У госці да журналістаў і пісьменнікаў


Вучні 7 і 9 класаў СШ №6 Брэста  сустрэліся са старшынёй абласной арганізацыі беларускага Саюза журналістаў, галоўным рэдактарам абласной газеты “Заря” Аляксандрам Лагвіновічам

11.02.2021                                                         Новости


Вучні 7 і 9 класаў СШ №6 Брэста разам з настаўніцай Ларысай Дарафейчук сустрэліся са старшынёй абласной арганізацыі беларускага Саюза журналістаў, галоўным рэдактарам абласной газеты “Заря” Аляксандрам Лагвіновічам.

Школьнікі пазнаёміліся з гісторыяй развіцця журналісцкай справы на Брэстчыне, унікальнымі экспанатамі музея галоўнай абласной газеты, з першымі яе нумарамі. Аляксандр Лагвіновіч спыніўся і на тым, у якіх цяжкіх умовах выдавалася “Заря” падчас Вялікай Айчынай вайны, у пасляваенныя гады, расказаў пра ветэранаў журналісцкай справы і тых, хто зараз працуе ў выданні, пра тэхнічныя навінкі, якія выкарыстоўваюцца пры вёрстцы і павялічваюць якасць працы.

Вучні пабывалі ў кабінеце галоўнага рэдактара (у падарунак яны атрымалі свежы нумар газеты “Заря”) і задалі хвалюючыя пытанні.

Асобна Аляксандр Лагвіновіч спыніўся на выдавецкай дзейнасці рэдакцыі. Сярод прадстаўленых ім выданняў была і яркая, каляровая кніга лаўрэта абласной прэміі імя У. Калесніка Георгія Тамашэвіча “Анёл над Брэстам”.

Запамінальным момантам стала наведваннне студыі БУГ-ТВ і знаёмства з  галоўным рэдактарам Ларысай Асмаловіч, якая прапанавала вучням пасядзець за сталом вядучага, паглыбіцца ў творчую атмасферу работнікаў тэлебачання.

Завяршальнай часткай экскурсіі стаў візіт у офіс Брэсцкага абласнога аддзялення Саюза пісьменнікаў Беларусі. Старшыня аддзялення Таццяна Дземідовіч пазнаёміла школьнікаў з кніжнымі навінкамі берасцейскіх аўтараў, анансавала будучыя важныя мерапрыемствы, запрасіла да ўдзелу ў конкурсах і на заняткі Школы маладога літаратара ўсіх тых, хто спрабуе пісаць.

Таццяна Дземідовіч падкрэсліла, што многія паэты і празаікі Брэсцкага абласнога аддзялення з’яўляюцца прафесійнымі журналістамі, працавалі і працуюць у рэдакцыях рэгіянальных газет. Гэта – Георгій Тамашэвіч, Анатоль і Расціслаў Бензярукі, Аляксандр Валковіч, Настасся Нарэйка, Зінаіда Дудзюк, Таццяна Канапацкая, Анатоль Крэйдзіч, Ніна Гарагляд, Мікола Панасюк, Мікола Антаноўскі, Віктар Рэчыц, Валерый Грышкавец, Вячаслаў Бурдыка…

Дзякуючы іх намаганням з даўніх часоў выходзяць літаратурныя старонкі, працуюць пры рэдакцыях і бібліятэках літаратурныя гурткі, выдаюцца калектыўныя літаратурныя зборнікі.

Прэс-служба Брэсцкага абласнога аддзялення СПБ