.dbd.jpg)
05.02.2021 Новости
Цудоўнай навіной напачатку 2021 года стаў выхад другога нумара міжнароднага літаратурнага альманаха “Брэст-Барнаул”, прэзентацыя якога адбылася ў анлайн-рэжыме і стала добрай падставай для далейшага пашырэння сяброўскіх зносін.
З прывітальным словам падчас мерапрыемства выступілі дырэктар Брэсцкай гарадской цэнтральнай бібліятэкі імя А.С. Пушкіна Святлана Гарадзецкая і загадчыца мемарыяльнай бібліятэкі імя У.М. Башунова Вольга Калбашова.
Адказны сакратар Алтайскай краявой пісьменніцкай арганізацыі “Саюз пісьменнікаў Расіі”, дырэктар Барнаульскага літаратурнага агенцтва “Неа-літ” Ганна Самойлава падкрэсліла: “У наш няпросты час вельмі важна адчуваць локаць сябра. Зборнік “Брэст-Барнаул” і стаў такім локцем, мастком, які з’яднаў два роднасныя народы. Творы, якія ўвайшлі ў зборнік, напоўнены жыццём і верай у будучыню”.
І сапраўды, магчымасць адчуць праз вялікую адлегласць настрой адзін аднаго, пачуць цікавыя аповеды, успаміны, творы ў аўтарскім выкананні, шчырыя пажаданні стала вялікай радасцю і маральнай падтрымкай для аўтараў, паяднаных творчасцю.
Падчас сустрэчы свае вершы прачыталі і падзяліліся ўражаннямі ад выдання зборніка Наталля Грыневіч і Ларыса Тарошчына (Барнаул), Ірына Морых (Брэст), паэт Барыс Бондараў распавёў пра свае беларускія карані і пра ўражанні ад наведвання Брэста, а пісьменнік Аляксандр Валковіч падзякваў алтайцам за выбітнага майстра слова Васіля Шукшына, праз творы якога мы адчуваем духоўную еднасць нашых народаў. Выйшла на сувязь і самая юная ўдзельніца творчага праекта – барнаульская школьніца Лізавета Селіванава.
Другі нумар альманаха атрымаўся разнастайным па тэматыцы. Фантастыка побач з рэальнымі гісторыямі, проза побач з паэзіяй, мінулае побач з днём сённяшнім і будучыняй, вопытныя аўтары разам з тымі, хто робіць першыя крокі.
Празаічныя старонкі з беларускага боку прадстаўлены творамі Зінаіды Дудзюк, Настассі Нарэйкі, Аляксандра Валковіча, Сяргея Белаяра, Таццяны Дземідовіч, паэтычныя – вершамі Галіны Бабарыкі, Мікалая Кавалевіча, Любові Красеўскай, Анастасіі Смілінай, Ганны Ігнацюк, Надзеі Парчук.
Ганна Самойлава пазнаёміла ўдзельнікаў прэзентацыі з творамі Вольгі Такмаковай, Алены Вазнюк, Яны Ізотавай, Аржана Салбашава, якія былі надрукаваны ў кнізе.
Традыцыйна альманах пабачыў свет адначасова ў беларускім і расійскім выдавецтвах. На працягу 2021 года кніга будзе прэзентавацца падчас літаратурных святаў і мерапрыемстваў, а пісьменнікі выказалі надзею, што агульная бібліятэчка з кожным годам будзе папаўняцца новымі выданнямі, а творчыя сувязі працягнуць мацнець.
Таццяна ДЗЕМІДОВІЧ