вядомаму земляку, а  намеснік старшыні Добрушскага райвыканкама Руслан Сікорскі згадаў пра значны ўклад Івана Шамякіна ў нацыянальную і сусветную літаратуру. Затым прысутныя ўсклалі кветкі да скульптуры з выявай пісьменніка.

Юбілейныя ўрачыстасці былі прадоўжаны ў Кармянскай сельскай бібліятэцы, якая ўдо 5 гадоў носіць імя Івана Шамякіна. Тут на пастаяннай аснове працуе выстава, прысвечаная жыццю і творчасці пісьменніка. Уражвае шматлікая колькасць фотаматэрыялаў, кніг з аўтографамі літаратара-земляка, а таксама сяброў і паплечнікаў Шамякіна па літаратурным цэху…

Багацце добрушскай зямлі месцічы пастараліся паказаць яшчэ на адной выставе – народнай творчасці. Свае вырабы з бяросты, саломкі і дрэва таленавітыя палешукі таксама прысвяцілі юбілею земляка. А гэта яшчэ раз сведчаць аб сапраўднай любові і павазе да Івана Пятровіча.

Тым часам у зале сельскага Дома культуры на працягу дзвюх гадзін ладзілася змястоўная імірэза – святочная вечарына “Таленавіты сын добрушскага краю”.

– Няма сумнення, што імя пісьменніка захаваецца ў памяці нашчадкаў, бо зробленае ім значна ўзбагаціла скарбніцу не толькі нацыянальнай, але і сусветнай культуры, – пра гэта ў сваіх выступленнях ад імя кіраўніцтва раёна адзначалі начальнік аддзела ідэалагічнай работы Добрушскага райвыканкама Алена Раздуева і дырэктар абласной універсальнай бібліятэкі імя У.І. Леніна Марына Рафеева.

У сваю чаргу, старшыня Гомельскага абласнога аддзялення Саюза пісьменнікаў Беларусі Уладзімір Гаўрыловіч, падкрэсліў:  “… Іван Пятровіч да самых апошніх дзён меў непарушную сувязь з роднай зямлёю. Многіх здольных маладых літаратараў – выхадцаў з Палесся, цяпер вядомых пісьменнікаў – ён падтрымліў як  добрым словам, парадай ці своечасовай публікацыяй, заўсёды з шчырым сэрцам прымаў у сябе дома землякоў, распытваў пра ўсё, што адбывалася на малой радзіме. І гэта таксама вельмі дапамагала яму адчуваць подых жыцця, каб ствараць сапраўды народныя мастацкія творы…”.  

Кіраўнік пісьменніцкай арганізацыі акцэнтаваў увагу, каб сённяшняе пакаленне не цуралася літаратуры, кнігі, нашага вялікага духоўнага багацця. Гэтага, адзначыў ён, вельмі хацеў і Іван Шамякін. Так, у адным са сваіх апошніх інтэрв’ю ён выказаў нам, сучаснікам, своеасаблівы запавет: “Каб гадавалі душы свае, не апускаліся да дробязяў у чалавечых стасунках, каб звярталіся да творчасці класікаў, чыталі іх!”

З нагоды знакавай падзеі абласная пісьменніцкая арганізацыя адзначыла ганаровымі граматамі працу па папулярызацыі кнігі і чытання Таццяну Алесіч, намесніка  дырэктара Добрушскай ЦРБ, і Антаніну Якушэнка, бібліятэкара Кармянскай сельскай бібліятэкі. За плённую творчую працу і актыўную грамадскую дзейнасць Уладзімір Гаўрыловіч уручыў памятныя медалі “Кірыла Тураўскі. Асветнік” добрушскім паэтам Міколе Ждановічу і Людміле Яськовай, а таксама прывітаў маладую паэтэсу Вольгу Астапенку, днямі прынятую ў Саюз пісьменнікаў Беларусі.

На юбілейнай вечарыне гучала шмат цёплых успамінаў аб сустрэчах з Іванам Шамякіным, прафесійныя літаратары і аматары мастацкага слова чыталі свае паэтычныя прысвячэнні класіку. А завяршылася святочна падзея ўручэннем дыпломаў пераможцам анлайн-конкурсу сярод юных чытальнікаў добрушскага краю твораў Івана Шамякіна.         

Улад ПРЫАЗЁРНЫ

Фота аўтара, газет “Добрушскі край” і “Гомельская праўда”