Гомельская бібліятэка-філіял імя Івана Мележа яднае чытачоў і творцаў


Гомельская бібліятэка-філіял імя Івана Мележа яднае чытачоў і творцаў

09.02.2021                                                         Новости


100 год з дня нараджэння народнага пісьменніка Беларусі, аўтара эпічнага цыкла «Палеская хроніка» Івана Мележа, адзначае ўся краіна. З асаблівай павагай аддаюць даніну памяці на Гомельшчыне, дзе нарадзіўся Іван Паўлавіч. Юбілейныя мерапрыемствы тут адбываюцца ў межах юбілею, а таксама Года класічнай літаратуры і чытання (прысвечаны 100-годдзю пісьменнікаў-землякоў І.Шамякіну і І. Мележу).

Нямала чытачоў з пачатку года, напрыклад, у бібліятэцы-філіяле №1 імя І.П.Мележа ДУ «Сетка публічных бібліятэк г. Гомеля». І гэта невыпадкова: у імянной бібліятэцы яе супрацоўнікі пад кіраўніцтвам ініцыятыўнай загадчыцы Ліліі Капусцінай распрацавалі цэлую праграму мерапрыемстваў, прысвечаных самаму вядомаму палешуку. І запрашаюць на свае літаратурныя дзеі ўсіх жадаючых жыхароў прылягаючых да ўстановы культуры мікрараёнаў горада над Сожам.

Асабліва шмат падзей у імянной бібліятэцы адбылося напярэдадні юбілейнай даты І.П. Мележа. Так, цікава і падзейна прайшла літаратурная праграма «Вялікае – у звычайным», якую наведалі вучні 10-х класаў ДУ «Гімназія №14 г. Гомеля».

Падчас гутаркі, якую правяла Лілія Капусціна, каля выставы «Жыццё, багатае творчасцю» яны пазнаёміліся з цікавымі фактамі з біяграфіі Івана Мележа: школьнікі даведаліся, што першае ў сваім жыцці апавяданне пісьменнік быў вымушаны пісаць левай рукой, таму што знаходзіўся ў гэты час у шпіталі ў Тбілісі. Другі цікавы факт: яшчэ да вайны ў Мележа з’явілася некалькі паэтычных публікацый, і адна з іх была падпісана «Мелеш». Сам Іван Паўлавіч растлумачыў гэта так: «Трэба разборліва пісаць сваё прозвішча пад творам». Таксама не ўсе ведалі, што вобраз свайго Глушака з «Палескай хронікі» Мележ пісаў з суседа па лецішчы.

Шмат цікавага пра асобу Івана Мележа і яго «Палескую хроніку», пра ўшанаванне памяці пісьменніка з боку грамадскасці і дзеячоў літаратуры і мастацтва расказаў госць мерапрыемства – вядомы беларускі празаік і публіцыст, лаўрэат абласных конкурса і прэміі прэміі імя І.Мележа, старшыня аддзялення грамадскага аб’яднання «Саюз пісьменнікаў Беларусі» Уладзімір Мікалаевіч Гаўрыловіч. У прыватнасці, літаратар таксама падзяліўся сваімі ўражаннямі пра першае знаёмства-прачытанне твораў Мележа, калі быў яшчэ школьнікам і як ўспрыняў раманы класіка ў сталым узросце, адзначыўшы, што кожны раз у іх адкрывае новае, што раней было другасным. «Не выключаю, што менавіта творчасць Мележа, закрануўшы ўнутраныя пачуцці мае, паклікала і мяне на літаратурную дарогу…» – адзначыў ён. Таксама творца павёў размову аб ходзе Года класічнай літаратуры і чытання на Гомельшчыне (прымеркаванага да 100-годдзя І.Шамякіна і І. Мележа), падараваў філіялу свае новыя кнігі з аўтографамі, а таксама шчыра, па-сяброўску пагутарыў з вучнямі і педагогамі гімназіі №14 пра іх захапленні і адносіны да класічнай і сучаснай літаратуры.

Пасля гутаркі вучняў чакала інтэлектуальнае кола «Мележ вядомы і невядомы» і літаратурная дэгустацыя «Кошык куранёўскіх прысмакаў».

Знаўцы творчасці Івана Мележа круцілі кола і адказвалі на пытанні сектара, які выпаў па стрэлцы. Яны расказалі, каго з герояў рамана «Людзі на балоце» пісьменнік параўноўвае з маладзенькай рабінай, якую мянушку і чаму мела Хадоська, хто ў творы быў відны хлопец, з норавам, якога паважалі і пабойваліся і інш. З задавальненнем вучні называлі і дэгуставалі стравы, якія упамінаюцца ў «Палескай хроніцы», «прыгатавалі» з дадзеных інгрыдыентаў куццю. Усе ўдзельнікі сустрэчы атрымалі ў падарунак кніжныя закладкі з цытатамі аб мове і рэцэптамі беларускіх страў.

Дарэчы, у юбілейныя дні ўдзельнікамі інтэлектуальнага кола «Мележ вядомы і невядомы» супрацоўнікі прапанаваюць стаць ўсім наведвальнікам бібліятэкі. Установа культуры таксама запрасіла на літаратурную вечарыну «Жыў лёсам людзей на балоце» членаў клуба для людзей сталага ўзросту «Чароўная муза». У ліку яе гасцей на працягу года будуць многія пісьменнікі Гомельскага абласнога аддзялення ГА «Саюз пісьменнікаў Беларусі».

Мікалай ІГНАТОВІЧ

Фота аўтара