УШАНАВАЛІ ПАМЯЦЬ АЛЯКСАНДРА КАПУСЦІНА


Уручана абласная літаратурная прэмія імя Аляксандра Капусціна

17.02.2021                                                          Новости


У Жлобіне ў дзень памяці беларускага пісьменніка, удзельніка Вялікай Айчыннай вайны, ганаровага грамадзяніна г. Жлобіна Аляксандра Капусціна (1924–1996) адбылася вечарына “Ад сэрца да сэрца”.

У межах праводзімых у цэнтральнай раённай бібліятэцы імя Н.К. Крупскай традыцыйных Капусцінскіх чытанняў, у час якіх слыннага сына Жлобіншчыны цёпла згадвалі родныя і блізкія, прадстаўнікі ўлады, супрацоўнікі бібліятэк, журналісты і педагогі, вучні школ райцэнтра, адбылося і ўручэнне штогодняй памятнай узнагароды – абласной літаратурнай прэміі імя Аляксандра Капусціна.

Яе заснавальнікі – Жлобінскі раённы выканаўчы камітэт і Гомельскае абласное аддзяленне ГА “Саюз пісьменнікаў Беларусі” – сёлета прызналі уладальнікам прэміі маладую мясцовую паэтэсу, журналіста раённай газеты “Новы дзень” Юлію Андросаву. Пад цёплыя апладысменты землякоў па даручэнні заснавальнікаў прэміі дыплом лаўрэата абласной літаратурнай прэміі Юліі Андросавай уручыла намеснік старшыні Жлобінскага райвыканкама Валянціна Няхай.

Мікалай ІГНАТОВІЧ

На здымку: у час Капусцінскіх чытанняў і ўручэння імянной прэміі; фота газеты “Новы дзень”.