КАЛІ КНІГА АБ’ЯДНОЎВАЕ: пісьменнікі Гомельшчыны прынялі актыўны ўдзел у Міжнароднай кніжнай выставе ў Мінску


Пісьменнікі Гомельшчыны прынялі актыўны ўдзел у Міжнароднай кніжнай выставе ў Мінску

23.02.2021                                                          Новости


19 лютага пісьменнікі Гомельскага абласнога аддзялення на чале з Уладзімірам Гаўрыловічам прынялі актыўны ўдзел у 18 Міжнароднай кніжнай выставе-кірмашы.

Найперш, палескія літаратары паўдзельнічалі ў працы сімпозіума “Пісьменнік і час”, які сабраў творцаў з усяго свету, нягледзячы на выпрабаванні бягучага дня і часу. Кніга аб’ядноўвала і будзе аб’ядноўваць людзей надалей – гэта асноўны вынік яго працы, такі пасыл шматлікіх выступленняў удзельнікаў сімпозіуму, пісьменнікаў з розных краін чытачам сённяшнім і будучым.

Сваё ж слова літаратары Палесся сказалі а 13-ай гадзіне на нацыянальнай пляцоўцы вялікага кніжнага свята: выступілі з літаратурна-музычнай праграмай “З глыбінь жыватворных, палескіх…”. У кампазіцыі прынялі ўдзел пісьменнікі - лаўрэаты абласной літаратурнай прэміі імя Кірылы Тураўскага 2020 года, а таксама пераможцы міжнародных, рэспубліканскіх, абласных літаратурных конкурсаў.

– 1 студзеня на Гомельшчыне стартаваў Год класічнай літаратуры і чытання. У яго межах праходзяць шматлікія мерапрыемствы, прысвечаныя 100-годдзю нашых славутых землякоў, народных пісьменнікаў Беларусі І. Шамякіна і І.Мележа. Шырока на малой радзіме класікаў і па ўсёй вобласці прайшлі юбілейныя ўрачыстасці ў студзені і лютым, – адзначыў на пачатку літаратурна-музычнай кампазіцыі старшыня Гомельскага абласнога аддзялення ГА “Саюз пісьменнікаў Беларусі” Уладзімір Гаўрыловіч.

Кіраўнік пісьменніцкай арганізацыі агучыў просьбу жыхароў аграгарадка Карма Добрушскага раёна і аграгарадка Глінішчы Хойнікскага раёна. У дні святкавання юбілеяў землякі народных пісьменнікаў краіны прасілі перадаць усім беларусам, жыхарам нашай сінявокай краіны пажаданне: заўсёды любіць кнігі, шанававаць мастацкае слова, берагчы родную Беларусь! А таксама, нягледзячы ні на што, не забывацца, што мы – багатая на сваю культуру і традыцыі, вельмі песенная нацыя.

На практыцы, у дачыненні да захавання і развіцця песенных традыцый, гэта даказаў лаўрэат шматлікіх конкурсаў, аўтар-выканаўца і кампазітар Віктар Задарожны, які ў час літаратурна-музычнай кампазіцыі выканаў некалькі вядомых і новых песень, створаных ім па матывах творчасці гомельскіх паэтаў Валерыя Вятошкіна, Ліліі Вялічка, Лідзіі Долбікавай і многіх іншых. А таксама нават зрабіў падарунак гасцям выставы з Азербайджана – выканаў папулярную песню “Сіняя вечнасць” аднаго з легендарных талентаў гэтай зямлі, савецкага спевака Мусліма Магамаева. З вялікай прыхільнасцю выступленне музыканта сустракалі наведвальнікі міжнароднага кніжнага форума.

А пісьменнікі аддзялення СПБ паэты Вольга Раўчанка, Лідзія Лробікава, празаікі Іна Зарэцкая і Уладзімір Гаўрыловіч тым часам прэзентавалі свае новыя кнігі, дарылі чытачам свае вершаваныя радкі і пажаданні.

Значная ўвага ў час літаратурнай сустрэчы была ўдзелена і новым выданням, якія напісаны гомельскімі творцамі і выйшлі з друку ў 2020 годзе, а новых кніг выдадзена больш 40! Іх, а таксама 18 абласны альманах “Літаратурная Гомельшчына” і 3-4 нумары новага міжнароднага альманаха “Літара” прэзентаваў мінскім чытачам і гасцям кніжнага свята Уладзімір Гаўрыловіч.

Сярод прэзентаваных выданняў на міжнароднай выставе – і кніга перакладаў на рускую мову вершаў гомельскага паэта Алеся Дуброўскага, зробленых расійскімі паэтамі Растоўскай вобласці і Краснадарскага краю. Зборнік выдадзены за ўласны кошт творцамі Няклінаўскага раёна Растоўшчыны.

У канву літаратурна-музычнай кампазіцыі былі хораша “уведзены” расповяды і пра фестывалі, якія ладзяцца на Гомельшчыне. Так, адбыліся кароткія прэзентацыі для жыхароў беларускай сталіцы і яе гасцей міжнароднага фестывалю-свята “Славянскія літаратурныя дажынкі” і абласнога літаратурнага фестывалю “На зямлі Кірылы Тураўскага”, што ў чарговы раз пройдуць у верасні на гомельскай зямлі з удзелам славянскіх літаратараў з трох краін – Беларусі, Расіі, Украіны.

Размова ішла і пра ўдзел маладых творцаў і пісьменнікаў-прафесіяналаў з усёй Беларусі ў міжнародным фестывалі моладзевай паэзіі і перакладаў “Берагі дружбы” (фестываль праводзіцца ў Растоўскай вобласці і з’яўляецца фестывалем-пабрацімам гомельскіх форумаў), і пра важнасць далейшага захавання камунікацыі паміж славянскімі творцамі.

А яшчэ гамяльчане на міжнароднай выставе правялі віктарыну “Памятаем! Шануем! Ганарымся!” (па матывах творчасці народных пісьменнікаў Беларусі Івана Шамякіна і Івана Мележа). Арганізатары ўручылі самым начытаным чытачам (на пляцоўцы, дзе выступалі палескія творцы, сабралася сапраўды шмат аматараў чытання, літаратараў і гасцей, якія прадстаўлялі іншыя краіны; сярод гасцей пляцоўкі былі і прадстаўнікі Гомельшчыны – дырэктар абласной бібліятэкі імя У.І. Леніна М. Рафеева і яе калегі са Светлагорскай райбібліятэкі) прызы за добрае веданне творчасці класікаў беларускай літаратуры.

У той жа час кіраўніцтва Гомельскага аддзялення Саюза пісьменнікаў Беларусі падрыхтавала сюрпрызы і для асобных удзельнікаў фестывальнай імпрэзы.

Так, пасля яркага выступлення Вольгі Раўчанкі (па выніках мінулага года паэтэса і перакладчыца выдала ажно 6 кніг і прэзентавала іх масаваму чытачу, за што ў студзені атрымала ганаровае званне “Пісьменнік года абласнога аддзялення Саюза пісьменнікаў Беларусі”) старшыня аддзялення пад апладысменты калег і чытачоў уручыў ёй вышэйшую ўзнагароду Гомельскага аддзялення СПБ – памятны медаль “Кірыла Тураўскі. Асветнік. За ўклад у літаратуру”.

А творчым сюрпрызам, напрыклад, для Лідзіі Долбікавай (паэтэса – лаўрэат абласнога конкурсу “Праваслаўе – мая надзея”, уладальнік медаля “Настаўнік творчай моладзі”) стала выкананне Віктарам Задарожным новай песні на яе верш.

Такім чынам, своесаблівыя творчыя падарункі ад творцаў-гамяльчан на міжнароднай кніжнай выставе-кірмашы атрымлівалі не толькі сталічныя чытачы, але і самі палескія літаратары. І гэта было ўрачыста і запамінальна для ўсіх.

Завяршылася ж выступленне гомельскіх творцаў аўтограф-сесіяй і словамі падзякі ад імя Саюза пісьменнікаў Беларусі, якія выказаў краіны спецыяліст Саюза пісьменнікаў вядомы беларускі празаік і драматург Георгій Марчук.

Пасля ж знаёмства з 11 тэматычнымі пакоямі выставы-кірмашу па абедзе пісьменнікі наведалі Дом літаратара, дзе у мемарыяльнай зале СПБ аддалі даніну павагі пісьменнікам-франтавікам.

…На наступны дзень на камунікатыўнай пляцоўцы вялікага кніжнага свята адбылося падвядзенне вынікаў новага праекта – літаратурнага стартапу LitUp. Сярод фіналістаў конкурсу і некалькі пісьменнікаў-гамяльчан – Алена Матвіенка, Юрый Максіменка і Іна Зарэцкая.

Прыемна, што аўтар празаічных твораў для дзяцей Іна Зарэцкая атрымала сертыфікат пераможцы на права выдання сваёй новай кнігі ў выдавецтве “Беларуская Энцыклапедыя імя П. Броўкі”.

Улад ПРЫАЗЁРНЫ

Фота прэс-службы Гомельскага абласнога аддзялення ГА “Саюз пісьменнікаў Беларусі”